Лёс Беларусі вылучаецца сваёй веліччу і трагізмам. Стагоддзі амаль няспынных войнаў, неабходнасць пастаянна адваёўваць у прыроды яе даброты, не выпускаючы з рук мяча, сфарміравалі ў беларуса адметны характар, які выклікае захапленне і здзіўленне адначасова, піша «Народная Воля».
Суседзі адзначаюць, што беларусы — «народ мяккасардэчны, гасцінны, працавіты, кемлівы, набожны, вясёлы, цярплівы, няпомслівы, палка прывязаны да ўсяго, што звязана з гаспадараннем». Народ наш вызначаецца патэнцыяльнай здатнасцю да культуры і далікатнасцю, ахайнасцю і тактоўнасцю. Дэмакратычныя традыцыі беларускай дзяржаўнасці выпрацавалі ў беларускага люду рэлігійную талерантнасць і павагу да іншых поглядаў і разам з тым — імкненне захаваць сваю асабістую незалежнасць. Прага асабістай аўтаномнасці і самастойнага гаспадарання спрадвеку пераважалі ў беларуса над калектывісцкімі ідэямі, што не выключала ўзаемадапамогі ў выпадку патрэбы. Спробы пранікнуць у яго ўнутраны свет беларус дапускае вельмі рэдка. Як імунітэт на пастаянныя намаганні «дабрадзеяў» з усходу і захаду падпарадкаваць сабе беларуса і навязаць яму свае прынцыпы і погляды фарміравалася беларуская скрытнасць і недаверлівасць. Нягледзячы на сваю гасціннасць і мяккасць, беларус скептычна ставіцца да чужых людзей, а тым больш ідэй, затое за ідэі, якія ўспрымае як свае, змагаецца з выключнай мэтанакіраванасцю і ўпартасцю.
Замкнёны і часам схільны да адзіноты і роздуму, беларус — натура надзвычай паэтычная. Багацце фантазіі і некаторая містычнасць дазволілі беларускаму люду стварыць выключны па багацці фальклор і выпрацаваць мову, якую А.Міцкевіч назваў самай дасканалай і найбольш захаванай з усіх славянскіх моў.
Любоў беларуса да сваёй Радзімы, якую ён можа пакінуць толькі пад уплывам крайняй неабходнасці, уражвала іншаземцаў, асабліва рускіх, якія адзначалі, што беларусу «глыбока праціўна думка хаця б часова развітацца з роднымі мясцінамі». Менавіта гэтая любоў і павага да сваёй зямлі, а таксама выхаваная стагоддзямі павага да правоў суседа прывялі да адсутнасці ў беларускага народа агрэсіўнасці і духу каланізатарства. Так, людзі нашай зямлі талерантныя і добразычлівыя. Але галоўная трагедыя нашай зямлі, што лёс даў нам неталерантных і нядобразычлівых суседзяў. Наша культура, якая стагоддзямі жывіла тады яшчэ далёка не дасканалыя культуры суседзяў, наша зямля, ператвораная з балота і лесу працай і розумам нашых продкаў у квітнеючы сад, сталі спакуслівым кавалкам для шматлікіх «старэйшых братоў», якія надалі сабе права спажываць тое, што не стварылі. І вось сталася тое, што сталася. Мы, чые продкі колісь былі адным з самых слаўных у Еўропе народаў, робімся калі не адміністрацыйнай, то духоўнай правінцыяй «единой и неделимой». Мы, чыя культура роўная іншым еўрапейскім культурам, мусім, аддаўшы яе па частках суседзям, якія з гэтых частак здолелі зрабіць нацыянальны гонар, падбіраць аб’едкі. Мы, еўрапейская краіна, перад якой адчынены ўвесь свет еўрапейскай цывілізацыі, успрымаем гэтую цывілізацыю на мове краіны, якая знаходзіцца перважна ў Азіі.
Дзіўны наш народ! Дужы і сумны. Меў герояў — і ніхто іх не ведае... Усё жыццё любіў волю — і яго прымусілі стаць рабом... Стварыў багацце культуры — і сам яе не ведае... Аднак не ўсё яшчэ страчана. Ёсць пакуль што шанц, можа, апошні, усвядоміць сябе людзьмі, народам з Вялікай гісторыяй і культурай, аднавіць тое, што амаль згублена, каб паказаць, што «жывы яшчэ наш народ, і жыць ён хоча, і жыць ён можа, і жыць ён будзе»!
***
Амаль паўтары тысячы гадоў таму на заселеным балтамоўнымі плямёнамі абшары Беларусі пачалі прыходзіць славяне. Змешванне славянскага насельніцтва з балцкім у басейнах верхняга Дняпра і Заходняй Дзвіны выдзеліла гэты рэгіён сярод іншых заселеных усходнімі славянамі тэрыторый. Тут у выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIII–X стагоддзях утварыліся прабеларускія этнічныя супольнасці крывічоў, палачан, дрыгавічоў і радзімічаў, у культуры і мове якіх спалучыліся як славянскія, так і балцкія элементы. На іх аснове пачалося фарміраванне беларускай народнасці. Продкамі беларусаў у аднолькавай ступені былі як славяне, так і балты. (Нашчадкамі балтаў з’яўляюцца сучасныя латышы і літоўцы, якіх раней называлі жмудзінамі.)
