Досыць лёгка прадбачыць, што многія сучасныя бацькі, ледзь зірнуўшы на вокладкі ды назвы гэтых кніг, адразу ж адкладуць выданні ўбок. Маўляў, дзіцячая літаратура не павінна змалку навязваць чытачам узоры «прынцэсіных» і «рыцарскіх» паводзінаў як ідэальных, адзіных слушных, правільных і дапушчальных для хлопчыка і дзяўчынкі. Таму папярэджу: не спяшайцеся з высновамі, бо за такімі звыклымі ролевымі мадэлямі патрыярхальнага грамадства ў гэтых казках аўтарка схавала не толькі іх «тытульныя» негатыўныя якасці ды наступствы іх развіцця ў характары. Але пра ўсё па парадку, бо апроч гісторый пра дзяўчынку Зосю, у кнігах можна знайсці і колькі падказак, як ненавязліва развіваць у дзецях назіральнасць ды ахвоту вывучаць наваколле, даведвацца новае.
Галоўнай гераіняй казак, як я ўжо адзначыла, зʼяўляецца дзяўчынка Зося. Яна жыве з мамай – журналісткай, татам – мастаком і двума старэйшымі братамі. Зося яшчэ маленькая, каб быць школьніцай, яна ходзіць у дзіцячы садок. Глядзіць мульцікі, гуляе з лялькамі, час ад часу капрызіць і ўдае з сябе прынцэсу. То сукенкі ёй не такія, то ежа не надта смачная, то прыгоды каля хаты не настолькі грандыёзныя, каб пра іх можна было натхнёна распавядаць. Таму дзяўчынка і марыць стаць прынцэсай. Прыгожай, у пышнай сукенцы, з залатой карэтай і мноствам служкаў. Але калі ў яе гэтую мару ўсё ж атрымліваецца спраўдзіць (не буде распавядаць, як), то Зося разумее, што прынцэсы цэлы дзень не толькі круцяцца каля люстэрка, прымяраючы сукенкі, не толькі харчуюцца спрэс смачнымі пірожнымі ды марозівам, але і мусяць улагоджваць канфлікты паміж каралеўствамі, несці адказнасць за лёсы многіх людзей і цэлых дзяржаў. А гэта не так і проста.
Натуральна, яны не загадваюцца наўпрост, а хаваюцца ў дыялогах, назвах, нават імёнах герояў. Самая відавочная – загадка пра «жабіны вочкі». Што ж хаваецца за гэтай дзіўная назвай? А гэта і расліна, і страва, і, натуральна, элемент анатоміі жабаў. Жабкі – героі маюць свае адмысловыя імёны, размаўляюць з адметным «акцэнтам», а гэта ўсё разам дае вельмі багатае поле для разважанняў, практыкаванняў. Напрыклад, што такое жабурынне? Як жабы звязаныя з жабо? Чаму нас часам душыць жаба? І чаму прыгожая, пяшчотная кветачка атрымала назву «жабіны вочкі»?
Здаецца, гэтаму крытэрыю мусяць адпавядаць усе дзіцячыя кніжкі, але на справе так атрымліваецца не заўсёды. Наталля Бучынская нібыта перакдівае масток паміж сваім дзяцінствам, калі мама і бабуля гатавалі крухмалоўку, і сучаснасцю, бо, пагадзіцеся, нямногія сённяшнія гаспадыні знаёмыя з гэтай стравай і наўрад ці часта гатуюць яе дома. Што гэта такое? Дакладны рэцэпт старажытнай беларускай стравы лёгка адшукаць у інтэрнэце, але, калі каротка, то гэта каша з бульбянай мукі ці крухмалу (пра што і сведчыць назва). Смачна? Думаю, на аматара. Але паспытаць варта. Культуралагічны масток лёгка прывядзе і да іншых тэкстаў беларускіх аўтараў, звязаных з жабкамі, ці розных легенд пра назвы раслін, што растуць у нашай краіне. Напрыклад, цудоўнай казкі Уладзіміра Ягоўдзіка пра жабіны вочкі. Не чыталі? То запрашаю. Больш за тое, менавіта захаванне памяці пра свой род, сваю сям’ю – адна з ключавых умоў вяртання гераіні дадому. Да свайго звыклага вобразу звычайнай дзяўчынкі.
Я пераканана ў тым, што калі аўтар пачынае адкрыта павучаць чытача, казаць, што правільна, а што – не, як настаўнік на ўроку, -- у той жа момант ён памірае як цікавы пісьменнік. Кнігі мусяць вучыць прыкладам, схаванымі падтэкстамі, дэталямі, так, каб чытач і сам не здагадаўся, што яго вось тут і цяпер ўзялі і навучылі. Але героі Наталлі Бучынскай – добрыя дарадцы. І Зоська (якая пазней стане Алівіяй), і рыцар Квых (які пазней таксама зменіць аблічча), і іх памагатыя здзяйсняюць свае ўчынкі не таму, што «так будзе правільна», не таму, што «рыцар мусіць быць рыцарам», а таму, што так вымагаюць абставіны. І гэта не проста падпарадкаванне мацнейшаму, страх перад каралём Жудасам (якое імя!), а імкненне зрабіць усё па сэрцы.
Як піша адзін паэт, «Ніколі не ведаеш, што цябе напаткае». Так і казка можа ўварвацца ў нашу рэчаіснасць зусім нечакана. У сне, разам са слоікам жабак-апалонікаў, разам з выпадкова сарванай на лузе кветачкай. Або клубок чараўніцтва пачне размотвацца з прачытанага артыкула ў энцыклапедыі... Галоўнае – не прапусціць той самы момант, калі сонечны праменьчык указвае на нейкі прадмет, калі выпадковая кніга трапляецца на паліцы кнігарні, калі незвычайнай птушка прылятае да цябе на акно. Казкі Наталлі Бучынскай паказваюць: чараўніцтва, паралельны дзіўны свет зусім побач, каб у яго трапіць, трэба быць назіральным, кемлівым ці проста... надта стаміцца і моцна заснуць.
Марына Весялуха, budzma.by
Наталля Бучынская. Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі». -- Мінск: Беларусь, 2019.
Наталля Бучынская. Рыцар Квых і «жабіны вочкі». -- Мінск: Беларусь, 2020.