З такімі словамі гаспадыня запрашае да стала, дзе на пачэсным месцы, загорнуты ў чысты ручнік, ляжыць духмяны важкі бохан.
На стол яго нельга класці дагары нагамі. Рэч у тым, што ў народнай культуры перавернутасць ёсць прыкметай “таго свету”. Таму і хлеб для жывых мусіць ляжаць на стале гэтак жа, як і ў печы падчас выпякання.
Бохан хлеба можа мець розныя найменні: буката, булцата, булка, кулідка, каўрыга. Раней, як не было бляшаных формаў, ён выпякаўся на чарэні печы і быў круглай (радзей авальнай) формы.
Мая бабуля Кацярына павучала: не пачынаць цэлы бохан пасля заходу сонца, бо знікне багацце. Хлеб забаранялася крышыць, толькі кроіць нажом. Рабіў гэта звычайна гаспадар: левай рукой прыціскаў бохан рубам да грудзей і нажом у правай руцэ кроіў яго ў кірунку да сябе. Пры гэтым пра чалавека неахайнага казалі, маўляў, “аборай хлеб кроіць” альбо “вяроўкаю хлеб рэжа”.
Сваю гасціннасць гаспадар падкрэслівае словамі: “Стол хлеба не паесць”, — маўляў, увесь накроены хлеб прызначаны дзеля спажывання.
Пачынаюць бохан з акрайчыка (пакромка, гарбыль, гарбушка) — “беражок бохана, першым адрэзаны з цэлага хлеба”. Калі ён прызначаўся замужняй кабеце, дык часцяком жартавалі: “Во табе кромка на Хомку”. Альбо: “З’еш акрайчык, каб быў сын Мікалайчык”.
Калі далей кроіць хлеб, дык будуць лусты, адрэзаныя ў поўную шырыню бохана, ці скібы (скібкі) — у палову шырыні. Часцяком адмыслова для дзяцей рабілі пражаны хлеб. Лусту альбо скібку мачалі ў ваду ці квас, салілі і пражылі ў чалесніку печы.
Як бохан палавініцца, кожная палова яго называецца акраец. Рэштка бохана, як і пачатак, таксама мае найменне акраец. Калі яго перадавалі чалавеку з вялікай колькасцю дзетак, дык жартам дадавалі: “Каб быў акрайчык!”
Звычай патрабуе з’ядаць хлебную порцыю цалкам і не ўхваляе ламанне яе на драбкі, каб пакласці у рот (такія кавалкі называюцца глытанікі). Тое, што застаецца ад кусанага хлебу, — кусанік. Яго не дазвалялі даядаць нікому іншаму, абы не пазбыцца сваёй моцы.
Зкаржавелы хлеб, вядома, не выкідалі, але і жывёле не аддавалі. Звычайна з яго рабілі квас. Кусанікі, асушкі (сухія рэшткі), што ўкідвалі ў талерку рэдкай стравы, мелі назву мачонікі.
Тыя ж хлебныя рэшткі таксама спажывалі ў выглядзе асобных страваў. Залітыя квасам, бярозавікам, кляновікам, малаком ці сыроваткай, яны ўтваралі цюпкі (ці рулі). На Берасцейшчыне пад назваю каплун (каплук) вядомая страва, якая складалася з хлеба, цыбулі, залітых падсоленай гатаванай вадой альбо бульбяным варам, закрашвалася алеем ці салам.
Хлебныя дробкі таксама ў смецце не выкідалі. За добрае лічылася, напрыклад, спаліць іх печы.
Алесь Прышывалка, ŽORNY, кіраўнік праекта