Адным з самых магутных племянных аб’яднанняў Усходняй Еўропы быў крывіцкі саюз. Частка крывічоў, названая ў самым старажытным летапісе палачанамі — гэта значыць жыхарамі раннефеадальнай дзяржавы — Полацкай зямлі, адразу вызначылася сваёй знешнепалітычнай актыўнасцю. У 907-м і 911 гадах яны разам з войскам, якое сабраў князь Алег, хадзілі паспяховымі паходамі на Візантыю і перамагалі рамеяў. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што знаёма нашым продкам была ваярская навука не толькі на сушы, але і на моры. Іх баявыя лодкі-караблі добра адчувалі сябе як на рыначных, так і на марскіх прасторах, падыходзілі пад непадступныя муры Канстанцінопаля.
Напрыканцы Х стагоддзя летапісы паведамляюць пра полацкага князя Рагвалода, які быў зусім самастойным і незалежным, — «трымаў, валадарыў і княжыў Полацкую зямлю». У яго час Полацкая зямля-княства стала настолькі магутнай і вядомай дзяржавай, што саюза з ёй шукалі іншыя валадары. Адзін з іх, князь Уладзімір (спачатку наўгародскі, потым вялікі князь кіеўскі), абражаны адмовай у дынастычным шлюбе з полацкай князёўнай Рагнедай, здолеў захапіць у палон і забіць Рагвалода. Дачку Рагвалода, Рагнеду, ён прымусова ўзяў у жонкі. Беларуская патрыётка Рагнеда зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра і затым апынулася з сынам Ізяславам у Полацкай зямлі. З тае пары, як адзначыў летапісец, «узнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супроць унукаў Яраслава Мудрага (сына Уладзіміра)», што княжыў у Кіеве.
Ізяслаў княжыў у Полацку да 1001 года. У 1003 годзе князем полацкім стаў яго сын Брачыслаў. Зноў пачалася барацьба паміж Полацкам і Кіевам, якая працягвалася з перапынкамі больш за 100 гадоў. Полацкія князі ўпарта абаранялі сваё княства, імкнуліся павялічыць яго за кошт суседніх тэрыторый. У 1021 годзе адбылася ўзброеная сутычка Брачыслава з Ноўгарадам, які полацкаму князю часова ўдалося захапіць.
Звыш 50 гадоў узначальваў полацкія дружыны ваяўнічы князь Усяслаў Брачыславіч. Ваенныя поспехі Усяслава, яго ўменне непрыкметна апынуцца там, дзе яго зусім не чакалі, сучаснікі лічылі чараўніцтвам. Нават на ворагаў рабіла моцнае ўражанне ўменне полацкага князя знайсці выйсце з самага цяжкага становішча, асабліва ў час бою. Рашучасць і энергія, з якой ён абараняў незалежнасць Полацкай зямлі, былі выключнымі. У 1065 годзе Усяслаў асаджаў Пскоў, праз год захапіў часова Ноўгарад. У 1067 годзе адбылася бітва паміж «русічамі» і палачанамі. Берагі Нямігі былі «пасеяны касцьмі рускіх сыноў», але Усяславу давялося адступіць. У 1068 годзе Усяслаў Полацкі кіяўлянамі, што паўсталі, быў выбраны на вялікакняжацкі трон у Кіеве, але хутка вярнуўся ў родны Полацк і працягваў барацьбу, клапоцячыся аб яго незалежнасці. Адносіны кіеўскіх князёў з Полацкам працягвалі заставацца ў першай трэці XII стагоддзя вельмі вострымі. У гэты час Кіеўская Русь канчаткова распалася, а Полацк доўгі час заставаўся самастойнай дзяржавай.
Доўгі час насельніцтву Полацкай дзяржавы і суседніх зямель Прыбалтыкі даводзілася весці ўпартую барацьбу са знешнімі ворагамі, іх спробамі пазбавіць крывічоў-палачан самастойнасці, захапіць і падначаліць сваёй уладзе. На пачатку XIII стагоддзя разам з лівамі, латгаламі, эстамі — продкамі латышоў і эстонцаў — палачане змагаліся з нямецкімі рыцарамі, якія ўварваліся ва ўсходнюю Прыбалтыку. Заваёўнікам дапамагала каталіцкая царква. Сумеснымі намаганнямі быў створаны царкоўна-рыцарскі Ордэн мечаносцаў.
Нямецкія рыцары разбілі атрады ліваў, захапілі зручную Земгальскую гавань. На яе месцы ў 1201 годзе была пабудавана крэпасць Рыга. Гэты горад стаў цэнтрам нямецкага гандлю і дзейнасці манахаў-католікаў ва ўсёй усходняй Прыбалтыцы. Будуючы невялікія мураваныя крэпасці і абапіраючыся на іх, рыцары-крыжакі прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне ды пагражалі Полацку.
Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пастаўлялі ім дапаможныя войскі. Задоўга да з’яўлення тут немцаў у ніжнім цячэнні Дзвіны (па-латышску Даўгавы) знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс (цяпер Кокнэсе) і Герцыке (Ерсіка), якімі кіравалі васалы полацкага князя. З’яўленне нямецкіх крыжакоў ва ўсходняй Прыбалтыцы пагражала Полацку стратай падуладных яму зямель.
Атрады з Полацка і іншых гарадоў дапамагалі насельніцтву Латвіі і Эстоніі адбіваць напады рыцараў. Прыкладам, дружыны полацкага князя Уладзіміра аблажылі дзве нямецкія крэпасці летам 1203 года. У 1206 годзе палачане зноў прыйшлі на дапамогу лівам.
Рыцары наблізіліся да горада Кукенойса. Тут княжыў Вячка (Вячаслаў), які паходзіў з дынастыі полацкіх князёў і падпарадкоўваўся полацкаму князю Уладзіміру. З невялікай дружынай ён доўга мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасова дапамогі ад полацкага князя. У 1208 годзе Вячка мусіў спаліць Кукенойскі замак і з дружынай у 200 чалавек перайшоў на ўсходнеславянскія землі. Пазней ён узначальваў ваенныя сілы ў крэпасці на тэрыторыі эстаў у горадзе Юр’еве (цяпер Тарту) і загінуў у жорсткім баі з крыжакамі (1224 г.). Вячка быў сапраўдным героем барацьбы з нямецкімі рыцарамі.
У 1209 годзе нямецкія рыцары абрабавалі і спалілі другі старажытны фарпост Полацкага княства ў нізоўях Дзвіны — горад Герцыке. Калі крыжаносцы ўварваліся на землі эстаў, то апошнія звярнуліся за дапамогай да полацкага князя Уладзіміра. У 1216 годзе палачане сумесна з эстамі і літоўцамі рыхтавалі вялікі паход супраць мечаносцаў. Аднак у дзень выступлення з Полацка Уладзімір нечакана памёр (відаць, быў атручаны падасланымі людзьмі), і паход сарваўся. Каб супрацьстаяць узрастаючай небяспецы, Полацк і Віцебск мусілі ўмацоўваць палітычныя сувязі з Ноўгарадам.
У 1240 годзе князь Аляксандр разграміў на Няве войска шведскіх рыцараў. Здабываць перамогу яму дапамагалі і палачане, якія змагаліся на баку Аляксандра Неўскага. Апавядаючы пра бітву ў адным з летапісных твораў, сучаснік адзначыў подзвігі шасці найбольш адважных воінаў. Сярод гэтых герояў быў названы і беларус Якаў з горада Полацка. Узброены толькі мячом, праявіўшы выключную мужнасць, ён напаў на цэлы атрад (на старажытнай мове «полк») шведаў і адзін вытрымаў бой супраць рыцараў.
У XIII стагоддзі пад пагрозай крыжацкай агрэсіі з захаду і мангола-татарскай з усходу пачаўся працэс аб’яднання асобных княстваў на абшарах Беларусі. Цэнтрам кансалідацыі стала летапісная Літва, размешчаная паміж асноўнымі этнічна-беларускімі землямі — Полацкай, Турава-Пінскай, Наваградскай. Калі ў 1240-х гадах адзін з літоўскіх князькоў Міндоўг з прычыны ўнутраных разладаў перабег у Наваградак і прыняў там хрысціянства, феадалы гэтага беларускага горада абралі яго сваім служылым князем. З дапамогай наваградцаў Міндоўг падпарадкаваў сабе Літву, затым ягоны сын Войшалак падначаліў суседнія балцкія землі Дзяволтву і Нальшчаны, а яшчэ пазней уладу Наваградка добраахвотна прызналі Полацк і Пінск. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне — аб’яднанне Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы, Піншчыны ды Полаччыны вакол Наваградка — стала першым этапам збірання Вялікага Княства Літоўскага, ядром новага гаспадарства з поліэтнічным насельніцтвам.
Пад канец XIII стагоддзя пры князі Віцені ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшла Берасцейская зямля, а пазней — увесь поўдзень Беларусі. Пры князі Гедыміне да княства далучылася большая частка этнічна беларускай тэрыторыі. Аб’яднанне адбывалася на аснове ўзаемадамоўленасці, якая гарантавала захаванне асаблівасцяў мясцовага самакіравання, гаспадарчага і сацыяльнага жыцця. У 1323 годзе вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Пры ягоным наступніку Альгердзе ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло левабярэжжа Дняпра ды нізоўе Прыпяці, а пры Вітаўце — Смаленшчына. Так завяршылася ўключэнне этнічна беларускіх зямель у магутнае гаспадарства Еўропы, у якім колькасна дамінавала беларускае насельніцтва, дзяржаўнай мовай была старабеларуская, а ў культурным жыцці дамінаваў беларускі элемент. Тагачасныя беларусы зваліся «літвой» і «ліцвінамі».
Аднак дзяржава будавалася ў далёка не мірных умовах. З 1203-га па 1413 год насельніцтва Беларусі зазнала безліч ваенных паходаў крыжакоў, зрабіўшы свой важкі ўклад у справу агульнаеўрапейскай барацьбы народаў Еўропы супраць крыжацкай агрэсіі. Яна ўсякі раз праходзіла праз землі Падзвіння і Панямоння.
