Памёр пісьменнік Алесь Астраўцоў

Жыццё пісьменніка і рэдактара часопіса «Jazz-Квадрат» скончылася ў 60 гадоў, паведамляе «Наша Ніва».

alies-astraursou.jpgАлесь Астраўцоў. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

Алесь Астраўцоў, паводле адукацыі інжынер, браў удзел у беларускім нацыянальным і дэмакратычным руху яшчэ з познесавецкіх часоў. Пасля заканчэння Беларускага палітэхнічнага інстытута нейкі час працаваў інжынерам на заводзе, а ў 1990‑я трапіў на працу ў Музей Максіма Багдановіча, які тады ўзначальваў цяперашні нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

alies-astraursou-02.jpg
Інжынер Алесь Астраўцоў разам з тагачасным дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алесем Бяляцкім вешаюць сцяг на балконе музея, 24 сакавіка 1991 года. Аўтар фота — Сяргей Чырык

Алесь Астраўцоў вядомы як шэф-рэдактар часопіса «Jazz-Квадрат», які выходзіў у Мінску ў папяровай версіі з 1997 да 2009 года (а потым з’явіўся і ў інтэрнэце). На працягу шэрагу гадоў часопіс быў адзіным рускамоўным часопісам джазавай тэматыкі.

Таксама Алесь Астраўцоў займаўся літаратурнай творчасцю. Найбольш вядомы ягоны твор — раман «Сула». Сярод іншага ён пераклаў з польскай на беларускую мову знакаміты раман Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі».

Апошнія гады Астраўцоў жыў у Лідзе. А сёння з ім развіталіся ў мінскім крэматорыі.