Прыроджаная загана. Чаму дзяржаўная кінавытворчасць заўжды трапляе ў карупцыйныя скандалы

20.12.2021 Кіно

Канец адыходзячага года запомніцца не атмасферай калядных святаў і сапраўдным зімовым надвор’ем, а рокатам бясконцых рэпрэсій, якім пакуль не відаць ні канца ні краю.

Апошняй такой падзеяй стала завядзенне Генеральнай пракуратурай новай крымінальнай справы (дарэчы, ужо шостай па ліку) супраць Паўла Латушкі.


30-Cinema.jpg
Фота: newbelarus.vision

Пракуроры знайшлі ў міністэрскім мінулым апазіцыйнага палітыка (ён быў міністрам культуры ў 2009–2012 гадах) злоўжыванне ўладнымі паўнамоцтвамі. Нібыта чыноўнік наўмысна даў загад прафінансаваць за рэспубліканскі кошт незапатрабаваныя кінапраекты ў 2012–2013 гадах. Сам Латушка хутка патлумачыў падзею помстай рэжыму, які не хацеў, каб з’явілася ваенная драма «У тумане» Сяргея Лазніцы — экранізацыя аднайменнай аповесці пісьменніка Васіля Быкава, вядомага крытыка дзейнай ўлады.

У_тумане_(афіша).jpg

Не выклікае сумневаў, што сама справа мае выразную палітычную матывацыю. Калі б экс-міністр сапраўды быў вінаваты ў нерацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў, што замінала яго прыцягнуць да адказнасці на працягу апошніх дзевяці гадоў? Чаму чакалі так доўга, калі ўсе дакументы «злоўжывання» засталіся ў архіве міністэрства? Гэтыя рытарычныя пытанні ячшэ раз дэманструюць, па якіх прынцыпах працуе айчыннае правасуддзе ў бязлітасную эпоху, калі не да законаў.

Але ёсць у гэтай гісторыі і больш цікавыя акалічнасці.

Напрыклад, што прычынай «крыміналкі» не з’яўляецца фінансаванне дзяржавай драмы «У тумане», як гэта хоча падаць сам Латушка.

Бясспрэчна, што беларуская ўлада мае зуб на постаць Васіля Быкава і яго культурную спадчыну. Менавіта таму «Беларусьфільм» і Міністэрства культуры доўга супраціўляліся ўступленню ў сумесныя здымкі фільма (грошы ў яго вытворчасць уклалі адразу чатыры краіны) у 2011 годзе, хаця яго аўтар — рэжысёр Сяргей Лазніца — на той момант ужо стаў пастаянным госцем найбуйнейшых кінафестываляў А-класа (Берлінале, Каны, Карлавы Вары і інш.).

Clip.jpg
Сяргей Лазніца (справа) кіруе здымачным працэсам, фота kimpress.by

Так ці інакш, але стужку знялі пры ўдзеле беларускагаа боку. Фільм трапіў у асноўны конкурс Канаў, дэлегацыя «Беларусьфільма» нават упершыню з’ездзіла на Канскі кінакірмаш, дзе ў яе запрацаваў свой нацыянальны павільён на працягу некалькі год (зачыніўся ў 2015-м).

Фактычна менавіта дзякуючы Латушку дзяржава ў той момант атрымала свае пяць хвілін міжнароднага прэстыжу, стаўшы ў вачах кінасупольнасці прагрэсіўным кінавытворцам, які падтрымлівае стварэнне праектаў высокай мастацкай якасці. Пагадзіцеся, назваць такі вынік «злоўжываннем паўнамоцтвамі» наўрад ці атрымаецца.

Але ў 2012 годзе адбылася яшчэ адна важная падзея — з’явіўся Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Дзякуючы яму ўпершыню дзяржава пачала выдаваць прыватным студыям (у тым ліку расійскім) грошы з бюджэту на здымкі кіно. Гэта быў сапраўды этапны момант для беларускага кінематографа, бо да гэтага грошы атрымоўвала выключна дзяржстудыя «Беларусьфільм», а са з’яўленнем Рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў гэтая манаполія фактычна знікла — і з’явілася пэўная канкурэнцыя. Прыватныя студыі і прадзюсары атрымалі магчымасць фінансавання сваіх праектаў. Толькі адны з іх выканалі кантрактныя абавязацельствы — выпусцілі фільмы ў дамоўлены тэрмін, вярнулі дзяржаве грошы. А вось іншыя — не выканалі, стварыўшы глебу для карупцыйнага скандалу.

паказ_Купалы.png
Трэйлер фільма "Купала" паказалі журналістам, 2019 год. Фота Віктара Талочка,sputnik.by

Адным з такіх парушальнікаў аказалася расійская студыя ТАА «Маскіт», якая зняла камедыю «З 8 сакавіка, мужчыны». Яе кіраўніцтва ў абыход Міністэрства культуры завалодала выключнымі правамі на фільм, у тым ліку на магчымасць на яго камерцыйны паказ за мяжой. З-за гэтага і «Беларусьфільм», і Мінкульт сумарна «трапілі» на 1 млн долараў. А расіяне фактычна зарабілі 3 млн долараў пры ўласных укладаннях у 500 тысяч долараў. Сваім прыбыткам яны са сваімі беларускімі партнёрамі дзяліцца не сталі.

Таксама з-за абвальвання курсу беларускага рубля ў 2014 годзе не быў скончаны дзіцячы фільм «Неверагодныя прыгоды Арбузіка і Бябешкі», прадзюсарам якога быў з’ехаўшы з сям’ёй у Ізраіль Аляксандр Лявенчук.

8a6b8b3320b893d86b666831b96cab4e.jpg
На здымках «Неверагодных прыгодаў Арбузіка і Бябешкі», фота relax.by

Грошай на заканчэнне здымкаў не хапіла, а перамовы з Мінкультам зайшлі ў тупік. У выніку па гэтых справах так нікога і не прыцягнулі да адказнасці. «Крыміналку» паспрабавалі завесці ў 2018 годзе на Алега Сільвановіча (экс-гендырэктар «Беларусьфільма» ў 2011–2015 гадах), але яна так нічым і не скончылася. Сёлета Сільвановіч вельмі бойка дапамагаў Мінкульту праводзіць кінафестываль «Лістапад», стаўшы адным з дырэктарам конкурсу гульнявога кіно новай дырэкцыі кінафестывалю. І гэты абуральны прыклад далёка не адзіны ў сістэме дзяржаўнай кінематаграфіі. Непразрыстасць працэсаў фінансавання кіно ў Беларусі ўжо не першае дзесяцігоддзе становіцца падставай для карупцыі. І вінаваціць у іх улада заўжды розных людзей.

Узяць, напрыклад, растыражаваную гістарычную драму «Анастасія Слуцкая» Юрыя Ялхова. Вытворчасць першага нацыянальнага блакбастара пачатку нулявых пра жыццё князёўны, пад кіраўніцтвам якой Слуцк адбіваў набегі татараў у ХV стагоддзі, стваралася са скрыпам. На яго вытворчасць выдаткавалі 1 млн долараў — рэкордныя грошы для краіны на той момант, але толькі частка з іх пайшла на стварэнне стужкі. Аднак гэта было толькі пачаткам праблем — пасля прэм’еры нацстудыя «Беларусьфільм» з дазволу Мінкульта прадала правы на фільм прыватнай расійскай фірме з Новасібірска за мізэрны кошт у 8,5 тысяч долараў. Як паведамляў сайт bulletinonline.org, хітрыя расіяне змянілі стужцы назву на «Княгіню Слуцкую» — і зарабілі на продажы копій на рынку РФ каля 7 млн долараў. Нават частка гэтых грошай да беларусаў так і не дайшла. Тым не менш публічна прэтензіяў да міністра культуры, якім на той момант быў Леанід Гуляка, ці да іншых службовых асоб з боку ўлады так і не прагучала.

Суцэльным скандалам апынуліся і здымкі яшчэ адной гістарычнай стужкі — ваеннай драмы «Сляды на вадзе», прымеркаванай да стагодззя з моманту з’яўлення беларускай міліцыі. Праект ад пачатку аказаўся праблемным. Кіраўніцтва «Беларусьфільма» не дазволіла рэжысёру Андрэю Голубеву, які напісаў сцэнар, заняць месца пастаноўшчыка. На гэтую пасаду запрасілі «варага» — расійскага рэжысёра Ягора Канчалоўскага, стваральніка крымінальных баевікоў у нулявыя гады. Кінематаграфіст прыязджаў у Мінск на здымачную пляцоўку, падпісаў кантракт на 180 тысяч долараў (для сябе і сваёй асістэнткі) — але ў апошні момант яго звольнілі, перадаўшы права на здымкі малавядомаму рэжысёру Аляксандру Анісімаву, які і зняў стужку. Канчалоўскі гэтай ракіроўкай быў шакаваны і запатрабаваў ад «Беларусьфільма» няўстойку, напісаўшы нават ліст да Аляксандра Лукашэнкі, каб той вырашыў сітуацыю на яго карысць. Чым скончылася гэтая гісторыя, дакладна невядома, але ні кіраўніцтва «Беларусьфільма» (Ігар Поршнеў, які ўжо памёр), ні міністра культуры (Барыс Святлоў) да адказнасці не прыцягнулі.

Спіс заганаў можна яшчэ доўга працягваць, але сутнасць праблемы застанецца нязменнай. Улада самастойна стварыла ўмовы для мутных схемаў фінансавання беларускага кіно, што бяззменна дзейнічае ўжо чвэрць веку і дазваляе камусьці абагачацца, а сілавікам — збіраць кампрамат на непажаданых людзей.

Але ці апраўдвае гэта Латушку, калі выявіцца, што ён сапраўды вінаваты ў злоўжыванні ўладай? Безумоўна, не. Вось толькі адказнасць павінен несці не толькі ён, але і ўсе ўдзельнікі гэтай шэрай схемы, якія мелі да яе дачыненне. Як вышэй ва ўладнай вертыкалі, так і ніжэй. Тут, як кажуць, адзін у полі не воін.

Чытайце яшчэ:

Cімфонія раз’яднання. Як дзяржава за некалькі месяцаў дэвальвавала кінафестываль «Лістапад»

Тарас Тарналіцкі, budzma.org