Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык, які напісаў музыку да многіх вершаў беларускіх паэтаў, аўтар музыкі да гімну Н. Арсенневай «Магутны Божа», нарадзіўся 5 снежня 1886 года.
Мікола Равенскі паходзіў з сям’і садоўніка. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Менскім архірэйскім хоры, дзе спяваў восем гадоў. Потым быў дырыжорам хору ў менскім манастыры, хормайстрам у Навагрудку, вучыўся ў Маскве на трохгадовых рэгенцкіх курсах. У 1920-1922 гадах працаваў дырыжорам хору пры Менскім работніцкім клубе.
У 1922 годзе М. Равенскі выдаў першы свой “Зборнік песень з нотамі”. Затым напісаў аперэту “Залёты” паводле п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, сюіту на словы паэмы К. Буйло “Курган”. Здольнага кампазітара накіравалі на вучобу ў Маскву, дзе ён закончыў Музычны тэхнікум імя Стасава, Маскоўскую кансерваторыю. Пазнаёміўшыся з паэтам Уладзімірам Дубоўкам, пачаў пісаць оперу “Браніслава” паводле яго вершаў (лічыцца, што партытура загінула).
У 1930 годзе кампазітар вярнуўся ў Менск. Выкладаў тэарэтычныя дысцыпліны ў музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі. Але пасля таго, як бязвіннай ахвярай рэпрэсій аказаўся брат Міколы Равенскага Антон, вымушаны быў пераехаць у Магілёў. У акупацыю вярнуўся ў Менск, але калабарантам не стаў. Больш таго, яго дачка Лёля загінула ад рук нацыстаў за тое, што дапамагала падпольшчыку І. Казінцу. У 1943 годзе пераехаў у Чэрвень, працаваў там рэгентам царкоўнага хору, пісаў духоўную музыку. А ў 1944 годзе, баючыся рэпрэсій, пакінуў сям’ю і выехаў у Германію, дзе жыў у лагеры для перамешчаных асоб. Працаваў настаўнікам спеваў у беларускіх гімназіях у Міхельсдорфе і Остэргофене, стварыў беларускі жаночы ансамбль, напісаў найбольш вядомы свой твор — гімн “Магутны Божа”.
Найбольш плённым перыядам у жыцці М. Равенскага былі 1949-1953 гады, калі ён узначальваў беларускі студэнцкі ансамбль Лювэнскага універсітэта (Бельгія), ездзіў са спевакамі і танцорамі на гастролі па Бельгіі, у Францыю і Германію. Калегі па універсітэту называлі дырыжора ансамбля прафесарам музыкі і спеваў.
Памёр М. Равенскі 9 сакавіка 1953 года. Пахаваны ў Лювэне. На яго магіле пастаўлены помнік работы беларускага скульптара Міхася Наўмовіча (Парыж). Памяць пра нашага суайчынніка ўвекавечана на радзіме. У Капланскай школе вучні і настаўнікі стварылі прысвечаны яму музей. А ў Чэрвені, на доме, дзе жыў і працаваў Равенскі, устаноўлена мемарыяльная дошка, гістарычныя матэрыялы Календарыюм // Czasopis № 12/2006.
Фота: bielarus.eu