З пачатку XII стагоддзя Полацк і Віцебск сталі адыгрываць ролю багатырскіх застаў на шляху крыжацкай агрэсіі ў Падзвінні, наглуха зачыніўшы крыжакам ход па Дзвіне ўглыб беларускіх зямель, на Смаленшчыну і Масковію.
Летам 1236 года войскі Ордэна мечаносцаў былі разгромлены каля Шаўляя аб’яднаным беларуска-літоўскім войскам. Гэта прымусіла мечаносцаў пайсці на аб’яднанне з Тэўтонскім ордэнам і ўтварыць сумесны Лівонскі ордэн са сталіцай у Рызе. Рыцары і надалей працягвалі свой агрэсіўны курс у дачыненні да народаў Прыбалтыкі, Беларусі, земляў Пскоўшчыны і Наўгародчыны. За перыяд з 1230-га па 1284 год тэўтонцы падпарадкавалі Прусію і зрабілі яе базай для сваіх паходаў на суседнія тэрыторыі. У процістаянні ім гартавалася баявая вывучка беларускіх палкоў. Асабліва праявілі сябе палачане і віцябляне ў бітвах ля возера Дурбэ (1260 г.) і Ленавардэнам (1261 г.).
Узброеныя сілы Лівонскага ордэна дзейнічалі не толькі ў беларускім Падзвінні. З 1250 года яны пачалі рабіць набегі ўглыб Панямоння. Так, у 1250 годзе магістр Лівонскага ордэна Андрэй фон Шцірлянд напаў на Наваградак, але захапіць яго не здолеў. У 1284 годзе зрабілі свой першы паход на Гродна крыжакі з Прусіі. Сюды яны яшчэ будуць прыходзіць каля 20 разоў. Пачынаючы з сярэдзіны XIII стагоддзя і па 1345 год крыжакі зрабілі 30 паходаў, Прускі ордэн зрабіў 70, а Лівонскі — 30 паходаў. У часы праўлення Кейстута (1345–1382 гг.) саюзнае беларуска-літоўскае войска адказала 30 паходамі на Прусію, 10 паходамі на Лівонію. За адносна кароткі перыяд (37 гадоў) было зроблена з абодвух бакоў 140 паходаў. Прычым за апошнія 12 гадоў праўлення Кейстута (1370–1382 гг.) адбылося 75 паходаў. У сярэднім па 6 паходаў у год. Больш як 15 паходаў было зроблена крыжаносцамі ў часы праўлення Вітаўта (1352–1430 гг.). Апошні драпежніцкі паход крыжакі з Лівоніі зрабілі ў 1413 годзе.
Землі Беларусі і Літвы шчодра паліты крывёю іхніх лепшых сыноў, якія зрабілі непамерна вялікі ўклад у агульнаеўрапейскую вызваленчую барацьбу эпохі сярэднявечча. Дарога да перамогі густа выслана целамі многіх тысяч бясстрашных і слаўных віцязяў. Аб муры многіх беларускіх замкаў пашчарбілі свае мячы драпежныя чужынцы. Акрамя Гродна, яны чатыры разы беспаспяхова — у 1250, 1314, 1391 і 1394 гадах — штурмавалі Наваградак. Пяць разоў — у 1333, 1334, 1366, 1382 і 1386 гадах — бачыў іх горды і непакораны бацька гарадоў беларускіх слаўны Полацк. Тройчы — 1384, 1392, 1394 гадах — яны спрабавалі ўзабрацца на высокія муры Лідскага замка. Акрамя сцягоў нямецкіх рыцараў, тут развяваліся харугвы рыцараў Англіі, Францыі, многіх іншых краін Еўропы. Бачылі іх пад сваімі сценамі Крэва, Бярэсце, Камянец, Ваўкавыск, Мядзел, Дзісна, Браслаў, Свір і незлічоныя вёскі, па іх не раз прайшлася разбуральная вайна.
Аднак найбольшую славу непрыступнай цвярдыні, пра якую ведала ўсё еўрапейскае рыцарства, атрымала старажытная Гародня, ці «замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы. Пачынаючы з 1284-га і па 1402 год крыжакі зрабілі на гэтае арлінае гняздо Панямоння каля 20 паходаў. Бадай, не знайсці краіны ў Еўропе, рыцары адкуль не пабывалі б пад сценамі «недаступнага Гартэна». Паход «на Гартэн» лічыўся вышэйшай адзнакай і гонарам маладога еўрапейскага дваранства, рамантычнай тэмай прыдворных свецкіх баляў і банкетаў. З Германіі, Францыі, Швецыі, Галандыі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі і Англіі — атрад за атрадам ішлі крыжакі «на Гартэн». Хто іх толькі не ўзначальваў: магістр тэўтонаў Конрад Цірнберг (1284), комтуры Кёнігсберга і Брандэнбурга, магістры Лівонскага ордэна і англійскія графы Чэмберлены, Нортумбеленгі і Бэдфарды.
