Сёлета ў цэнтры Мінска каля плошчы Перамогі адкрыецца кавярня, дзе былыя асуджаныя прапануюць гасцям незвычайнае меню. Пра падрабязнасці пілотнага праекта распавяла кіраўніца праваабарончай арганізацыі “Рэгіён 119” Алена Красоўская.
Алена Красоўская
— Ідэя нарадзілася ў нашых партнёраў са шведскага НГА X-Cons, якая займаецца рэабілітацыяй былых зняволеных, наркаманаў і алкаголікаў, — кажа Алена. — Большасць сябраў гэтай арганізацыі, у тым ліку і кіраўніцтва, самі калісьці сядзелі ў турмах, таму добра ведаюць пра праблемы і патрэбы зняволеных. Адзін з кірункаў іх дзейнасці — развіццё спецыфічнага харчавання. Калегі са Швецыі лічаць, што вельмі многае ў жыцці чалавека залежыць ад харчавання. Ёсць прадукты, якія, напрыклад, павышаюць або паніжаюць узровень агрэсіі чалавека. Гэта не значыць, што мяса — дрэнна, а трава — добра. Гаворка пра больш складаныя навуковыя распрацоўкі падбору такога спалучэння прадуктаў, якое будзе станоўча ўплываць на эмоцыі і стан чалавека. Шведы апантаныя гэтай ідэяй і прапанавалі нашай арганізацыі адкрыць кавярню з такім “неагрэсіўным” меню і нават укараніць яго ў нашых турмах. Апошняя ідэя была занадта ўтапічнай. А вось кавярня — цалкам рэальная. Я дадала ў праект свой складнік — каб у ёй працавалі былыя асуджаныя. Шведы ўхвалілі ідэю, бо ў іх таксама ёсць такія кавярні. Так нарадзіўся сумесны праект, які мы цяпер і рэалізуем. У будучай кавярні будзе асобнае меню з прадуктаў, якія зніжаюць агрэсію і паляпшаюць самаадчуванне, а нашы кухары і іншыя супрацоўнікі будуць распавядаць наведнікам пра гэты кірунак у кулінарыі.
Штат кавярні ўжо скамплектаваны. Тут будзе 5 кухараў, 3 бармены, 2 пасудамыйкі, бухгалтар. Усе гэтыя людзі— былыя асуджаныя. Хтосьці сядзеў за крадзеж, хтосьці — за нявыплату аліментаў (ён будзе працаваць бухгалтарам), адна жанчына апроч калоніі знаходзілася раней у ЛПП, ёсць нават асуджаны па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў).
— Хлопец ужываў наркотыкі, але цяпер у рэмісіі і робіць добрае ўражанне, — тлумачыць Алена Красоўская. — Мы пастараліся выбраць людзей, на якіх можна спадзявацца. Забойцаў сярод супрацоўнікаў няма, але, можа быць, з часам і з’явяцца. У нас няма прадузятасці: калі чалавек хоча быць чалавекам, трэба даць яму шанец, спатыкнуцца можа кожны. Але ў мяне няма ружовых акуляраў — я даўно працую з асуджанымі і цвяроза ацэньваю рэчаіснасць. Таму мы адкрыта сказалі супрацоўнікам, што ў іх ёсць толькі адзін шанец. Калі хтосьці гэтага не зразумее, будзе адразу ж звольнены. У кавярні заўсёды будзе знаходзіцца кіраўнік без турэмнага мінулага, каб кантраляваць сітуацыю. Пра гэта супрацоўнікі ведаюць.
Арганізатары пакуль яшчэ не вырашылі, ці будуць актыўна афішаваць “турэмную” фішку сваёй кавярні.
— Спачатку мне здавалася, што людзі, даведаўшыся пра спецыфіку ўстановы, хлынуць да нас патокам, — кажа праваабаронца. — Але паколькі для мяне гэта была абсалютна новая справа, я сабрала мінскіх рэстаратараў , каб абмеркаваць з імі сваю канцэпцыю. І пачула несуцяшальны вердыкт, што ў абывацеля “зэкі” асацыююцца з сухотамі, СНІДам і гвалтам, таму людзі проста пабаяцца хадзіць у такое месца. Я спрабавала пярэчыць, маўляў, ва ўсіх супрацоўнікаў будуць санітарныя кніжкі. Але мне патлумачылі, што наведнікі пра санкніжкі звычайна не думаюць. Увогуле, гэта, безумоўна, выклік. І нам трэба будзе даказаць, што асуджаныя — такія ж людзі, і баяцца іх не трэба, яны — не пракажоныя. Грамадства сёння дапамагае бяздомным жывёлам, дзецям-інвалідам, бамжам. Пара перастаць ужо стыгматызаваць і “зэкаў”. Я думаю, што інфармацыя пра асаблівасць кавярні ўсё роўна стане даступнай, нават калі мы не будзем адкрыта гэта афішаваць. У Швецыі, дарэчы, у такой установе госці ведаюць, хто там працуе, і ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Я была ў той кавярні Іoyou. Вядома, яна моцна адрозніваецца ад нашай. У Швецыі дзяржава падтрымлівае такія грамадскія арганізацыі, бо зацікаўленая ў рэабілітацыі асуджаных. Таму кавярня там — гэта двухпавярховы будынак у турыстычным месцы Стакгольма, з велізарнай кухняй, на якой ёсць усё. Дзяржава значна дапамагае ў аплаце арэнды, закупцы абсталявання. У нас не такія магчымасці: у нашай кавярні (80 “квадратаў”) на кухні не было анічога — раней тут была распівальня. Закупка абсталявання, арэнда памяшкання, зарплаты персаналу — усё за праектныя сродкі. Але мы спадзяёмся, што з часам выйдзем на самаакупнасць.
Для гэтага арганізацыя пакуль пойдзе на кампраміс.
— Акрамя асаблівага “неагрэсіўнага” меню ў нас будзе і звычайнае, інакш мы проста не зможам выйсці нават на мінімальную рэнтабельнасць. Таму ў штаце і прадугледжаныя бармены. Так, алкаголь дакладна не зніжае агрэсію, але ў пачатку дзейнасці мы будзем арыентавацца на шырокае кола наведнікаў, а далей пабачым. Пакуль праект разлічаны на год, але шведскія партнёры хочуць яго пралангіраваць, магчыма падтрымаюць развіццё сеткі такіх кавярняў.
Адкрыццё кавярні пакуль затрымліваецца, бо каманда праекта робіць усё сваімі сіламі. Дызайн мэблі, напрыклад, распрацавала сама Алена. Уся мэбля: сталы, лаўкі, стойкі — паліцы зробленая ў папраўчай калоніі.
У кавярні арганізатары плануюць размяшчаць каталогі з прадукцыяй нашых калоній. Таксама тут будуць праходзіць выставы творчасці асуджаных з магчымасцю купіць іх працы. Грошы ад продажу будуць ісці аўтарам твораў на “зону”.
— Мы хочам, каб пенітэнцыярная сістэма перастала быць пудзілам, — кажа Алена Красоўская.
У планах арганізацыі — адкрыць на базе кавярні і навучальны цэнтр, каб былыя асуджаныя маглі тут вучыцца кухарскаму майстэрству і атрымліваць адпаведны сертыфікат.
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва