Хаос на экспарт. Эксперт пра наступствы міграцыйнага крызісу

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра крамлёўскую стратэгію па стварэнні атмасферы хаоса і нявызначанасці ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне і магчымую ролю мінскай адміністрацыі ў гэтай схеме.

Чарговы надзвычайны выпадак на беларускай мяжы можа быць пачаткам новага вітка супрацьстаяння і дэстабілізацыі. Гэтым разам на і без таго гарачым украінскім накірунку.


russian-tanks-leaving-georgia-2008-1214ae13-b27e-4699-8332-93c017615170.jpg
Расійскія танкі пакідаюць Грузію, 2008 г. Фота:
img.fotocommunity.com

Вайсковы аташэ Украіны ў Беларусі быў выкліканы для тлумачэнняў у сувязі з парушэннем мяжы ўкраінскім верталётам.

Украінскі бок тым не менш аспрэчвае гэты факт: «Авіяцыя і беспілотныя лятальныя апараты актыўна выкарыстоўвацца для маніторынгу мяжы з Беларуссю ў рамках памежнай аперацыі.

Падчас палётаў і выканання задач экіпажамі паветраных судоў „не было парушэнняў, у тым ліку парушэння паветранай прасторы суседняй краіны“». Цяжка ўявіць, навошта падобная правакацыя можа быць патрэбная ўкраінцам у сітуацыі, калі вакол іх тэрыторыі па інфармацыі заходніх СМІ і выведак адбываюцца чарговыя шматтысячныя манёўры расійскіх войскаў і назапашваецца тэхніка. Але няварта адкідаць верагоднасць, што абвастрэнне, хай хаця б і інфармацыйнае, можа ўпісвацца ў агульную крамлёўскую стратэгію па нагнятанні напружанасці і стварэнні атмасферы хаоса і нявызначанасці ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне, што ўжо можна назіраць з вясны 2021.

Мінская адміністрацыя ў такім выпадку можа выконваць сваю ролю ў гэтай схеме. У тым ліку і таму могуць гучаць апошнім часам шматлікія заявы аб падтрымцы Масквы ў выпадку абвастрэння ўкраінска-расійскага канфлікта і прызнанні анексіі Крыма. Што сведчыць аб выкарыстанні элементаў гульні крамлёўскіх тэхнолагаў дзеля правакавання атмасферы дэстабілізацыі, апеляцыі да страхаў грамадства і палітычных элітаў.

Шэры кардынал хаоса

У сувязі з апошнімі падзеямі ў нашым рэгіёне ў СМІ даволі неадназначна ўспрынялі чарговы артыкул былога кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Пуціна.

Гэтым разам Уладзіслаў Суркоў разважае над развіццём магутных геапалітычных праектаў і шляхах экспарту хаоса як аднаго з неабходных элементаў для разбалансавання сістэмы кіравання ўнутры краінаў.

«Сацыяльная энтрапія вельмі таксічная. Працаваць з ёй у нашых хатніх умовах не рэкамендуецца. Яе трэба выносіць куды-небудзь далей. Экспартаваць для ўтылізацыі на чужой тэрыторыі.

Экспарт хаосу справа не новая. „Падзяляй і пануй“ — старажытны рэцэпт. Падзел — сінонім хаатызацыі. Згуртоўвай сваіх+раз’ядноўвай чужых=будзеш кіраваць і тымі, і іншымі.»

630_360_1455720817-7990.jpg
Уладзіслаў Суркоў і Уладзімір Пуцін. Фота: static.ukrinform.com

Суркоў лічыцца галоўным канструктарам сучаснай расійскай палітычнай сістэмы. З яе «балансам» паміж палітычным прадстаўніцтвам у парламентах РФ, інфармацыйнымі схемамі і спецаперацыямі па пранікненні ў масавую свядомасць неабходных кіруючай групе пасылаў, архітэктурай уздзеяння на знешніх гульцоў.

Хаця ўжо некалькі год Суркоў асабіста не бярэ ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі крамлёўскіх праектаў, ходзяць чуткі, што яго прыцягваюць у якасці «аўтсорсера».

Таму ягоны чарговы артыкул у прэсе няварта разглядаць у якасці парадаў для кіраўніцтва РФ, пакаяльнага ліста альбо спробаў паразважаць над сітуацыяй.

