Кася Камоцкая адспявала сольны канцэрт у Навагрудку Гродзенскай вобласці 14 лютага.
Канцэрт-сустрэча ладзіўся ў гістарычна-краязнаўчым музеі, дзе сабраліся прыхільнікі розных узростаў. Публіка была актыўная, засыпала пытаннямі на розныя тэмы: і пра жыццё, і пра творчасць, развагі пра пераклады і фільмы, якія легендарны бард робіць разам з рэжысёрам Віктарам Корзунам.
Кася Камоцкая: “На гэтым канцэрце была вельмі прасунутая публіка. Для мяне асабіста Навагрудак – гэта культурная сталіца, дзе каранаваўся Міндоўг. Але я лічу, што ў нармалёвай дзяржаве мусіць быць некалькі сталіц, як мага болей. Паглядзіце на ЗША, там ніхто не цэнтралізуе культуру, а наадварот, пашырае яе. Ды нават у Літве дзве сталіцы: Каўнас і Вільня, у той жа Расіі – Піцер і Масква”.
Канцэрт-сустрэча доўжыўся 2 гадзіны.
Галіна Кавальчук, арганізатарка мерапрыемства:
“Хочацца сказаць, што вось менавіта гэта найлепшая, самая цёплая і светлая з усіх вечарынаў, якія мы раней арганізоўвалі. Яна прайшла на адным дыханні, і вельмі шкада, што так хутка скончылася. Але спадзяюся, што наступныя сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” будуць яшчэ лепшымі”.
Аўтары самых цікавых пытанняў, а таксама тыя закаханыя, якія не збаяліся прылюдна прызнацца ў сваім каханні, атрымалі ў падарунак дыскі ды торбачкі ад кампаніі
“Будзьма беларусамі!”, у межах якой і прайшоў канцэрт.
Тэгі: Навагрудак