Хрысціна Лялько і Міхась Скобла на Лідчыне

fota-1

З літаратурнымі выступамі пісьменніца, галоўная рэдактарка часопіса “Наша вера” Хрысціна Лялько і паэт Міхась Скобла наведалі Лідчыну 15 верасня.

Першая сустрэча адбылася ў новазбудаванай Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у якую сталічныя госці перадалі каля 30 кніг з налепкамі “Будзьма беларусамі!” На сустрэчы прысутнічалі бібліятэчныя работнікі, інтэлігенцыя гораду.

Хрысціна Лялько расказала землякам (родам яна з вёскі Хадзюкі з-пад Ліды) пра часопіс “Наша вера”, апавяла пра свой візіт у адну з найбуйнейшых бібліятэк свету ў Ватыкане, пачытала свае пераклады з польскай паэзіі.

fota-2

Міхась Скобла, прэзентуючы лідчанам сваю новую кнігу “Акно для матылькоў”, якая днямі пабачыла свет у выдавецтве “Про-Хрыста”, сказаў: “Абарончыя сцены Беларусі змураваныя не з камення ці цэглы, яны збудаваныя з кніг. Бібліятэкі – нашы непрыступныя крэпасці, бо дух мацнейшы за камень. У Лідзе да 15 верасня быў адзін замак – замак Гедыміна, сёння ж паўстаў і яшчэ адзін – Бібліятэка імя Купалы, прасторны, светлы замак, дзе ўтульна беларускаму слову”.

Дзве наступныя сустрэчы адбыліся ў Ёдкаўскай і Першамайскай сярэдніх школах, дзе апрача паэтычных чытанняў былі зладжаныя інтэрактыўныя конкурсы, пераможцы якіх атрымалі памятныя сувеніры і значкі. На ўсіх сустрэчах пабывала больш за 200 чалавек.

Сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Подпісы да фота:

1. У Лідскай бібліятэцы выступае Хрысціна Лялько.

2. Мінскія госці з вучнямі Першамайскай СШ

Тэгі: