Карысны перапынак: ідэі, як адпачываць сярод працоўнага дня

А вы часта робіце перапынкі падчас працы? Якім бы ні быў ваш працоўны дзень: 8 гадзін, 4 ці 12, час ад часу ўсё ж трэба перарывацца. Асабліва гэта датычыць тых, хто працуе інтэлектуальна. Па-першае, у іх больш «вольны» графік перапынкаў, то бок яны самі могуць абіраць час для перакуру. Па-другое, нават пры моцным жаданні некалькі гадзін запар працаваць галавой досыць складана: і працаздольнасць значна паніжаецца, і для здароўя шкодна.


3-1024x611.png

Для таго, каб увесь працоўны час захоўваць бадзёрасць і актыўнасць, а таксама не псаваць здароўе, важна своечасова рабіць перапынкі. І тут можна вылучыць два падыходы, як гэта рабіць.

Першы падыдзе для тых, у каго больш-менш аднастайная і манатонная праца «без пачатку і канца». Тады варта ўсталяваць для сябе пэўны час, праз які вы будзеце перапыняць яе для адпачынку. У залежнасці ад напружанасці і складанасці працы інтэрвалы будуць вагацца ад 40 хвілін да дзвюх гадзін. Такім чынам, разбіваеце свой працоўны дзень на інтэрвалы: праца — адпачынак. Для гэтага вельмі зручна выкарыстоўваць рознага кшталту мабільныя дадаткі, напрыклад Visual Timer, Goodtime, Brain Focus, Tabata Timer і інш.

Другі падыход лепш падыдзе, калі ў вас рознаскіраваная і разнародная праца. Ён заснаваны на ўласных адчуваннях. То бок працуеце, пакуль не адчуеце патрэбу ў перапынку.

Якія перапынкі звычайна робіце вы? Часцей за ўсё ў офісе гэта шпацыр да месца, дзе можна папаліць, паход да імбрыка ці кавамашыны. Альбо гутарка з калегамі ці завісанне ў сацыяльных сетках/камп’ютарных гульнях. Ад такіх перапынкаў карысці, па шчырасці, няшмат. У гэтым артыкуле мы прапануем па-іншаму паглядзець на перакуры і зрабіць іх не толькі карыснымі, але і вясёлымі.

1. Адпачынак для цела

Калі ваша праца здзяйсняецца ў асноўным за камп’ютарным сталом, карыснымі будуць перапынкі, скіраваныя на цела. Гэта разнастайныя варыяцыі «фітнесу паміж справамі»: паадціскацца ад працоўнага стала, пахадзіць з кнігай на галаве, пакуль дамаўляецеся з партнёрамі па тэлефоне, на нейкі час замяніць сваё працоўнае крэсла на фітбол.

Калі ў вас сяброўская атмасфера, можна зладзіць танцавальныя перапынкі — запрасіце калегу на вальс ці беларускі «крыжачок». 3 — 5 хвілін і не толькі фізічная нагрузка, але і цудоўны настрой на ўвесь дзень вам будуць забяспечаны. Калі тэма зойдзе, можна ладзіць танцавальныя батлы альбо чэленджы.

Калі ў вашым офісе ёсць лесвіцы, шпацыр пешшу на 5 — 10 паверхаў уверх таксама будзе дарэчы. Запрасіце з сабой калегу — па дарозе можна будзе падзяліцца навінамі альбо абмеркаваць бягучы праект.

2. Ежа

Канешне ж не ўсе перакуры варта прысвячаць шпацырам ды фітнесу. Можна і смачненькім сябе пабалаваць. Толькі абмяжуйце колькасць выпітай за працоўны дзень кавы. Памятайце, што кубак кавы ў руках = высокая працаздольнасць — гэта ўсяго толькі рэкламны хітрык. Лепш замяніць такое пітво на чыстую ваду, зялёную гарбату, сок, кампот, кефір — выбар вялікі. Можаце нават прызначыць напой для кожнага дня тыдня. Таксама можна зрабіць перакус з арэшкаў, садавіны, ёгурта, салаты.

Ежа і пітво, безумоўна, дапамагаюць расслабіцца і адпачыць. Толькі варта правільна падбіраць тое, чым вы збіраецеся перакусваць на працоўным месцы.

3. Пясочны гадзіннік

Гэтая методыка падобная да сістэмы таймераў. Набываеце пясочны гадзіннік на 5 — 7 хвілін і, калі адчуваеце, што стаміліся, пераварочваеце. У той час, пакуль перасыпаецца пясок, займаецеся чым-небудзь для вас прыемным альбо карысным.

Напрыклад, можна расчасаць валасы альбо зрабіць сабе массаж твару ці шыі. Гэта і прыемна, і карысна, асабліва, калі большую частку працоўнага дня вы праводзіце за маніторам камп’ютара.

Таксама можна заплюшчыць вочы і проста пасядзець у цішыні: даць адпачынак сваім органам пачуццяў.

Яшчэ адзін вельмі карысны занятак для «пясочнага гадзінніка» — прыбрацца на сваім працоўным месцы: разгрэсці тэчкі з паперамі, сцерці пыл з сістэмнага блоку, паліць кветкі, памыць кубак і г.д.

Калі ў вас побач акно ці ёсць магчымасць выйсці на вуліцу, цудоўным адпачынкам стане назіранне за якім-небудзь прыродным аб’ектам: як маша галінкамі дрэва, якога колеру і адценняў кветкі на клумбе, на што падобныя аблокі на небе... А, калі вы не любіце «марна» губляць час, то ў свой «пясочны гадзіннік» можна паскладваць кубік Рубіка, пазбіраць пазлы, паразмалёўваць мандалы, вывучыць некалькі новых замежных словаў альбо засвоіць новы прафесійны ці агульнаадукацыйны панятак.

2.jpe.jpg

Калі вы хочаце, каб цягам дня ваша працаздольнасць заставалася на ўзроўні і не прыходзілася цягнуць працу дадому, варта памятаць пра перарывы ды адпачынкі. Прыслухайцеся да свайго арганізму — што ён любіць і патрабуе, каб быць здаровым і поўным сіл? Перакладзіце гэта на карысныя рэчы і заўжды заставайцеся «ў рэсурсе»!


Вікторыя Лебедзева, budzma.by

Ілюстратыўнае фота: parusaassol.ru