«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра першага беларускага касманаўта.
Пётр Клімук — першы беларускі касманаўт, лётчык-касманаўт СССР (1973), генерал-палкоўнік авіяцыі (1980), двойчы Герой Савецкага Саюза (1973, 1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1978, 1981).
Нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзіцячыя і школьныя гады правёў на радзіме, дзе ў 1959 годзе скончыў сярэднюю школу. У 1964 годзе з адзнакай скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, у 1977-м — Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю.А.Гагарына ў Маскве, у 1983-м — Ваенна-палітычную акадэмію.
У 1965 годзе быў залічаны ў атрад касманаўтаў, прайшоў поўны курс агульнакасмічнай падрыхтоўкі і падрыхтоўкі да палёту на караблях тыпу «Саюз». Свой першы касмічны палёт здзейсніў 18–26 снежня 1973 года сумесна з В.Лебедзевым у якасці камандзіра касмічнага карабля «Саюз-13». Другі палёт П.Клімука адбыўся 24 мая — 26 ліпеня 1975 года з В.Севасцьянавым у якасці камандзіра карабля «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4»; трэці — 27 чэрвеня — 5 ліпеня 1978 года ў складзе міжнароднага экіпажа з В.Кавалёнкам, А.Іванчанкавым, М.Гермашэўскім. З 1978 года працуе ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына начальнікам палітаддзела — намеснікам начальніка Цэнтра, а з 1991 года П.Клімук — начальнік Цэнтра.
За час сваёй работы на арбіце (78,8 сутак) П.Клімук удзельнічаў у правядзенні шэрагу астрафізічных даследаванняў, тэхналагічных, медыцынскіх, біялагічных эксперыментаў. Разам з іншымі ўдзельнікамі палёту займаўся візуальнымі назіраннямі, фатаграфаваннем і спектраграфаваннем зорнага неба, актыўных участкаў Сонца, палярных ззянняў, серабрыстых воблакаў і інш. Дзякуючы дзейнасці касманаўта стала магчымым вывучэнне праблем адаптацыі чалавека да абставін палёту, наступнага прыстасавання яго да зямных умоў.
Аўтар кніг «Побач з зоркамі», «Атака на бязважкасць».
З 1979 года быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
П.Клімук — кавалер трох ордэнаў Леніна (1973, 1975, 1978), ордэна «За службу Радзіме ў УС СССР», ордэна «Крыж Грунвальда» 1-й ступені (ПНР). За заслугі ў развіцці і ўмацаванні навукова-тэхнічнага і ваеннага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у 2002 годзе ўзнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» 2-й ступені. Узнагароджаны Залатым медалём імя К.Э.Цыялкоўскага, Залатым медалём імя Ю.А.Гагарына, Залатым медалём Акадэміі навук Польскай Народнай Рэспублікі.
Ганаровы грамадзянін гарадоў Калуга, Гагарын (Расія), Джэзказган (Казахстан).
На радзіме першага беларускага касманаўта ў Брэсце ўстаноўлены бюст (скульптар І.Міско, архітэктар С.Баткоўскі, 1978 г.).