Адзін з самых таленавітых і любімых артыстаў з былой трупы Купалаўскага тэатра Павел Харланчук нядаўна стаў працаваць у Маскве — у Губернскім тэатры, якім кіруе народны артыст Расіі Сяргей Бязрукаў. Навіна распаўсюдзілася хутка, абмяркоўвалі яе ў сацыяльных сетках эмацыйна. Некаторыя адгукнуліся з’едліва: маўляў, як гэта так, любімы артыст любімага беларускага тэатра — і з’ехаў у Белакаменную! Хаця большасць людзей праявілі і разуменне, і спачуванне: у Паўла Харланчука пяцёра дзяцей, клапаціцца пра якіх — яго святы абавязак.
Нядаўна Павел прыязджаў у Мінск на пабыўку. Так, вырвацца з Масквы яму цяпер няпроста — новыя спектаклі, уводы, здымкі ў кіно. Але, зразумела, вельмі цягне да сям’і. А тут журналісты з інтэрв’ю... Аднак артыст знайшоў трохі часу для «Народнай Волі».
— Людзі вашай прафесіі як ніхто ведаюць, што ад любові да крытыкі адзін крок. Таму многія вашы прыхільнікі не змаглі не здзівіцца: «Павел Харланчук стаў гаварыць па-руску?!» Што вы можаце ім сказаць?
— Заўважу: у сям’і, а таксама ў асяродку тых, хто валодае матчынай мовай, я размаўляю па-беларуску. А калі нехта звяртаецца да мяне па-руску, я адказваю па-руску. І не бачу вялікай праблемы.
— Скажыце, калі ласка, вы даўно пераехалі ў Маскву?
— Працу я пачаў шукаць адразу пасля сыходу з Купалаўскага. Але толькі зімой стаў уладкоўвацца ў маскоўскія тэатры. Пайсці на такі крок мне параіў мой агент: маўляў, лягчэй прадаваць кастынг-продзюсерам «артыста маскоўскага тэатра». Спачатку паехаў у Александрынскі тэатр Санкт-Пецярбурга (дарэчы, там зараз працуе наш Іван Трус). Потым паразмаўляў з Уладзімірам Машковым («Табакерка»), з некаторымі іншымі рэжысёрамі. Губернскі тэатр узнік улетку.
— У Губернскім цікавіліся вашай палітычнай пазіцыяй? Заводзілі размовы пра Беларусь?
— Не цікавіліся і нават размову не заводзілі на гэту тэму.
— Як вы думаеце, Губернскі тэатр надоўга ў вашым жыцці? Ці гэта часовы прытулак?
— Не ведаю, як складзецца мой лёс. У Губернскім добрая трупа, мяне цёпла прынялі. Наогул, на сённяшні дзень мая мэта — працаваць, здымацца, зарабляць грошы і забяспечваць сям’ю. І ў Маскву паехаў таму, што там больш магчымасцяў здымацца ў кіно. У Кіеве ў мяне быў адзін праект на год. Ну, можа, паўтара... Калі б я жыў адзін, гэта мяне задаволіла б. Але ў мяне вялікая сям’я...
— Цяпер у Кіеў вас могуць і не паклікаць, там адмоўна ставяцца да тых, хто паехаў працаваць у Расію.
— Не, дасылаюць сцэнарыі, усё нармальна. Здаецца, нашы людзі зусім не ведаюць украінскую сітуацыю. Яны здымаюць многіх расійскіх акцёраў, зорак і не зорак... Толькі па Крыму ў іх ёсць пытанне...
— А хто яшчэ ўладкаваўся ў Маскве з вашых калег? У якім стане большасць акцёраў са «Свабодных купалаўцаў»?
— Шчыра кажучы, я мала ведаю пра тых, з кім раней выступаў на адной сцэне. Так атрымалася, што ў відэапраектах «Свабодных купалаўцаў» не ўдзельнічаю.
— А дзе вы жывяце ў Маскве? Гэта ж такі мегаполіс...
— Спыняўся ў сяброў, знаёмых, але цяпер мне трэба шукаць нейкае жытло.
— Над чым цяпер працуеце?
— Пачаўся здымачны блок у серыяле, а ў тэатры мяне будуць уводзіць у два спектаклі — «Вішнёвы сад» і «Сірано дэ Бержэрак».
— Добры рэпертуар, добрыя планы. Але ж пасля жніўня 2020-га ў вас быў доўгі перыяд, калі адчувалася незапатрабаванасць. Як вы яго перажылі?
— У мяне ўжо быў такі досвед — калі мяне звольнілі з театра імя Горкага ў 2006 годзе.
— Так, памятаю: тады гэта адбылося з-за падтрымкі пратэстаў таксама пасля прэзідэнцкіх выбараў.
— У мяне тады год не было ніякай працы. Маё прозвішча выкрэслівалася адусюль, нават з рэкламы. Дарэчы, і цяпер маё фото знікла з «Элемы», а хтосьці мне расказваў, што імя Харланчука нікому нельга ўзгадваць у інтэрв’ю дзяржаўным выданням. Паціху выціраюць... Але, маючы досвед 2006 года, я ўжо зразумеў, што доўга сядзець без працы не змагу.
