У Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве ідуць заняткі па мужчынскіх традыцыйных спевах. Далучыцца можа кожны, з любым узроўнем вакальнай падрыхтоўкі. Мы пагутарылі з выкладчыкам і актывістам Сержуком Доўгушавым пра тое, як праходзяць заняткі, ролю песні ў жыцці беларусаў, яго ўласны шлях да беларушчыны і занурэння ў фальклор.
На занятках па мужчынскіх спевах у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве
Для каго заняткі
На заняткі можа прыйсці кожны, нават чалавек зусім без вакальнага досведу. Па панядзелках у 18.00 у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве, вуліца Dożynkowa, 6a.
Я даю «хатнія заданні»: слухаць запісы вясковых выканаўцаў, рабіць дыхальна-гукавыя практыкаванні. Калі чалавек будзе іх выконваць і рэгулярна хадзіць на заняткі, то з часам ён напрацуе слых, сфармулюе ўласны стыль і манеру гучання. Тады я запрашаю ў больш вузкае кола, гурт, з якім мы ўжо спрабуем выступаць. Там мы працуем над тэхнікай, чысцінёй гуку, удасканальваем уменне падводзіць — весці верхні голас. Спяваем часцей на два галасы, часам ёсць і трохгалоссе.
Сяржук Доўгушаў
Я лічу, што лепш, каб жаночыя спевы выкладала жанчына, а мужчынскія — мужчына. Але гэта не абавязкова, у нас ёсць добрыя выкладчыцы, якія вучаць і мужчын у тым ліку: Ірына Мазюк (гурт «Кудмень»), Вольга Емельянчык (гурт «Варган»), Наста Някрасава (Poniemnie) і інш. Я не бяруся зараз вучыць, напрыклад, як выконваць жніўныя песні ці калыханкі, бо гэта — жаночы рэпертуар. Мы з хлопцамі пяем бяседныя песні. Іх маглі выконваць і жанчыны. Але значная частка заняткаў прысвечана касарскім, рэкруцкім, ваярскім песням. Таму пакуль застаемся ў мужчынскай кампаніі. У хуткім часе будзем развучваць калядныя, а потым валачобныя песні.
Манера спеваў
Хто з выкладчыкаў скажа «Я вучу чыста традыцыйнай манеры спявання»? Мне здаецца, гэта вельмі ўмоўна. Я на занятках разам з тымі, хто да мяне прыходзіць, таксама шукаю той ключ, тую сувязь са спевамі нашых дзядоў. Я не назаву гэта «акадэмічны спеў», не назаву «харавы спеў», там спецыфіка зусім іншая. Зараз наша мэта — навучыцца кіраваць сваім голасам, рабіць гэта натуральна, ісці ад прыроды, ад сваіх тэмбраў. Мы ідзем да традыцыйнага гучання, спрабуем разабраць спецыфіку гэтых спеваў.
Што адбываецца на занятках
Спачатку мы робім практыкаванні, каб разняволіць голас, пагучаць. Потым пачынаем спяваць. Заняткі ў Варшаве — гэта фактычна мужчынскія спеўныя сходы. Можа прыйсці і больш за 20 чалавек. Мы часам разбіваемся на групы, якія спяваюць па куплеце, але ў такой вялікай кампаніі ўсё роўна цяжка ўсіх чуць. Таму гэта хутчэй не праца над вакальнай тэхнікай, а кайф паспяваць мужчынскія песні разам. Зараз ідзе такое наладжванне, выраўноўванне адзін да аднаго. Бывала, што людзі прыходзілі і спявалі вельмі заціснутымі альбо плоскімі галасамі. Мне б хацелася наблізіць гучанне да традыцыйных беларускіх мужчынскіх спеваў.
На занятках па мужчынскіх спевах у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве
На дадзеным этапе я раблю гэтыя заняткі задарма і дабрачынна, бо мне самому цікава ў гэтым разабрацца, больш зразумець. Задача першая — увогуле пазнаёміць чалавека з яго голасам, навучыцца ім кіраваць. Другая — далучыцца да традыцыі мужчынскіх спеваў і атрымоўваць асалоду ад працэсу. Таму, хто прыходзіць да мяне на заняткі ўпершыню, я спрабую патлумачыць, што ёсць голас, дзе апора, дзе гук, як робіцца яго ўзмацненне. Далей мы пераходзім да наступнага этапу — гэта стыль, разуменне спецыфікі. Я заклікаю ўсіх слухаць дома мужчынскія традыцыйныя спевы і аналізаваць. Не імітаваць манеру, а проста аналізаваць: што ён тут робіць? Такі прыўкрас. Як ён гэта робіць?
Пра вопыт выкладання спеваў
Я маю досвед прафесійнага выкладання спеваў. Свой курс я называў «Прыродны голас», бо мне важна захаваць прыроду чалавека, яго натуральны тэмбр. Мая адукацыя — Акадэмія музыкі, я спявак, выкладчык акадэмічнага спеву. Пытанні кіравання сваім гукам, дыханнем — я магу гэта даць на занятках.
Яшчэ я скончыў магістратуру Акадэміі навук, праўда, не абараніў магістарскую працу. Яна была пра традыцыю беларускага лірніцтва. Акрамя таго, я ездзіў у Піцер, у Польшчу, Чэхію, браў розныя майстар-класы, ад госпэл-спеваў да сярэднявечных. З традыцыяй беларускага мужчынскага спеву знаёміўся ў фальклорных экспедыцыях, вывучаў і аналізаваў па архівах, запісах.
