“Кароль Мацюсь Першы” без купюр на Беларускім Радыё

Канал “Культура” Беларускага радыё (Нацыянайльная дзяржаўная телерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь) прадстаўляе поўную аўдыяверсію перакладу на беларускую мову культавай кнігі Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы”.

З 8-га студзеня ў межах праграмы “Мэры Попінс” кожную пятніцу ў 16.30 гучыць “Кароль Мацюсь Першы” без купюр. Гісторыю маленькага караля Мацюся чытае артыст тэатра і кіно Аляксандр Аўчынікаў.

^2DFE3C6C708EF4DF7E739E7CCBAB7B919EC6C2A994AEB70F2B^pimgpsh_fullsize_distr

На беларускую мову “Караля Мацюся Першага” пераклала Ядвіга Бяганская яшчэ ў 1970-м годзе. Аднак усе выданні гэтага перакладу былі значна скарочаны, напрыклад, з іх былі выкінуты ўсе згадкі пра рэлігію. І толькі зараз, у 2012, у выдавецтве “Логвінаў” выйшла поўная версія “Караля Мацюся Першага” па-беларуску пад рэдакцыяй Андрэя Хадановіча. Яе і пачуюць слухачы праграмы “Мэры Попінс” з ласкавага дазволу Алены Бяганскай, унучкі перакладчыцы Ядвігі Бяганскай, да якой перайшлі правы на пераклад.

Над аўдыяверсіяй кнігі Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы” працавала рэжысёр Рэната Патака. У музычным афармленні гукарэжысёр Хрысціна Шаліна выкарыстала твор сучаснага беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага “Казкі чароўнага дрэва”. Аўдыяверсія кнігі Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы” створана пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

 

Ядвіга Бяганская (1908–1992) – перакладчык і аўтар кніг для дзяцей – зноў вярнулася на Беларускае радыё, хоць і ў іншай якасці. У 1956–1964 гг. яна працавала тут старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва.

Януш Корчак (1878–1942) – вядомы педагог, пісьменнік, доктар, сапраўднае імя якога Генрых Гольдшміт. Свой псеўданім ён узяў з твораў іншага польскага пісьменніка Юзэфа Крашэўскага. Усё жыццё працаваў з дзецьмі-сіротамі і пісаў кніжкі для дзяцей і пра дзяцей. Неаднаразова адмаўляўся збегчы з Варшаўскага гета, бо не хацеў пакідаць дзяцей і супрацоўнікаў Дому Сірот. Загінуў разам з імі ў газавай камеры ў Трэблінцы.