Ужо хутка пачнецца турыстычны сезон. Межы закрытыя, а гэта добрая нагода для падарожжа па Беларусі і адкрыцця новых цікавых мясцін. Сёння budzma.by сабрала для вас пяць адметных касцёлаў Гродзенскай вобласці, якія варта адведаць!
Кафедральны сабор святога Францыска Ксаверыя
Дзе: Гродна
Час пабудовы: XVII ст. Стылістыка: барока
Касцёл св. Францыска Ксаверыя
Касцёл святога Францыска Ксаверыя, альбо, як самі гарадзенцы яго называюць, Фарны касцёл, знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Напрыканцы XVI ст. Стэфан Баторый запрасіў у горад езуітаў, бо вельмі паважаў гэты ордэн. Баторый не раз казаў: «Калі б я не быў каралём, быў бы езуітам». Менавіта яму належала ідэя стварэння на Гродзеншчыне арганізацыі езуітаў. Планы па стварэнні калегіума адклаліся з прычыны смерці Баторыя.
У 1620-я гады пачаліся працы па стварэнні комплексу кляштара езуітаў. У выніку туды ўвайшлі касцёл, езуіцкі калегіум, бібліятэка, аптэка, друкарня, а таксама жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Калі першапачаткова касцёл быў збудаваны з дрэва, то ў 1678 годзе пачалі ўзводзіць вялікі мураваны храм. Першыя службы ў новым храме адбыліся ў 1700 годзе, а праз пяць гадоў касцёл асвяцілі ў гонар святога Францыска Ксаверыя. Асвячэнне адбывалася ў прысутнасці манархаў саюзных дзяржаў у вайне супраць Швецыі, караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ, а таксама Пятра І.
Касцёл св. Францыска Ксаверыя мал. Н. Орда
21-метровы драўляны алтар уражвае веліччу. На ім размешчаныя скульптуры апосталаў і Хрыста. На сценах можна ўбачыць фрэскі, а таксама некалькі памятных шыльдаў у памяць навукоўцаў Урублеўскіх. У касцёле размешчаны адзіны ў горадзе помнік гарадзенскаму старасце і падскарбію ВКЛ Антонію Тызенгаўзу. А сам сабор — адзін з трох каталіцкіх храмаў у Беларусі, які носіць ганаровы тытул малой базілікі. Гэты тытул надае сам Папа Рымскі.
Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла
Дзе: в. Старыя Васілішкі, Шчучынскі раён.
Час пабудовы: 1897–1903 гг. Стылістыка: неаготыка
Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла Фота: fotobel.by
Нягледзячы на тое, што прыход у вёсцы быў заснаваны ажно ў 1485 годзе, будаўніцтва касцёла пачалося толькі ў 1897-м і працягвалася да 1903 г. Храм быў збудаваны з чырвонай цэглы па праекце польскага архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага.
Унутры касцёла вельмі выразна глядзяцца фрэскі, вітражы і разьба па дрэве. Дзякуючы таму, што касцёл пабудаваны на ўзвышшы, яго бачна за некалькі кіламетраў. Фундамент касцёла абкладзены некалькімі дзясяткамі плітак, на якіх былі напісаныя імёны мясцовых жыхароў, што ахвяравалі грошы на будаўніцтва касцёла. Але ў савецкія часы імёны былі замазаныя.
Будаўніцтва касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла
Напэўна, самае цікавае ў гэтым храме — арган. Пэўны час на ім граў бацька выбітнага польскага музыкі Чэслава Немена. І нават сам Чэслаў дзіцём неаднаразова наведваў касцёл і спяваў у хоры. У адной з песень Немана «Dziwny jest ten świat» можна пачуць, як гучыць той арган.
Унутры храма, злева ад алтара, ёсць штучныя пячоры, у якіх прадстаўленая кампазіцыя нараджэння Хрыста і сустрэча з магамі. У Беларусі такіх пячораў больш няма нідзе.
Касцёл Святой Тройцы
Дзе: в. Гервяты, Астравецкі раён
Час пабудовы: 1899–1903 гг. Стылістыка: неаготыка
Касцёл Святой Тройцы
Першапачаткова ў вёсцы была драўляная царква, але ў 1899–1903 гг. на яе месцы быў збудаваны вялікі і неймаверна прыгожы новы касцёл. Спецыяльна для будаўніцтва храма побач з вёскай быў збудаваны завод па вытворчасці цэглы, а на будоўлі штодзённа працавала каля ста чалавек. Вышыня касцёла — 61 метр, што робіць яго адным з самых высокіх храмаў у Беларусі.
Архітэктар храма ўпрыгожыў яго па ўсіх канонах гатычнага стылю як звонку, так і знутры, дзе моцна ўражваюць вітражы з каляровага шкла і драўляныя скульптуры. Каля касцёла разбіты парк з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і скульптурамі апосталаў. Службы вядуцца ў храме на трох мовах: беларускай, польскай і літоўскай. Адна з рэгіянальных асаблівасцяў былога віленскага краю — драўляныя крыжы, усталяваныя перад касцёлам.
Касцёл Божага Перамянення
Дзе: Навагрудак
Час пабудовы: 1723 г. Стылістыка: барока
Касцёл Божага Перамянення
Касцёл Божага Перамянення — барочная перліна першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ім 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.
Касцёл быў закладзены ў 1395 годзе князем Вітаўтам. На жаль, дадзеных пра тое, як першапачаткова выглядаў храм, не засталося, ёсць меркаванне, што ён быў драўляным. Тут у 1422 годзе польскі кароль Уладзіслаў Ягайла пабраўся шлюбам з княгіняй Гальшанскай Соф’яй, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў.
У 1723-м замест драўлянага храма быў збудаваны барочны мураваны касцёл. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гг. храм быў закрыты царскімі ўладамі. Доўгі час ён пуставаў і быў у заняпадзе. У 1906 годзе храм вярнулі каталікам, а пасля аднаўлення ў перыяд 1921–1923 гг. быў асвечаны наноў.
Касцёл Божага Перамянення мал. Н. Орда
Падчас Другой сусветнай вайны, 1 жніўня 1943 года, нацысты расстралялі 11 сясцёр-мучаніц, што служылі ў гэтым касцёле. Сёстры аддалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на расстрэл, замест смяротнага пакарання тых накіравалі на працы ў Нямеччыну. А целы сясцёр-мучаніц пахаваныя ў касцёле.
Касцёл Маці Божай Ружанцовай
Дзе: в. Пескі, Мастоўскі раён
Час пабудовы: 1900–1915 гг. Стылістыка: неаготыка
Касцёл Маці Божай Ружанцовай
Каталіцкі прыход у мястэчку быў заснаваны ў 1782 годзе, тады ж пабудавалі першы храм. Пра гэта можна даведацца са звана з надпісам. Звон быў адліты ў 1780 годзе спецыяльна для гэтага касцёла. У 1857 годзе быў збудаваны новы храм. Праз паўстагоддзя на месцы раней збудаванага драўлянага храма з’явіўся мураваны касцёл з бутавага камення і цэглы ў неагатычным стылі. Праз выгляд у народзе яго называюць «беларускім Таўэрам». Будаўніцтва вялося на сродкі, сабраныя парафіянамі. Пазней храм быў асвечаны і набыў назву Маці Божай Ружанцовай.
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл закрылі і прыстасавалі пад збожжасховішча. Пасля вяртання храма каталікам ў 1989 годзе адбылася рэстаўрацыя касцёла.
Антон Шаранкевіч, Budzma.by