На занятках па мужчынскіх спевах у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве
Пра акадэмічныя спевы
Цяпер я не назаву сябе акадэмічным спеваком. Мне стала ў пэўны момант нецікава спяваць оперу, хаця я зразумеў спецыфіку манеры, выступаў у Оперным тэатры, працаваў у філармоніі 8 гадоў. Мне гэта прыдалося, каб прафесійна зразумець, як фарміруецца голас, як ім кіраваць, рабіць яго лепш.
Пра абуджэнне цікаўнасці да фальклору
У мяне не было магчымасці паслухаць свайго дзеда, прадзеда, як яны спявалі. Я ведаю, што на Гомельшчыне, у Кармянскім раёне, была вельмі спеўная вёска, адкуль паходзяць мае продкі. Пасля Чарнобылю іх усіх рассялілі. Я мог паслухаць толькі, як спявае мая цётка. Яна пачынае «Чырвоная вішня…» — і я ўжо чую па стылі, што гэта Гомельшчына.
На занятках па мужчынскіх спевах у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве
У мяне не было прыкладу ў вёсцы, каб я проста слухаў традыцыйныя песні цэлымі днямі. Я выхоўваўся ўжо пазней, як і шмат хто, на запісах іншых даследчыкаў, якія зафіксавалі раней, у тым ліку выкананне знакамітай тройкі спевакоў — Сцяпан Дубейка, Васіль Швед і Іван Прыбора. У іх вельмі высокія галасы, для іх гэта прыродна, натуральна. Але мы не можам сёння рабіць проста копію, бо гэта будзе музейная імітацыя чужога голасу. Гэта ні да чаго не прывядзе. Я вельмі не люблю, калі мы проста імітуем нейкую манеру спеваў. Гэта можа гучаць прыгожа, але ненатуральна.
Мы рабілі эксперыменты над фальклорам з гуртом Vuraj. Я адкрыў для сябе вельмі шмат новага. Пачаў займацца даследаваннем і папулярызацыяй традыцыйнай беларускай культуры. Яшчэ пачуў мужчынскую песню, якую спяваў Рыгор Барадулін. А так пакрысе, кніжка за кніжкай, песня за песняй — і ўсё больш і больш ты ў гэта паглыбляешся.
Пра іншыя праекты
Асноўны мой праект — Дом творцаў. Мы робім творчыя рэзідэнцыі, выставы. Было некалькі тэатральных рэзідэнцый, мастацкіх, музычных. У праекце «Традыцыя» мы займаемся выдавецкай дзейнасцю. Выйшла некалькі спеўнікаў (пра прэзентацыю бяседнага спеўніка ў Варшаве мы пісалі тут — рэд.), зараз рыхтуем чарговы, дзіцячы. Выдаем аўтэнтычную музыку. Апошні альбом — палескі дуэт Еўдакіі Зяновіч і Фёдара Булыгі.
Выступ гурта мужчынскіх спеваў у касцёле Св. Аляксандра ў Варшаве
Сёлета спаўняецца 10 гадоў ініцыятыве «Спеўны сход», якая яднала людзей праз песню. Нядаўна з дапамогай ахвяраваных сродкаў зноў з’явіўся сайт з матэрыяламі, spevy.org. Ён быў на беларускім дамене, мы вырашылі яго перанесці на больш бяспечную платформу і палепшыць. Плануем дадаць больш нот, фанаграм.
Што такое спевы для беларусаў
Спевы — гэта вяртанне да сябе, да сваіх каранёў, як бы гэта пафасна ні гучала. Беларусы — спеўная нацыя. Праз песню можна зразумець душу народа.
Я сам прыйшоў да беларускай мовы дзякуючы песні. Спачатку народныя песні, рок. Але па-беларуску. І ты паступова пераходзіш на мову, гэта вельмі звязана. І, канечне, спевы — гэта тэрапія, унутраная тэрапія сябе як беларуса.
Беларускі моладзевы хаб у Варшаве — пляцоўка, на якой дзейнічаюць больш за 20 ініцыятыў і арганізацый: Беларуская музычная школа, заняткі танцамі, адукацыйныя сустрэчы, сацыяльны клуб «Лісты палітвязням», кінапрагляды, моладзевы клуб «Суполка», клуб інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», сустрэчы з псіхолагамі, жаночы клуб ЯЁсць, рэгулярныя канцэрты, выставы і прэзентацыі, беларуска-польскаія праекты: Чытаем з табой (навучанне польскай мове), экскурсіі па Варшаве ад беларускамоўнага паляка Альберта Вяжбіцкага, крама з беларускімі кнігамі і мерчам TheKrama Store, каворкінг для актывістаў і журналістаў. Таксама Хаб выкарыстоўваецца для канферэнцый і трэнінгаў.
Штодня ў Хабе адбываецца ад трох да сямі мерапрыемстваў. Сачыць за раскладам можна па календары мерапрыемстваў.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі
Чытайце яшчэ:Каардынатар беларускай моладзевай суполкі ў Варшаве Уладзіслаў Пісараў: «Моц беларускай моладзі ў адзінстве»