Больш за чвэрць стагоддзя абаронай Гародні кіраваў непераможны князь Давыд Гарадзенскі, які са сваёй дружынай хадзіў на выручку Наваградку і Пскову, рабіў кінжальныя рэйды ў Прусію, пад Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. Не могучы адолець Давыда ў адкрытым баі, немцы з дапамогай наёмнага забойцы, польскага рыцара Андрэя Госта, па-здрадніцку і трусліва забілі яго ў 1328 годзе.
Сумеснае беларуска-літоўскае войска выйграла буйнейшую бітву еўрапейскага маштабу на рацэ Стрэве ў Латвіі. Немцам на падмацаванне прыбылі рыцары з Францыі і Англіі. Усяго іхняе пешае і коннае войска на чале з магістрам налічвала каля 40 тысяч чалавек. Беларуска-літоўскія дружыны былі ўзмоцнены харугвамі з Полацка, Віцебска, Гародні, Наваградка, Бярэсця, Смаленска, Уладзіміра-Валынскага. Саюзнае войска не саступала рыцарскаму ні па колькасці, ні па ўзбраенні. Па маштабе і па сваім стратэгічным значэнні бітва на рацэ Стрэве можа раўняцца вядомаму пабоішчу на Куліковым полі. Яна прынясла заслужаную перамогу і славу князям Альгерду і Кейстуту.
Паколькі дзевяць дзясятых насельніцтва дзяржавы складалі нелітоўцы, то зразумела, што асноўны цяжар паходаў і бітваў падаў на плечы гараджан Беларусі і ў меншай ступені Украіны. Аснову войска складалі служылыя баяры, гарадскія апалчэнні, простыя «воі»-сяляне, слугі і нават адпушчаныя на волю рабы-палоннікі. Развітая дзесяцічна-соценная структура іх арганізацыі, адшліфаваныя ў папярэднія стагоддзі эканамічны патэнцыял гарадоў, высокі тэхнічны ўзровень зброі рабілі гэта войска надзейным гарантам у процістаянні крыжацкай агрэсіі.
Прускія храністы сведчаць, што пастаянная барацьба і гатоўнасць да абароны вымагалі ад вялікіх князёў максімальных высілкаў пры арганізацыі адпору рыцарскім драпежным паходам. Вітаўт нават пастанавіў, што кожны баярын быў абавязаны з’яўляцца на службу толькі конна. Калі ж нехта каня не меў, то мусіў прадаць у рабства жонку і дзяцей, але з’явіцца на вайну конна.
Рашаючая бітва сіл народаў Усходняй Еўропы (Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, некаторых рускіх зямель, Чэхіі, Валахіі і інш.) адбылася 15 ліпеня 1410 года каля вёскі Грунвальд у Альштынскім ваяводстве. Войскі ўзначальвалі польскі князь Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт. Пад іх кіраўніцтвам было 90 харугваў. Гэтыя воінскія фарміраванні былі рознымі па колькасці людзей, але ў сярэднім гэта было 1000 чалавек. Звычайна тут мелася 200 коннікаў і 800 пехацінцаў. Палова іх была пры сцягу і абараняла яго. Дакладных звестак аб колькасці процістаячых войскаў няма. Паводле адных звестак, пад кіраўніцтвам Ягайлы і Вітаўта было каля 100 тысяч чалавек (уключаючы 30 тысяч татар хана Джэлаладдзіна, сына Тахтамыша Сарайскай Арды), паводле іншых крыніц — усяго 32 тысячы. Прыблізна таксама ацэньвалася войска крыжакоў. З 90 харугваў 43 былі беларуска-ўкраінскія. Хронікі зафіксавалі тут харугвы Полацкую, Віцебскую, Гарадзенскую, Берасцейскую, Пінскую, Наваградскую, Лідскую, Ваўкавыскую, Драгічынскую, Лельніцкую.
Польскі храніст Ян Длугаш называе яшчэ тры харугвы Смаленскай зямлі, але аналіз фактаў, дакументаў і розных крыніц паказвае, што са Смаленска, як і з усіх гарадоў, была толькі адна харугва. Астатнімі былі Мсціслаўская і Аршанская, якія стаялі разам са смаленцамі. Прыйшлі яшчэ Заслаўска-Менская, Слуцкая і Магілёўская, Крэўская, Кобрынская, Лукомская харугвы. Былі атрады чэхаў, мараваў, сілезцаў, валахаў. Стаялі ў ратным страі пасланцы Ноўгарада Вялікага, Ноўгарад-Северскага, Старадуба і іншых мясцін. З 40 харугваў Вітаўта 30 мелі на сваіх сцягах «Пагоню», а на 10 — герб «Калоны».
Бітва распачалася з артылерыйскай дуэлі. Першыя атакі супраць левага крыла крыжакоў пачала лёгкая конніца ВКЛ, на якую абрушыліся самыя моцныя ўдары праціўніка. Пасля жорсткіх і кровапралітных сутычак цяжкая конніца рыцараў пацясніла кавалерыю Вітаўта і частку пешых харугваў. Астатнія яго харугвы вялі зацяты бой на левым флангу, дзе асабліва вызначыліся тры палкі пад камандаю мсціслаўскага князя Сямёна-Лінгвена — гэта смаленскі, аршанскі і мсціслаўскі. Адзін з гэтых палкоў загінуў цалкам, астатнія выстаялі і злучыліся з польскімі харугвамі. Адзіным магутным ударам саюзнікі прарвалі фронт, акружылі ворага і к вечару закончылі разгром крыжакоў. Ордэн страціў больш за 30 тысяч забітымі, параненымі і палоннымі. Былі забіты вялікі магістр Ульрых фон Юнінген і многія знатныя рыцары.
Разгром крыжакоў пад Грунвальдам спыніў агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход, садзейнічаў эканамічнаму развіццю Беларусі і суседніх земляў, іхняму ўсталяванню ў агульнаеўрапейскім доме.
Калі ў XIV — на пачатку XV стагоддзя асноўную пагрозу для беларуска-літоўскага гаспадарства ўяўляла крыжацкая небяспека, дык пазней стала хутка ўзрастаць значэнне ўзаемадачыненняў з усходнім суседам — Маскоўскай дзяржавай, якая падбівала землі вакол сябе. Вільна і Масква рабіліся зацятымі сапернікамі.
У сярэдзіне XIV стагоддзя канфлікт разгарэўся з-за ўплыву на Смаленскае княства. Смаленшчына — частка былых крывіцкіх зямель была генетычна і гістарычна звязана з беларускаю дзяржаўнасцю. Звязваў Смаленск з Вялікім княствам і гандаль з Рыгай. Аднак гэтае княства пакутавала ад нападаў маскоўцаў. Калі ў сярэдзіне XIV стагоддзя ў Смаленску часова перамагла прамаскоўская партыя, гэта сапсавала адносіны паміж двума суседзямі і родзічамі. У канцы 60-х гадоў пазіцыі Вялікага Княства Літоўскага на Смаленшчыне ўзмацніліся: у 1367 годзе Андрэй Альгердавіч Полацкі заняў Родню і Хорвач — два гарадкі на поўдзень ад Смаленска. У рэшце рэшт смаленскі князь Святаслаў Іванавіч стаў верным саюзнікам Вялікага княства і разам з вялікім князем Альгердам у 1368, 1370 і 1372 гадах змагаўся супраць маскоўскіх войскаў, якія імкнуліся перашкодзіць аб’яднанню беларускіх зямель. Смаленскія палкі хадзілі і на крыжакоў.
Дадаткова абвастрыліся адносіны паміж Вялікімі Княствамі Маскоўскім і Літоўскім у сувязі з антымаскоўскімі тэндэнцыямі ў палітыцы Цвярскога княства, якое знайшло сабе саюзнікам беларуска-літоўскую дзяржаву. З гэтым і звязаны знакаміты паход 1375 года на Маскву. Беларускія хронікі досыць красамоўна адлюстроўваюць тыя падзеі. На світанку вялікі князь Альгерд разам са сваім войскам узышоў на Паклонную гару. Маскоўскі князь Дзмітрый (будучы Данскі), рэальна ацаніўшы сілы і бачачы бесперспектыўнасць бітвы, першым прапанаваў замірэнне. «А пасьля доўгіх намоваў даўся Альгерд да яднаньня й міра, але пад умоваю, каб яму вольна было з часткаю рыцарства й панамі вернымі да замку Маскоўскага збройнымі ўехаць». У крамлёўскім саборы Альгерд заявіў: «Бачыш, княжа Дзмітрый, хто з нас раней на вайну ўстаў». Гэтыя падзеі і словы даюць магчымасць адзначыць мабілізацыйныя здольнсці беларуска-літоўскай дзяржавы і тактычную мабільнасць яе войска, што ў дадзеным выпадку з’явілася перадумовай перамогі. Падзеі адбываліся на Вялікдзень, і Альгерд падараваў Дзмітрыю чырвонае каляднае яйка, а затым зламаў сваю дзіду аб браму Масквы, каб Масква памятала, што беларуска-літоўскае войск, было тут і «дзіду сваю Альгерд крушыў аб браму».
У выніку мірных перамоў канфлікт быў зладжаны. Праўда, толькі часова.
Новы крызіс у адносінах беларуска-літоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Маскоўскага ўзнік ужо за часамі Вітаўта Вялікага. І гэтым разам асаблівая ўвага Масквы была звернута да Смаленска. Таму вялікі князь Вітаўт мусіў у 1405 годзе падысці пад сцены Смаленска з вялікім войскам і артылерыяй. Здраднік-князь Юрый Святаслававіч Смаленскі ўвайшоў у змову з Масквою, накіраваў паслоў да крыжакоў па дапамогу. У адсутнасць князя Вітаўт з удзелам смалян увайшоў у горад.
