У далёкім 1518 годзе ў гэты дзень, 18 красавіка, італьянка Бона Сфорца стала каралевай польскай. Будучы жонкай Жыгімонта І Старога, яна дамагалася свайго любымі спосабамі, а сышла з палітычнага алімпу праз канфлікт з сынам з-за нявесткі. Давайце разам глянем на гісторыю яе жыцця.
Маладая Бона Сфорца
Для пачатку варта адзначыць, што ўсё італьянскае часоў Рэнесансу лічылася перадавым: адукацыя, навука, мастацтва, літаратура і так далей. Вось даволі просты прыклад для разумення — калі Кацярына Медзічы пабралася шлюбам з французскім каралём Генрыхам ІІ Валуа, які стане бацькам Генрыха ІІІ Валуа — няўдалага караля Рэчы Паспалітай, увесь французскі двор размаўляў на італьянскай мове. Зрэшты, і сама Італія была тады неверагодна урбанізаванай...
Чытайце яшчэ: Насіў завушніцы, чытаў Макіявелі, каранаваўся без ахвоты, збег дамоў. Кароль Рэчы Паспалітай Генрых Валуа
Бона Сфорца д’Арагона была дачкой міланскага герцага Джавані Галеацы Сфорца і неапалітанскай прынцэсы Ізабэлы Арагонскай. У канцы XV стагоддзя ў Італіі адбыліся значныя палітычныя змены, якія непасрэдна закранулі лёс маленькай міланскай прынцэсы. Пасля бацькавай смерці ўлада перайшла не да законнага спадкаемцы Франчэска Сфорцы, а да ягонага дзядзькі па мянушцы Маўр. Ізабэла з дачкой вымушаныя былі бегчы ў горад Бары, дзе Бона правяла сваё юнацтва і выхоўвалася ў рэнесанснай культуры. Сюды ж яна вернецца на схіле дзён.
Жыгімонт І Стары сам захапляўся Рэнесансам, таму не дзіва, што абраў сабе ў жонкі жанчыну з далёкіх краёў. Гэта быў ягоны другі шлюб. Зоркі ўдала сышліся, бо маці Боны шукала любых магчымасцяў, каб вярнуць страчаную ўладу ў Міланскім герцагстве і колішні свой уплыў.
Ганс Кульмбах. Жыгімонт I (1511–1518)
Разам з Бонай у далёкую дарогу ў 1518 годзе выправіліся 300 служак, якія прынеслі з сабой актуальную для таго часу культуру. Дарога адняла тры месяцы жыцця, але была не дарэмнай — маладая каралева, якой было ўсяго 24 гады, прывезла, як цяпер сказалі б, модныя трэнды. Пры кракаўскім і віленскім дварах сталі нарэшце есці відэльцам, а шляхта перастала напівацца ўпокат.
Такой амбітнай жанчыны на самым версе палітычнага алімпа ні ў Польшчы ні ў Літве яшчэ не было. Бона Сфорца выступала за моцную ўладу па тым самым прынцыпе, які прапаноўваў Нікало Макіявелі ў сваім «Уладары» — калі гаспадар увасабляе сваёй асобай волю і суверэнітэт. Такое тады было распаўсюджана ў Еўропе, і шляхецкія вольнасці ёй, канечне ж, былі чужымі і незразумелымі. Праз гэта ў яе і былі канфлікты са шляхтай і арыстакратыяй, якія цвёрда трымаліся за гэтыя вольнасці. Галоўнае права — абіраць караля. А Боне вельмі хацелася стаць заснавальніцай дынастыі, каб улада перадавалася ў спадчыну...
Паводле распаўсюджанай версіі, Жыгімонта празвалі Старым пасля 1529 года, калі яго сын быў спачатку абвешчаны вялікім князем літоўскім, а потым і каралём польскім. На той момант Жыгімонту ІІ Аўгусту было ўсяго 9 гадоў, і натуральна, што кіраваць самастойна ён проста не мог. Існуе яшчэ версія, што прыдомак Стары з’явіўся праз узрост, калі Жыгімонт стаў уладаром пасля братавай смерці. Але ёсць таксама і трэцяя версія — такую мянушку нібыта прыдумала яму сама Бона Сфорца, бо была значна маладзейшай за свайго мужа на момант шлюбу.
Чытайце яшчэ: Дык а чаму «Стары»? Гісторыя Жыгімонта І
Ідэя з каранацыяй належала не толькі ёй, але Боне ўдалося перайграць партыю «незалежнікаў», якіх ачольваў Альбрэхт Гаштольд. Тыя хацелі сабе самастойнага гаспадара, каб хаця б на сімвалічным узроўні адасобіцца ад Польшчы. Таму каралева Бона падтрымала ідэю абвяшчэння сына вялікім князем літоўскім, але разыграла ўсё так, што неўзабаве ён стаў яшчэ і каралём польскім. Апаведна, задума «сепаратыстаў» на хоць бы нейкую самастойнасць правалілася...
