Адным з пераможцаў конкурсу ідэй «Разам да справы» стаў Магілёўскі фестываль аматарскіх кароткаметражных фільмаў «Словы». Сёлета праект паспяхова стартаваў з лічбавымі паказчыкамі ў больш за 20 заявак, 19 конкурснымі працамі і трыма пераможцамі.
Больш за тое, знятыя магілёўцамі стужкі постфактум паказалі на розных гарадскіх пляцоўках, а таксама па-за межамі абласнога цэнтра. Мы паразмаўлялі з адным з куратараў падзеі, стваральнікам магілёўскага «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў» Юрыем Стукалавым, каб даведацца, ці складана арганізаваць кінафэст у межах горада, ці варта рабіць яго больш прафесійным і пашыраць геаграфічнае кола ўдзельнікаў.
За плячыма Цэнтра гарадскіх ініцыятыў вялікая колькасць праектаў і некалькі буйных фестываляў. Кінаімпрэзу прадстаўнікі магілёўскай ініцыятывы ладзілі ўпершыню. «Досведу ў арганізацыі кінафестываляў у нас не было, – кажа Юрый Стукалаў. – Тым цікавей было распрацоўваць новую ідэю. Фармат кінафэсту мы абралі таму, што ў Магілёве нічога падобнага раней не праходзіла. З развіццём тэхнікі шмат людзей у горадзе пачало здымаць відэа, і мы вырашылі, чаму б не даць ім магчымасць зрабіць уласны праект і прэзентаваць яго публічна. Тым больш што асаблівых патрабаванняў да якасці відэа ў нас не было». Гэта значыць, што знятую на тэлефон, фотаапарат ці відэакамеру кінамініяцюру на конкурс мог даслаць кожны ахвочы. Удзельнікі атрымалі свабоду ў выбары жанру, тэмы, мовы, ліміт па часе ў пяць хвілін і тры месяцы на стварэнне аматарскай стужкі. Арганізатары кінафэсту забяспечылі патэнцыйных удзельнікаў неабходнай падтрымкай у выглядзе кароткаметражных фільмаў для натхнення, парадаў ад прафесіяналаў і знаўцаў кіно, а таксама падказкамі ў вызначэнні тэмы.
Да ўдзелу ў конкурсе дапусцілі 19 аматарскіх прац – ад відэасюжэтаў па славутасцях Магілёва да замалёвак з элементамі сацыяльнага хорару. «Нашае жыццё складаецца з простых словаў», – упэўненыя арганізатары фэсту. «Падборкай словаў мы давалі падказку тым, хто не ведаў, аб чым здымаць, якія тэмы ўздымаць, – тлумачыць ідэю імпрэзы Юрый. – У выніку у працах канкурсантаў дамінавалі тэмы кахання і гісторыі. У асноўным фільмы дасылалі маладыя людзі, але сярод удзельнікаў былі і прадстаўнікі больш сталага веку. Конкурс абвяшчаўся ў межах Магілёва, таму мы былі здзіўленыя, што да ўдзелу падключыліся людзі з вобласці – перадусім з Магілёўскай, а таксама з Віцебскай. Гэта кажа аб тым, што ў пляцовак для творчасці не павінна быць абмежаванняў».
Пераможцаў сярод рэжысёраў-аматараў вызначала аўтарытэтнае журы, якое складалася з творчых асоб Магілёва, у прафесійнай дзейнасці звязаных з тэатрам, тэлебачаннем, рознымі кірункамі культуры і мастацтва. Бадай, найбольш складаным момантам судзейства было памятаць, што ацэньваць трэба не прафесійнае кіно, а аматарскае. «Агульных крытэрыяў да ацэнкі прац не было, – працягвае Юрый. – Кожны прадстаўнік журы па-свойму вызначаў мастацкі ўзровень убачанай стужкі. Вядома, улічвалася арыгінальнасць ідэі, сюжэтная лінія. Менш за ўсё патрабаванняў было да якасці відэа, бо ўзровень валодання тэхнікай розніўся».
