Хто выйграе “Акустычны батл” у Полацку?

17 красавіка ў Полацку стартаваў рэгіянальны конкурс аўтарскай музыкі “Акустычны батл”, у якім бяруць удзел як асобныя аўтары, так і гурты. З 17 красавіка да 22 траўня кожную нядзелю будуць праходзіць конкурсныя канцэрты, а фіналісты выйдуць на вялікую сцэну 29 траўня ў межах святкавання Дня горада.

Дарэчы, найлепшых беларускамоўных канкурсантаў чакае прыемны сюрпрыз – запрашэнне адразу ў фінал рэспубліканскага фестывалю “Купалаўскія вакацыі”.

У першым канцэрце гэтай серыі ўзялі ўдзел госці з Мінска – Вольга Акуліч і гурт “Верасень”, якія выступілі з акустычнай праграмай у культавым месцы Полацка – клубе “Сфера”. У конкурснай праграме журы не змагло вызначыцца з пераможцам, і ў фінал трапілі два канкурсанты адразу – Яўген Кацянкоў і Святлана Трапук.

Лідар гурта “Верасень” Вольга Акуліч так пракаментавала імпрэзу: “Я заўважыла, і мне гэта вельмі спадабалася, што моладзь ахвотна спявала па-беларуску і шчыра ўспрыняла нашую творчасць. У моладзі ёсць жаданне спяваць па-беларуску. Адметна тое, што ў Полацку ёсць ініцыятыўныя людзі. Яны самі ствараюць асяроддзе”.

y_50b24111

Тэгі: