Пра топ-10 сусветна вядомых пісменнікаў, народжаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія сёння найбольш запатрабаваныя ў сусветнай сетцы распавядае «Планета Беларусь».
Падчас падрыхтоўкі гэтага рэйтынгу рэдакцыя сутыкнуліся з амаль «крымінальнай» сітуацыяй. Справа ў тым, што чатыры гады таму ужо быў апублікаваны спіс самых вядомых і папулярных людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі.
Гэтыя дадзеныя па розных краінах і катэгорыях гістарычных асоб можна атрымаць на спецыялізаваным сайце Pantheon. Ствараецца рэйтынг на падставе цікавасці да той ці іншай персоны з боку карыстальнікаў Вікіпедыі, прычым у міжнародным маштабе, а не толькі ў яе расійска- і беларускамоўным сегментах. Адпаведна, і месца, якое займае чалавек у рэйтынгу, з часам можа змяняцца. Прыналежнасць героя да той ці іншай краіны вызначаецца паводле месца яго нараджэння.
Дык вось — чатыры гады таму агульны спіс самых вядомых людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, узначальваў паэт Адам Міцкевіч, а ў снежні 2022 года яго нават у дзясятцы самых папулярных пісьменнікаў і паэтаў не апынулася.
Як такое можа быць?
Мы праверылі дадзеныя суседніх з Беларуссю краінаў і ў адной з іх знайшлі Адама Міцкевіча. Геніяльнаму паэту, які нарадзіўся ў Завоссі пад Навагрудкам, нехта напісаў месца нараджэння Кракаў і ўключыў яго ў польскі рэйтынг. Там ён займае сёмае месца пасля Гюнтэра Граса, Януша Корчака, Станіслава Лема, Ісака Башэвіса Зінгера, Генрыха Сінкевіча і Віславы Шымборскай. Мы разумеем, што палякі, як і беларусы, таксама лічаць Адама Міцкевіча сваім нацыянальным героем. Але навошта парушаць прынцып, па якім базуецца рэйтынг на гэтым канкрэтным сайце, і змяняць месца нараджэння героя?
Дзеля цікавасці мы пашукалі нашых знакамітасцяў у іншых суседніх краінах. У літоўскім рэйтынгу на сёмым месцы апынуўся Браніслаў Тарашкевіч, на дзясятым Францішак Багушэвіч, на шаснаццатым Змітрок Бядуля, расейскі пісьменнік Мікалай Астроўскі завяршае тройку лідэраў, а ўзначальвае яе польскі паэт лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Чэслаў Мілаш..
Ва ўкраінскім рэйтынгу таксама ёсць цікавыя моманты. Наша Святлана Алексіевіч займае там ганаровае чацвёртае месца, прапусціўшы наперад Мікалая Гогаля, Міхаіла Булгакава, Джозэфа Конрада і апярэдзіўшы Тараса Шаўчэнку, Ганну Ахматаву, Лесю Украінку, Мікалая Някрасава...
Гэта адкрыццё крыху змазвае беларускі рэйтынг, які публікуем ніжэй. Але, памятаючы пра Адама Міцкевіча, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Багушэвіча, Змітрака Бядулю, Святлану Алексіевіч і іншых годных пісьменнікаў і паэтаў, мы ўсё ж падзелімся імёнамі тых людзей, якія нарадзіліся на нашай зямлі, каторыя сёння найбольш запатрабаваныя ў сусветнай сетцы.
Першае месца ў снежні 2022 года атрымаў Рышард Капушчынскі (Капусцінскі), які з’явіўся на свет у Пінску (на той момант горад уваходзіў у склад Польшчы). Рышард Капушчынскі скончыў Варшаўскі ўніверсітэт і пачаў працаваць у газеце «Знамя моладзі». Магчыма, сусветная вядомасці і не знайшла б яго, калі б у 1962 годзе Рышард Капушчынскі не стаў карэспандэнтам Польскага Агенцтва Друку.
Дом у Пінску, у якім нарадзіўся Рышард Капусцінскі
Дзякуючы гэтаму ён атрымаў рэдкую для жыхароў сацыялістычных краін магчымасць падарожнічаць па свеце, якую Рышард Капушчынскі скарыстаў спаўна, пабываўшы ў шматлікіх краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу. Ён лічыцца майстрам рэпартажу, аднак творы Рышарда Капушчынскага хутка выйшлі за межы журналістыкі і разглядаюцца як бліскучыя літаратурныя ўзоры. Вялікую папулярнасць адразу ж здабыла кніга «Імператар», прысвечаная кіраўніку Эфіопіі Хайле Селасіе, а зборнікі яго нарысаў тройчы прызнаваліся ў Польшчы кнігай года.
Янка Купала (сапраўднае імя — Іван Луцэвіч), мабыць, не мае патрэбы ў прадстаўленні.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Вязынка і паходзіў з сям’і збяднелых шляхцічаў, пра што савецкія біёграфы не любілі ўзгадваць. Яго раннія гады не былі лёгкімі. Янка Купала паспеў нават папрацаваць на вінакурным заводзе, але ў рэшце рэшт усё ж скончыў школу і паспяхова здаў іспыт на хатняга настаўніка.
Дом-музей Янкі Купалы ў Вязынцы.
Яго творы, самымі вядомымі з якіх з’яўляюцца п’есы «Тутэшыя», «Паўлінка», паэма «Курган» і інш., даўно сталі класікай нацыянальнай літаратуры. Аднак Янка Купала быў не толькі паэтам, драматургам і публіцыстам, але і вядомым грамадскім дзеячам. У 1928 годзе яго абралі акадэмікам АН БССР, а праз год — акадэмікам АН УССР. Янка Купала быў узнагароджаны і Сталінскай прэміяй першай ступені, і ордэнам Леніна, але нягледзячы на гэта ягоныя адносіны з савецкай уладай заставаліся складанымі да самага канца.
Канстанцін Міцкевіч, які ўвайшоў у беларускую культуру пад псеўданімам Якуб Колас, з’явіўся на свет непадалёк ад Стоўбцаў, у вёсцы Акінчыцы.
Дом-музей Якуба Коласа ў Стоўбцах.
Ён таксама абраў для сябе кар’еру настаўніка і больш за чатыры гады прапрацаваў на Піншчыне, але па выніку літаратурнае пакліканне ўперамагло: у 1906 годзе ў газеце «Наша доля» быў апублікаваны першы верш Якуба Коласа. Усяго праз год ён узначальваў літаратурны аддзел газеты «Наша ніва», якая выдавалася ў Вільні.
Аднак далейшы лёс Якуба Коласа склаўся не так гладка: ён паспеў адбыць турэмны тэрмін за арганізацыю нелегальнага настаўніцкага з’езда, зноў папрацаваць настаўнікам і нават паўдзельнічаць у Першай сусветнай вайне. Толькі пачынаючы з 1921 года Якуб Колас нарэшце здолеў непасрэдна заняцца літаратурнай і навуковай дзейнасцю. Ягоныя творы разглядаюцца як своеасаблівая энцыклапедыя сялянскага жыцця. Да таго ж, у 1929 годзе Якуб Колас быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, а з 1938 па 1956 гады абіраўся ў Вярхоўны савет БССР. Ён таксама стаў адным з рэдактараў шматтомнага выдання «Беларуска-расійскага слоўніка».
Малой радзімай Васіля Быкава з’яўляецца вёска Бычкі, размешчаная ва Ушацкім раёне.
Дом-музей Васіля Быкава ў Бычках.
Складана паверыць, але да 18 гадоў ён паспеў перажыць столькі, што многім хапіла б на цэлае жыццё: вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні (аддзяленне скульптуры), а пасля пачатку Другой сусветнай вайны ледзь не быў расстраляны як нямецкі. шпіён, бо падчас адступлення адстаў ад сваёй калоны і быў арыштаваны.
Увосень 1943 года малодшы лейтэнант Васіль Быкаў апынуўся на фронце. Ён браў удзел у вызваленні Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі і Аўстрыі, быў цяжка паранены і скончыў вайну ў чыне старэшага лейтэнанта. Перажытыя падзеі сталі асновай твораў Васіля Быкава. Аднак вядомасць да яго прыйшла толькі ў 1960-я гады пасля публікацыі аповесцей «Альпійская балада» і «Мёртвым не баліць», якія былі перакладзены на шматлікія мовы свету. Васіль Быкаў неаднаразова быў лаўрэатам розных дзяржаўных прэмій.
Родным горадам Шолема Янкева Абрамовіча, які больш вядомы пад псеўданімам Мендэле Мойхер-Сфорым, з’яўляецца Капыль. Ён лічыцца заснавальнікам сучаснай свецкай літаратуры на ідышы, які на той момант быў гутарковай мовай еўрапейскіх яўрэяў, але ў той жа час у сваёй творчасці выкарыстоўваў і іўрыт.
Пасля пераезду ў Адэсу Мендэле Мойхер-Сфорым выкладаў у Яўрэйскай казённай вучэльні, ён таксама з’яўляецца аўтарам публіцыстычных артыкулаў, прысвечаных выхаванню, вершаў і драм. Аднак сапраўдную папулярнасць Мендэле Мойхер-Сфарыму прынес раман «Падарожжа Беньяміна Трэцяга», які па сваім духу нагадвае «Дон Кіхота». Іншыя яго творы, уключаючна з раманам «Фішка Кульгавы» і «Сцяна плачу», пры жыцці аўтара былі перакладзеныя на шматлікія мовы.
Эліза Ажэшка — яшчэ адна постаць, якую ніяк не могуць «падзяліць» беларуская і польская культуры. Яна нарадзілася ў маёнтку Мількаўшчына, што непадалёк ад Гродна, і ўжо ў 17 гадоў пабралася шлюбам з Пятром Ажэшкам, паспеўшы павучыцца ў Варшаўскім пансіёне. Гэтым яе фармальная адукацыя і абмежавалася, што не перашкодзіла Элізе Ажэшка стаць знакамітай пісьменніцай. За дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года яна магла апынуцца ў ссылцы, аднак віну ўзяў на сябе яе муж.
Дом-музей Э.Ажэшкі ў Гродне.
Самым вядомым творам Элізы Ажэшкі з’яўляецца раман «Над Нёманам», прысвечаны побыту беларускіх сялян і шляхты, якая паступова занепадае. У ранніх творах яна шмат увагі надавала барацьбе жанчын за свае правы. Аднак іншы бок яе творчасці вядомы горш: доўгія гады Эліза Ажэшка збірала інфармацыю аб лекавых травах (уключна з іх народнымі назвамі) і выдала яе ў выглядзе працы «Людзі і кветкі над Нёманам». Ёй таксама належаў вялікі і разнастайны гербарый.
Оскар Мілаш нарадзіўся ў мястэчку Чарэя, якое напрыканцы XIX стагоддзя адносілася да Сенненскага павета. Яго сям’я была незвычайнай: бацька — прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду, а маці — габрэйка. З 12 гадоў Оскар Мілаш жыў у Парыжы, але пры гэтым не страціў сувязі з гістарычнай радзімай, хаця і лічыў ёй хутчэй Літву. Так пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ён неаднаразова выступаў на публіцы за яе незалежнасць. Лагічна, што менавіта Оскар Мілаш стаў першым прадстаўніком гэтай дзяржавы ў Францыі.
У гісторыю літаратуры ён увайшоў у першую чаргу як аўтар сотняў вершаў. Акрамя таго, руцэ Оскара Мілаша належаць некалькі п’ес і містычныя трактаты-паэмы, а таксама раман «L’Amoureuse Initiation». І ўсё ж галоўнай спадчынай Оскара Мілаша можа лічыцца тое, што ён быў не толькі дзядзькам, але і настаўнікам іншай знакамітасці — Чэслава Мілаша, які ў 1980 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Чашнікі з’яўляюцца малой радзімай чалавека, пра якога, напэўна, чула не так шмат беларусаў. Гаворка ідзе пра Шлоймэ-Занвла Рапапорта, які больш вядомага як Сямён Ан-скі. Народжаны ў артадаксальнай габрэйкай сям’і, ён атрымаў рэлігійную адукацыю, але вырашыў парваць з юдаізмам, калі захапіўся ідэямі народніцтва. Хоць да 16 гадоў Сямён Ан-скі не ведаў расійскай мовы, ён здолеў за кароткі час не толькі вывучыць яе, але і пачаць ствараць літаратурныя творы.
Пісьменніцкую кар’еру Сямён Ан-скі пачаў пад уплывам Рыгора Шрэйдэра, які працаваў рэдактарам газеты «Поўдзень», якая выдавалася ў Екацярынаслаўлі (Сямён Ан-скі публікаваў там артыкулы, прысвечаныя жыццю шахцёраў). У далейшым яго падтрымліваў Глеб Успенскі. Шмат у чым пад яго ўплывам Сямён Ан-скі ўключыўся ў палітыку, стаў сакратаром народніка Пятра Лаўрова, які жыў у Парыжы, а таксама заняўся рэвалюцыйнай публіцыстыкай. Ён удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі, якая вывучала культуру яўрэяў, якія жылі ў межах аселасці. Аднак сусветную вядомасць Сямёну Ан-скаму прынесла п’еса «Дыббук».
Максім Багдановіч, які з’явіўся на свет у Мінску, увайшоў у гісторыю як адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай мовы (хоць ён і пражыў зусім нядоўгае жыццё). Максім Багдановіч рана пачаў літаратурную кар’еру: ва ўзросце 16 гадоў ён напісаў апавяданне «Музыка», якое было апублікавана ў «Нашай ніве» і прынесла аўтару-пачаткоўцу першую вядомасць. На той момант сям’я Багдановічаў жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе, але працягвала выпісваць гэтае і іншыя выданні на роднай мове.
Максім Багдановіч быў найперш паэтам. Яго аўтарству належаць шматлікія лірычныя вершы, якія сталі з часам класікай беларускай літаратуры. Далейшы лёс паэта вызначылі сухоты, на якія ён захварэў у 1909 годзе. Праз пяць гадоў у прыватнай друкарні, якая належала Марціну Кухце, выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча, які атрымаў назву «Вянок». Яго здароўе хутка пагаршалася. З надзеяй уратаваць Максіма Багдановіча, сябры сабралі грошы на лекаванне ў Крыме, але яно не дапамагло. Максіма Багдановіча пахавалі на Старых гарадскіх могілках Ялты.
Аляксандр Ходзька нарадзіўся ў вёсцы Крывічы (цяпер гэта гарадскі пасёлак, размешчаны ў Мядзельскім раёне). Менавіта там месціўся маёнтак, які належаў ягоным бацькам. Аляксандр Ходзька атрымаў выдатную хатнюю адукацыю, а ў 1820-х гадах вучыўся на філалагічным аддзяленні Віленскага ўніверсітэта, дзе пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам (іх сяброўства працягвалася і пасля вымушанай эміграцыі апошняга). Аляксандра Ходзька быў арыштаваны за ўдзел у таемным таварыстве філарэтаў, але пасля апраўданы.
Ён здолеў зрабіць паспяховую дыпламатычную кар’еру, стаўшы расійскім консулам у Персіі, а пасля сыходу са службы шмат падарожнічаў па Еўропе. У 1929 годзе, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу, Аляксандр Ходзька выдаў свой першы зборнік з назвай «Паэзія», аднак шырокую вядомасць яму прынеслі нататкі, прысвечаныя падарожжу ў Персію і Азербайджан (дзякуючы веданню моваў Аляксандр Ходзька збіраў мясцовы фальклор, а таксама адным з першых стаў перакладаць на еўрапейскія мовы туркменскіх і азербайджанскіх паэтаў).