Кавальская “Існасць”

18.10.2011

17 кастрычніка ў гродзенскай галерэі “Крыга” адкрылася выстава двух кавалёў. Віктар Старухін і Алесь Панцялей прадставілі гарадзенцам свае творы з жалеза. Большасць твораў на выставе знаходзяцца ў прыватных калекцыях не толькі на Беларусі, але і па ўсім свеце.

Хлопцы, што працуюць з жалезам, прэзентавалі выставу ў горадзе над Нёманам упершыню.“Чаму Існасць? Таму што жалеза — яно нібыта жывое, і нам хацелася паказаць яго жыццё”, — кажа Віктар Старухін.

На выставе — каля дзясятка розных твораў. Але асноўную частку займае “Ветразь”. “Гэты твор рыхтаваўся да конкурсу, прысвечанага 90-годдзю БНР, і мы вырашылі яго паказаць у Горадні. На ім бел-чырвона-белы сцяг лунае, як ветразь у паветры”, — кажуць кавалі.

Выстава будзе працаваць ў Горадні да 3 лістапада.

Андрэй Мялешка

Тэгі: ,