Але толькі пасля Дуброўны (Грунвальда) і ліквідацыі крыжацкай пагрозы беларуска-літоўскі гаспадар здолеў па-сапраўднаму супакоіць Маскву. Падставаю для вайсковага паходу было абрабаванне ў 1416 годзе пад Пуціўлем маскоўцамі беларускіх купцоў. Вітаў Вялікі досыць хутка арганізаваў вайсковую экспедыцыю. Два войскі сустрэліся на р.Вугры. Патрабаванні беларуска-літоўскага гаспадара былі наступныя: пакаранне рабаўнікоў і кампенсацыя маскоўскім бокам вайсковых выдаткаў. Падчас перамоў адзін з беларускіх рыцараў Андрэй, не вытрымаўшы, ускрыкнуў: «Не мірыся, Вітаўце, не мірыся, таму што на самай справе мы з Масквою яшчэ не біліся!» Маскоўцы выканалі ўсе патрабаванні вялікага князя літоўскага.
У выніку вайсковых і дыпламатычных дзеянняў Беларуска-Літоўская дзяржава пашырыла межы на ўсход. Ягоная мяжа праходзіла ажно каля сучаснага Мажайска — за 107 вёрст ад Масквы.
Ужо пры вялікім князі Казіміры ў 1458 годзе адбылася наступная вайна. Маскоўскі князь Васіль сабраў вялікае войска, заклікаўшы на дапамогу казанскага хана, і падышоў да Вязьмы, якая тады належала Вялікаму Княству Літоўскаму. Па шляху маскоўцы «руйнавалі й палілі воласці». Па Беларусі і Літве князь Казімір таксама склікаў войска, наняўшы дадаткова польскіх жаўнераў. Гетманам быў пастаўлены беларускі магнат Станіслаў Кішка. Вялікі князь Казімір застаўся ў Смаленску, а гетман рушыў з войскам насустрач маскоўцам. Але вораг ужо паспеў вывесці свае аддзелы з тэрыторыі беларуска-літоўскай дзяржавы. Па слядах праціўніка гетман Кішка ўварваўся ў маскоўскія воласці, узяў крэпасці Мажайск, Казельск, Веру, Калугу. Калі Масква падцягнула 15-тысячнае войска, гетман Кішка хутка адрэагаваў на з’яўленне такой значнай сілы. У сваім тыле беларускі гетман «у хітрых засадах» пакінуў аддзелы Зіновіча і двух Радзівілаў, а сам выступіў насустрач ворагу. «Масква... у вялікасці войска свайго, вельмі ахвотна... ударыла» па беларускіх аддзелах Кішкі. Гетман у сваю чаргу пачаў адводзіць хутка сваё войска і прывёў Маскву на Зіновічавы і Радзівілавы роты, наўмысна пастаўленыя ў засадзе, а потым сам Кішка абярнуўся, а Зіновіч і Радзівілы ўдарылі па ворагу з бакоў. Дзве мілі гнала беларуска-літоўскае войска маскоўцаў, «секучы, рубячы, колючы». Гэта паведамленне «Кронікі Літоўскай і Жамойскай» асабліва каштоўнае тым, што знаёміць нас з тактыкай бою беларускіх ваяроў супраць пераважнага праціўніка.
У другой палове XV стагоддзя на паўднёвых межах Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з’явіўся моцны і небяспечны вораг — Крымскае ханства. Гэтая дзяржава ўтварылася ў выніку распаду калісь магутнай Залатой Арды. Крымскія ханы, татарская вярхушка жылі за кошт пастаянных нападаў на суседнія землі. Войны і рабункі былі заўжды іхнім рамяством і сродкам існавання. Асаблівую каштоўнасць для татараў уяўлялі палонныя, у першую чаргу маладыя і дужыя людзі, якіх яны потым прадавалі за вялікія грошы на нявольнічых рынках Крыма і Турцыі. Вялізным попытам карысталіся дзяўчынкі, якія папаўнялі ханскія і султанскія гарэмы.
Галоўным аб’ектам сваіх спусташальных набегаў крымскія ханы абралі багатыя, урадлівыя землі свайго паўночнага суседа — Вялікага Княства Літоўскага. Апроч прагі нажывы, іх падштурхнула на тое і палітычная прычына: у 1480 годзе паміж крымскім ханам Менглі-Гірэем і маскоўскім уладаром Іванам III было заключана пагадненне аб сумеснай барацьбе з Вялікім Княствам Літоўскім. Крымскі хан паабяцаў Маскве ваяваць землі вялікага князя літоўскага Казіміра.
Першымі пад удар крымчакоў трапілі паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага — Падолле, Валынь, Кіеўшчына, Ноўгарад-Севершчына. Татары палілі гарады і вёскі, рабавалі цяжкай працай нажытае дабро, выводзілі ў палон насельніцтва. Наезды на землі Вялікага Княства рабіліся штогод, а часам некалькі разоў на год. Шматлікія мурзы і князі, ханскія сыны, маючы свае ўласныя войскі, рабілі самастойныя набегі. У 1482 годзе крымчакі, падбухтораныя Іванам III, захапілі старажытны Кіеў, спалілі Пячорскі манастыр, разрабавалі святыню ўсіх праваслаўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага — Сафійскі сабор. Пасля такога злачынства Менглі-Гірэй падараваў шэраг нарабаваных упрыгажэнняў з Кіеўскай Сафіі абаронцу «истинного православия» маскоўскаму князю Івану III, якія той з удзячнасцю прыняў. З канца XV стагоддзя крымскія татары ўрываліся і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1497 годзе непадалёку ад Мазыра яны забілі мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. Падчас вайны 1500–1503 гадоў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскаю дзяржаваю Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцка, Турава, Пінска, Менска з мэтай паслабіць заплечча абароны на ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства Літоўскага знаходзіліся на ўсходзе дзяржавы, дзе ваявалі з Масквою, крымчакі ў гэты час пастаянна пустошылі беларускія землі.