— А калі «Свабодным купалаўцам» дадуць сваё памяшканне, калі з’явіцца свая сцэна?..
— Я буду з імі. Масква — гэта вымушаны крок. Калі б была магчымасць працаваць і зарабляць у Беларусі... Без Купалаўскага мне жыць цяжка. Калі б быў выбар, я ні хвіліны не вагаўся б. Калі б улада дала магчымасць былым купалаўцам існаваць у іншым памяшканні, думаю, з гледачамі праблемы не было б.
— Баюся, менавіта таму вам сцэну і не дадуць: да вас хлынуць гледачы, а ў Вольгі Няфёдавай будзе пустая зала...
— Мабыць, маеце рацыю так меркаваць. Скажыце, а вы бачылі новыя пастаноўкі, якія цяпер ідуць у Купалаўскім? А мне, ведаеце, цікава было б убачыць хаця б проста для аналізу. Я на свае вушы чуў, як Вольга Няфёдава казала, што збіраецца галасаваць за Ганну Канапацкую. І раптам такія метамарфозы...
— Усім вашым калегам задаю адно і тое ж пытанне: а ці быў у купалаўцаў іншы варыянт? Я маю на ўвазе — не сыходзіць з тэатра.
— Не было. Але я адказваю за сябе. Я, шчыра кажучы, нават хацеў у індывідуальным парадку выказаць сваё меркаванне наконт гвалту, які адбываўся пасля 9 жніўня. Хацеў выйсці на сцэну і хвіліну ці пяць хвілін маўчаць, нічога не рабіць, каб паказаць сваю пазіцыю. Але паколькі ўсе сышліся на думцы, што нельга працаваць у такіх умовах... Не, калі б мы не сышлі, як бы мы існавалі, як?! Асабліва ў той час, калі на вуліцах сілавікі гвалтавалі людзей, якія адстойвалі справядлівасць? У тыя дні я не мог стаяць на сцэне і іграць таго ж Чорта ці пана Быкоўскага... Мы паступілі так, як адчувалі сітуацыю. І прынялі ўсе цяжкасці, што выпалі на нашу долю. Мы звольніліся з тэатра, і я не разумею, за што цяпер пераслед...
— Для ўлады сыход трупы з Купалаўскага — адчувальны ўдар. Вы займалі вельмі важнае месца ў дзяржаўнай ідэалогіі — усё ж такі нацыянальны тэатр. Але ваш учынак заслугоўвае павагі. Праўда, сёння для вас галоўнае — як выжыць?
— Некаторыя нават пайшлі працаваць на будоўлю, выкладаць у гуртках...
— Раскажыце, як вам працуецца з Бязрукавым.
— Сяргей Вітальевіч вельмі добры рэжысёр: эмацыйны, таленавіты, у яго неабсяжная энергія, без самадурства. Я бачыў рэжысёраў — былых акцёраў: гэта заўсёды паказ «як бы я гэта сыграў». У Бязрукава такога няма. У яго сапраўдная школа — ён вучыўся ў Табакова!
— А вас рэжысёрская сцежка прываблівае?
— Не. Слухайце, ну не падабаецца мне вырашаць лёсы людзей. Мне нават у экзаменацыйных камісіях вельмі цяжка сядзець. І кіраваць людзьмі мне цяжка. Я з гэтым сутыкаўся, калі ў Купалаўскім на Малой сцэне ставіў «Самотны захад» (а дагэтуль у мяне яшчэ былі спектаклі ў тэатры імя Горкага, калі там служыў). Рэжысёр павінен дабівацца жорсткага выканання сваіх патрабаванняў, а я так ставіцца да людзей не магу.
— Як у Губернскім тэатры аплачваецца праца акцёра?
— Я пакуль не атрымліваў грошай, трэба данесці ў аддзел кадраў некаторыя дыпломы і атрымаць регістрацыю ў Маскве. Так што я яшчэ афіцыйна не ўладкаваўся ў тэатр. І пра заробак не ведаю, акрамя таго, што ёсць стаўка, плюс кожны спектакль аплачваецца дадаткова — так і ў Купалаўскім было. І ёсць павышэнне заробку, калі ты іграеш больш за шэсць спектакляў на месяц.
— А вы даўно бачылі Мікалая Мікалаевіча Пінігіна?
— Даўно. У нас добрыя адносіны, але не магу сказаць, што мы выпівалі за адным сталом. Чым ён зараз займаецца? Было нейкае запрашэнне з «Тутэйшымі» на фестываль на пачатку кастрычніка, але асабіста я не бачу магчымасці ўзяць удзел. Па-першае, год ужо не ігралі, па-другое, я разрываюся паміж рознымі праектамі. Паверце, нават няма часу, каб сесці і паўтарыць тэкст. Ды і душэўны стан не самы лепшы. Не дзеля камфорту я паехаў у Маскву. Але нічога, спадзяюся, усё наладзіцца.
— Усяго найлепшага вам, Павел!
— Дзякуй!