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы і падарункі, а трох пераможцаў адзначылі спецыяльнымі прэміямі і галоўным прызам – прафесійнай экшн-камерай для ўвасаблення творчых ідэй. «Тры пераможныя месцы былі адзначаныя статуэткамі, – кажа Юрый. – Мы папрасілі вядомага магілёўскага майстра Сяргея Іванова прыдумаць нешта накшталт нашага Оскара». Магілёўскія статуэткі ўвасабляюць выкананую ў метале камеру, адпаведна месцам стылізаваную пад золата, срэбра і бронзу. Пераможцаў агучылі ў фінале кінафестывалю, які адбыўся ў сярэдзіне ліпеня на тэрыторыі этнахутара «Зялёны гай» («Зелёная роща»). Кароткаметражныя фільмы-пераможцы «Жоўты, жоўты Магілёў» Андрэя Немянкова, «Пісьмо жонцы» Аляксандра Гегелева, «Перапынак» Артура Апенькі, а таксама астатнія стужкі конкурснай праграмы можна знайсці і паглядзець на афіцыйнай старонцы кінафестывалю slovy.urbanistic.by
Як кажуць у кінематографе, працяг будзе. Фіналам першы магілёўскі фестываль аматарскіх кароткаметражных фільмаў «Словы» не скончыўся, бо знятыя магілёўцамі стужкі дэманстраваліся на іншых гарадскіх пляцоўках. «Мы вырашылі рабіць далейшыя паказы фільмаў, каб іх убачылі тыя, хто не змог прыйсці на фінал, паглядзець стужкі разам з удзельнікамі, абмеркаваць. Магчыма, кагосьці гэта заахвоціць да ўдзелу ў наступным годзе», – кажа Юрый. Другі фестываль, па задумках арганізатараў, будзе мець больш шырокі геаграфічны ахоп. «Узровень прафесіяналізму прац наўрад ці варта павялічваць, – мяркуе Юрый. – Нават у аматарскім фармаце знаходзіцца няшмат людзей, гатовых ахвяраваць час і высілкі для ўдзелу ў фэсце. А вось пашырыць геаграфію можна. Магчыма, у наступным годзе мы не будзем абмяжоўвацца толькі Магілёвам, а абвесцім конкурс і сярод іншых гарадоў краіны».
Сёлета «Словы» завіталі ў Бабруйск. Кароткаметражныя фільмы з фестывальнай праграмы паказалі на пляцоўцы тайм-клуба «1387». «У нас ёсць сталая суполка, якой мы глядзім аўтарскае беларускае кіно, – распавяла budzma.org гаспадыня антыкавярні Наталля Халанская. – Таму мы былі вельмі рады прыняць у сябе кінафестываль «Словы». Прыемна, што жыхары Магілёва прыехалі падзяліцца з намі тым, што адбываецца ў іх горадзе. На сустрэчу сабралася шмат людзей, асабліва моладзі. Мы праглядзелі стужкі, а пасля абмяркоўвалі творчыя і тэхнічныя моманты здымак. Прыемна, што на паказе прысутнічалі аўтары некаторых сюжэтаў, таму абмеркаванне атрымалася надзвычай актыўным. Гасцям было цікава, адкуль бяруцца ідэі, як іх перапрацоўваюць у відэасюжэт, чаму горад у кіно мы бачым па-іншаму. На жаль, у Бабруйску такіх праектаў дагэтуль не было. Не дзіўна, што даволі часта гучала пытанне, ці можна арганізаваць кінафэст у Бабруйску альбо далучыцца да Магілёва і стаць удзельнікам конкурсу ў наступным годзе. Я ўпэўненая, што зацікаўленасць будзе і ў іншых гарадах. Таму кінафестываль пашыраць варта. Галоўнае – даць магчымасць здымаць так, як атрымліваецца. Чым менш абмежаванняў, тым большая цікавасць будзе да праекта».
Яна Шыдлоўская
Фота з афіцыйнай старонкі кінафестывалю «Словы»