Акрамя гэтага яна судзілася з Гаштольдам за маёнткі — хацела вярнуць нібыта незаконна занятыя, каб павялічыць прыбытак каралеўскай сям’і. Каралева Бона наогул дбала аб матэрыяльным дабрабыце, бо ў яе разуменні заможнае жыццё каралеўскай сям’і карэлявала з інтарэсамі дзяржавы. Таму менавіта пры ёй былі ўвасоблены многія неабходныя рэформы, з’явілася меліярацыя і іншыя крытычна важныя тэхналогіі, адбывалася імклівае развіццё культуры. Яна спрыяла развіццю гандлю, будавала дарогі і масты, развівала земляробства.
Менавіта дзякуючы яе дбанням увосень 1523 года ў Кракаве пабачыла свет «Песня пра Зубра» Міколы Гусоўскага. Таксама яна запатрабавала ад мужа перакладу Першага статута ВКЛ 1529 года на лацінскую мову, каб ён мог выйсці значна шырэй за межы Вялікага Княства Літоўскага. На міжнароднай арэне яна, як і многія іншыя ўплывовыя італьянцы, была ў супрацьстаянні з Габсбургамі, але шукала сяброўства з Францыяй і думала пра мір з асманамі. Нездарма многія гісторыкі і ў нас, і ў Польшчы лічаць час каралявання Боны «залатым векам».
Менавіта яна ў 1540-х гадах запачаткавала ва ўласных уладаннях валочную рэформу, якая ў хуткім часе прынесла свае бонусы. Эфект ад пераразмеркавання зямлі быў такі заўважны, што некаторыя сяляне самі прасіліся ў падданыя Боны, бо там былі лепшыя ўмовы гаспадарання. Гэта быў добры прыклад для магнатэрыі і шляхты, якія хаця б крыху цямілі ў эканоміцы. Агулам жа валочную рэформу, якая незваротна зменіць жыццё Вялікага Княства Літоўскага, правядзе яе сын — Жыгімонт Аўгуст у 1557 годзе. Будзе нават складзены адмысловы дакумент па назвай «Устава на валокі», які складаецца з паўсотні артыкулаў.
Лукас Кранах Малодшы. Жыгімонт II Аўгуст (каля 1553)
Але ў адносінах з сынам не ўсё будзе гладка. Бона Сфорца гадавала яго бязвольным і слабым, разлічваючы на тое, што будзе кіраваць праз яго сама пасля смерці мужа. Калі той пайшоў з жыцця ў 1548 годзе, сітуацыя абярнулася для Боны дыяметральна супрацьлеглым чынам. Сын хаця і вырас чалавекам шмат у чым неабавязковым, але нечакана пачаў усё часцей праяўляць рашучасць і непакорнасць.
Першым крокам стала таемнае вяселле з Барбарай Радзівіл у 1547 годзе, якую ён потым вырашыў зрабіць вялікай літоўскай княгіняй і каралевай польскай. Бону гэта сітуацыя ніяк не задавальняла, і яна імкнулася ўсімі магчымымі спосабамі рассварыць маладых, бо разлічвала на тое, што зможа сабраць у сваіх руках уладу над усімі дзецьмі, якія былі раскіданыя па манаршых еўрапейскіх дамах. Не задавальняў шлюб і польскую шляхту — тыя лічылі паходжанне Барбары недастаткова знатным, а таксама ведалі аб тым, што Радзівілы трымаюцца незалежніцкіх ідэяў.
Барбара Радзівіл
Чытайце таксама: Каралева, якая стала прывідам
Шлюб з Барбарай Радзівіл канчаткова рассварыў маці і сына. Таму калі Барбара ў 1551 годзе заўчасна памерла, Жыгімонт Аўгуст быў перакананы, што гэта справа рук маці. Трэці шлюб з сястрой першай жонкі, заўчасна спачылай Елізаветы Габсбург, таксама не прынёс яму ні шчасця, ні нашчадкаў. Такім чынам, на Жыгімонце Аўгусце дынастыя Ягелонаў згасла...
На схіле дзён Бона Сфорца вярнулася на Радзіму ў Бары, дзе дажывала апошнія гады. Яна стала крэдыторкай іспанскага манарха Філіпа ІІ Габсбурга, які нібыта яе і атруціў, каб не вяртаць грошай у 1557 годзе. Так скончылася гісторыя прыгожай і энергічнай бландзінкі з Італіі, якая адвучыла літоўскую і польскую шляхту бязбожна піць, імкнулася зрабіць з іх вытанчаных людзей, увасобіла знакавыя рэформы ў дзяржаве...
Ян Матэйка. Атручванне каралевы Боны (1859)
Ф.Т., budzma.org