Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава вызначыла 8 кніжных вокладак-фіналістаў. Яны былі адабраны з 24 прац, што ўвайшлі ў доўгі спіс конкурсу, і прадстаўляюць зрэз сучаснага беларускага кніжнага дызайну, піша Беларускі ПЭН.
Сярод прэтэндэнтаў на перамогу — прызнаныя майстры і яскравыя маладыя творцы. Сёння беларускае мастацтва патрабуе не толькі таленту, але і смеласці, таму імёны некаторых аўтараў зашыфраваны з меркаванняў бяспекі.
Аўтар В — вокладка кнігі «W» (зашыфраваны ўдзел)
Дзмітрый Дзмітрыеў, Андрэй Фядорчанка — вокладка кнігі «Codex. Imago. Index» Дзмітрыя Дзмітрыева (Лысы чэрап, 2025)
Аўтар К — вокладка кнігі «К» (зашыфраваны ўдзел)
Алена Нядзельская — вокладка кнігі «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» Змітра Вішнёва (Skaryna Press, 2025)
Аляксандр Пажытак, Ігар Юхневіч — вокладка кнігі «Дзённік 2021–2022» ананімнай аўтаркі (Мяне Няма, 2025)
Ліна Хесэ, Ігар Юхневіч — вокладка кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень, Ліны Хесэ (Мяне Няма, 2025)
Сяргей Шабохін — вокладка кнігі «Body in Progress; Целам сваім...» Ганны Комар (Skaryna Press, 2025)
Таццяна Шустава — вокладка кніг «Творы» (тамы 1, 2) Хорхе Луіса Борхеса (Andrei Yanushkevich Publishing, 2025)
Паглядзець усе вокладкі кніг можна на сайце прэміі aniempadystau.penbelarus.org.
Працы ацэньвае прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты кніжнага дызайну, мастацтва і візуальнай камунікацыі. Сярод публічных сябраў журы:
Святлана Дземідовіч — беларуская мастачка і ілюстратарка, працуе ў сферы кніжнага дызайну і візуальнай камунікацыі. Лаўрэатка прэміі Анемпадыстава 2024 года за дызайн вокладкі паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач» (у суаўтарстве з Лукашам Левандоўскім).
Анатоль Лазар — беларускі дызайнер і культурны дзеяч. Экс-выдавец музычнага партала «Тузін Гітоў», былы кіраўнік студыі дызайну і рэкламы «Адліга». Аўтар і эксперт шматлікіх грамадскіх і культурных беларускіх ініцыятыў. Лаўрэат прэміі Анемпадыстава 2022 года за дызайн вокладкі кнігі «(Не)расстраляныя».
Надзея Зелянкова — крэатыўная дырэктарка і спецыялістка ў сферы візуальных камунікацый. Працавала ў digital-агенцтве «Red Graphic», была саўладальніцай Галерэі «Ў». Мае шматгадовы досвед у распрацоўцы культурных, адукацыйных і сацыяльных праектаў, а таксама ў стварэнні візуальных стратэгій і камунікацыйных кампаній.
Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:
У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымалася большасцю галасоў журы.
Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну, адзначаючы аўтараў, якія праз дызайн кніжнай вокладкі ствараюць новыя візуальныя гісторыі.
Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L» і кампаніі «Laut».
За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:
У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».
Пераможцамі ў 2025 годзе сталі Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба — діректор морга».