У 1500 годзе яны спалілі Бярэсце і ягоныя ваколіцы, восенню 1502 года перайшлі Прыпяць і пачалі ваяваць за землі каля Турава, Пінска. Славуты слуцкі князь Сямён Міхайлавіч Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйска, на рацэ Уша, ушчэнт разбіў іх, вызваліўшы з няволі ўвесь палон.
У наступным 1503 годзе шасцітысячны татарскі аддзел, узначалены сынам самога хана Біці-Гірэем, прыйшоў пад Слуцк і стаў там кошам (лагерам). Распушчаныя па Беларусі татарскія загоны спустошылі ваколіцы Капыля і Нясвіжа, спалілі Клецкі замак. Даведаўшыся пра падыход вялікага войска, татары павярнулі назад і адышлі ў Крым са значным палонам. У тым жа 1503 годзе трохтысячны татарскі аддзел зноў спустошыў ваколіцы Слуцка, ваяваў непадалёку ад Наваградка. На гэты раз ім не ўдалося вольна вярнуцца ў Крым. Войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Сямёнам Алелькавічам, Станіславам Кішкам, Юрыем Неміровічам і Альбрэхтам Гаштольдам дагнала татараў за мілю ад Давыд-Гарадка і разбіла іх.
У 1505 годзе крымчакі здзейснілі самы спусташальны набег на Беларусь. Тры ханскія сыны — Махмет-Гірэй, Біці-Гірэй і Бурнас, пераправіўшыся са сваім войскам праз Дняпро ля Лоева, дзе знаходзіліся знакамітыя «татарскія броды», накіраваліся ў цэнтр Беларусі. Старэйшы царэвіч Махмет-Гірэй павёў свой аддзел у накірунку Менска і далей Полацка, Друцка, Віцебска, а ягоныя малодшыя браты пайшлі пад Слуцк. Татары спрабавалі ўзяць Слуцкі замак, але мужныя случчакі, адбілі ўсе іхнія атакі. Тады Біці-Гірэй і Бурнас рушылі пад Наваградак, але і там замкавы гарнізон на чале з намеснікам Альбрэхтам Гаштольдам і гараднічым Маскевічам прымусіў іх адступіць ад гарадскіх муроў. Татарскія загоны папалілі тады ваколіцы шмат якіх беларускіх гарадоў, пазнішчалі вёскі і вывелі ў Крым вялізны палон.
Спадзеючыся на беспакаранасць, летам 1506 года Біці-Гірэй і Бурнас на чале 30-тысячнага войска ўварваліся на Беларусь. Татары сталі кошам каля Клецка, распусціўшы загоны ў наваградскім накірунку. Але на гэты раз яны не ўніклі адплаты. Зрабіўшы імклівы пераход ад Ліды да Клецка, менскія, наваградскія і гарадзенскія апалчэнцы пад кіраўніцтвам князя Міхаіла Глінскага дазвання разграмілі татараў 6 жніўня пад Клецкам. Тысячы варожых трупаў засталіся ляжаць на берагах рэк Лань і Цапра. Быў вызвалены вялікі палон у 40 тысяч чалавек, якіх крымчакі збіраліся вывесці ў свае ўладанні.
У далейшым, нягледзячы на шэраг замірэнняў з Вялікім Княствам Літоўскім, крымскія татары працягвалі пустошыць беларускія землі. Найбольш буйнымі былі іхнія набегі ў 1508, 1510, 1521, 1527 гадах. З мэтаю абараніць краіну ад татарскіх нападаў, а ім спрыяла слабасць паўднёвых межаў краіны, новы вялікі князь літоўскі Жыгімонт II павялічыў «узмежную старожу», узмацніў замкі і крэпасці перадавым узбраеннем і ратнымі людзьмі. У планах Жыгімонта II былі і шырокія наступальныя аперацыі супраць Крымскага ханства. Ваенныя мерапрыемствы і дыпламатычныя захады Вялікага Княства Літоўскага далі ўрэшце дзейсныя вынікі. У 1527 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага, якім кіравалі гетман Канстанцін Астрожскі, слуцкі князь Юрый Сямёнавіч Алелькавіч (сын знакамітага Сямёна Алелькавіча) і чаркаскі ваявода Аставій Дашковіч, разбіла ўшчэнт 24-тысячнае татарска-турэцкае войска ля Альшаніцы, за 40 міль ад Кіева. Пасля таго як у 1530 годзе князь Іван Дубровіцкі разграміў чарговы раз крымскіх наезнікаў, якія ўварваліся на Беларусь, іхнія напады на Вялікае Княства Літоўскае сталі радзейшымі і менш адчувальнымі.