Цалкам верагодна, што артыкул аб экспарце хаоса і ёсць часткай праекта, які зараз знаходзіцца ў адной са сваіх актыўных фазаў. За мудрагелістасцю фармуліровак Суркоў намагаецца схаваць зерне страху і адчаю, якое мае трапіць на ўрадлівую глебу палітычнай няўпэўненасці і турбулентнасці ў рэгіёне.

Няварта асабліва намагацца разабрацца ў тонкасцях тэкста Суркова. Але трэба ўсведамляць, што крамлёўскія навучыліся лепш «гандляваць магчымымі абвастрэннямі», чым уласна абвастрэннямі.

А калі вера ў надыходзячыя крызісы на Захадзе знікае — можна і рэалізаваць запалохванні. Не ў поўнай меры, а хаця б па грузінскім ці украінскім сцэнарах.

Скрыпка ў крамлёўскім аркестры

Правакацыі па перыметрах расійскіх межаў з большай ці меншай інтэнсіўнасцю адбываюцца ўжо больш за 10 год. Хапала іх яшчэ да моманту расійскага ўварвання ў Грузію ў 2008, якое стала яскравай дэманстрацыяй сутнасці крамлёўскай палітыкі.

Зараз да вайны на Данбасе, парушэнняў межаў расійскім флотам і вайсковай авіяцыяй, няспынных манёўраў яшчэ дадаўся канфлікт на межах Беларусі з суседзямі, энергетычны крызіс.

Для лепшага эфекту ўсе гэтыя падзеі неабходна адпаведна асвятляць з крамлёўскіх вежаў. Перабольшваць альбо будаваць паралельную рэальнасць. Што і ёсць неад’емнай часткай усёй гэтай спецаперацыі.

Магчыма, што планаў па фатальнай дэстабілізацыі ў рэгіёне крамлёўскія стратэгі не маюць. І для іх будзе вялікай неспадзяванкай, калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю. Бо кантраляваць хаос нашмат прасцей, чым масштабныя вайсковыя аперацыі.

Незайздросная роля ва ўсёй гэтай схеме архітэктуры хаосу праглядаецца ў мінскага каманднага апарата. Ёсць уражанне, што ягоныя прадстаўнікі недакладна ўсведамляюць мэты крамлёўскай групы.

Бо, відавочна, што запланаванае геастратэгічнае і ў выніку эканамічнае дамінаванне ў рэгіёне наўрад ці прадугледжвае наяўнасць незалежных гульцоў.

Але мінская адміністрацыя раз за разам упарта ўцягваецца ў новыя крызісы па тэставанні рэакцыі Захаду, спадзеючыся на дапамогу з усходу пры магчымых вельмі негатыўных наступствах. Часам нават можа падавацца, што некаторыя мэты дасягаюцца, бо ў ЕС і ЗША не хапае прынцыповасці, і да дыялогу заходнія палітыкі ўсё ж прыбягаюць. Што можа выявіцца зманам і толькі пажаданым эфектам, далёкім ад рэальнасці.

61926b3008295_o_large.jpg
Фота: d-art.ppstatic.pl

Яшчэ год таму было цяжка ўявіць, што сітуацыя дойдзе да штодзённых правакацый на межах Еўрасаюзу і фактычна фізічнага супрацьстаяння. Неаператыўная і недастаткова прынцыповая рэакцыя заходніх краінаў на падзеі пракрэсліла на мапах крамлёўскіх стратэгаў далейшы курс на эскалацыю па ўсім перыметры былога СССР.

Пры такіх умовах, каб «Расія атрымала сваю долю ў новым сусветным збіранні зямель (дакладней, прастораў), пацвердзіўшы свой статус аднаго з нямногіх глабалізатараў», як піша Суркоў, зразумела, што крамлёўскія стратэгі могуць пайсці на любыя крокі без значных стратаў у межах, акрэсленых заходнімі партнёрамі. Калі яны ўсё ж наважацца перайсці за гэтыя «чырвоныя лініі», для бруднай працы выкарыстаюць «другія скрыпкі свайго аркестра». Якіх не будзе шкада размяняць на нешта больш каштоўнае падчас далейшага гандлю з Захадам.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org