На беларускай сцэне паўстала каманда-зьява. Гарадзенскі панкі селі на танкі, каб адукаваць цяперашнюю моладзь.
Нацыянальнаарыентаванага панку на беларускай сцэне вой як не ставала. Dzieciuki занялі пустую нішу і ўмомант сталі ўлюбёнцамі публікі. Яшчэ задоўга да выхаду іх альбому частка зь іх песень ужо атрымала вядомасьць. “Мужыцкая праўда” і “Хлопцы-балахоўцы” ўспрымаюцца няйначай як візытоўкі гурта. Усе астатнія трэкі з “Гарадзенскага гармідару” ім не саступаюць. Што свае, што чужыя. Песьні The Real McKenzies (“Па гарах”) і Захара Мая (“Нашы танкі”) прапушчаныя празь сябе да такой ступені, што і кавэрамі іх назваць язык не паварочваецца: “Калі нашыя танкі заедуць у Менск, я шмат каго павешу”, — пяецца ў жартаўлівым нумары ад імя гарадзенскіх панкаў (у арыгінале пяялася пра Маскву і панкаў зь Ленінграду).
У гэтай працы ёсьць усё, што трэба: чыста панкаўскі шал і неўтаймаванасьць, уцямны сэнс і зьмест. Фронтмэны каманды Алесь Дзянісаў і Паша Трабл ды аўтар большасьці тэкстаў Дзяніс Жыгавец вырашылі заняцца патрыятычным выхаваньнем моладзі ды давесьці тэзу пра беларусаў як пра шалёны і нескароны народ насуперак стэрэатыпу пра прыгнечанага, на ўсё згоднага і талерантнага чэла, што жыве недзе на ўскрайку Расейскай імпэрыі. “Гарадзенскі гармідар” уяўляе зь сябе кароткі курс гісторыі Беларусі, а дакладней, гісторыі змаганьня за Беларусь: паўстаньне Каліноўскага, антысавецкі супраціў, Курапаты і Хатынь — усё гэта сустракаецца ў песьнях “Дзецюкоў”. “Гістарычную” канцэпцыю парушаюць некалькі абсалютна адвязаных трэкаў не па тэме, як “Песьня гарадзенскага гастарбайтэра” ці тыя ж “Танкі”. Але гэта толькі на карысьць альбому, бо робіць яго разнастайным з тэматыкі, а значыць, зусім не дакучлівым і ненавязьлівым.
Разнастайнасьць дасягаецца яшчэ і за кошт багатага інструмэнтарыю: у песьнях гучаць, акрамя звыклых для панку гітары, баса ды бубнаў, яшчэ дуда і акардэон, што ствараюць пазнавальны саўнд гурта, часам далучаюцца яшчэ флейта і гармонік. Вакальныя ролі падзеленыя прыблізна напалову між Алесем Дзянісавым, культавым гарадзенскім музыкам, вядомым з гуртоў “КальЯн” і “Людзі на балоце”, ды Пашам Траблам, калярытнаю асобаю, што мае, можа, і ня досыць моцны, але пэўна што харызматычны вакал.
Dzieciuki — перадусім канцэртны бэнд, таму ім досыць няпроста працаваць у студыйных умовах. На альбоме гэта адчуваецца. Надта просталінейна часам музыкі падаюць матэрыял, не стае пакуль што іх гучаньню аб’ёмнасьці і збалянсаванасьці. Моцны ў сваёй драматургіі нумар “Забытая магіла”, напрыклад, ня вырашаны ў студыі як сьлед. А вось “Песьня гарадзенскага гастарбайтэра”, стылізаваная пад піўны фольк, наадварот, выйшла ў запісе даволі ўдала.
Галоўная выснова, што напрошваецца пасьля праслухоўваньня “Гарадзенскага гармідару”: на беларускай сцэне паўстала каманда-зьява. Такое бывае гады ў рады, таму грэх ня ўсьцешыцца.
Спампаваць альбом адным файлам і прачытаць “Маніфэст Дзецюкоў” можна на Tuzin.fm
Ідэя: 10
Выкананьне: 8
Тэксты: 9
Запіс: 7
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін