Касцёл Святой Троіцы ў Чарнаўчыцах. 440 год ад пачатку будаўніцтва

Гэты храм месціцца ў аграгарадку Чарнаўчыцы за 18 км ад Брэста. Адміністрацыйна адносіцца да Брэсцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі, — піша «Планета Беларусь».


6hb3piz90crpmonh7gs4c412a2f28zdy.jpg

Храм у Чарнаўчыцах пабудаваны з цэглы ў 1585–1595 гадох на сродкі ваяводы Мікалая Крыштафа «Сіроткі» Радзівіла.

Спраектаваў касцёл манах-езуіт, якога Радзівілы запрасілі ў Чарнаўчыцы з Італіі. А непасрэдна ўзвядзеннем храма займаліся інжынеры са Швейцарыі.

Пасля здушэння паўстання 1863 года, як і шматлікія іншыя каталіцкія храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ён быў перададзены праваслаўнай царкве. Пасля ўваходу Чарнаўчыц у склад Польшчы, у 1918 годзе касцёл быў вернуты каталікам. У 1998 годзе храму вернуты таксама парафіяльны будынак (плябанія), у якім за савецкім часам размяшчалася лякарня, а пасля музычная школа.

Траецкі храм быў месцам захавання шанаванага абраза Панны Марыі, які быў вывезены па Першай сусветнай вайне і пасля страчаны.

r57k5d1p1j4sznadrrzwfg6woa702g04.jpg

Аднанефны храм узводзіўся яшчэ і як фартэцыя: таўшчыня сцен бакавых фасадаў тут больш за адзін метр. Апсіда і бакавыя фасады маюць рысы гатычнай архітэктуры, што прасочваецца ў масіўных сценах з контрфорсамі і ў вузкіх выцягнутых паўцыркульных вокнах. Стромкі высокі дах таксама ўласцівы канструктыўным прыёмам гатычнай архітэктуры. Цыліндрычны збор упрыгожаны ляпнымі нервюрамі з геаметрычным малюнкам — матыў рэнесанснай архітэктуры. У інтэр’еры храма вылучаюцца тры барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры XVIII стагоддзя, адна — у алтары і дзве — у нішах галоўнага фасада.

Архітэктура званіцы носіць яскрава падкрэсленыя рысы абарончага дойлідства і нагадвае кампазіцыю абарончай замкавай вежы Нясвіжа, пабудаванай таксама напрыканцы XVI стагоддзя.

z3ysy5rn3pa9c1fgdgb1mx2100n9tplc.jpg

Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.