У лістападзе юбілейны X кінафестываль «Паўночнае ззянне» зладзіў для сваіх глядачак і гледачоў кінамарафон працягласцю амаль у месяц з праглядамі фільмаў як online, так і offline. Пасля гэтага камандзе фэсту не раз паступала пытанне: «Як усё прайшло?» У гэтым тэксце падводзім вынікі кінападзеі ў лічбах.
Х эдыцыя «Паўночнага ззяння» была аб’яднаная агульнай канцэпцыяй пад слоганам: «ВЯРНУЦЦА ДА КАРАНЁЎ». Кінафестываль заклікаў паразважаць пра «карані» і «ідэнтычнасць» праз кіно.
46 фільмаў паказалі на працягу кінафэсту
Лайнап фестывалю складаўся з пяці розных праграм: Міжнароднай, Беларускай, UKRAINE MON AMOUR, спецыяльнай праграмы «Нязломнасць» и праграмы кароткага метра SHORTCUT. Адметна, што значную частку праграмы «Паўночнага ззяння-2024» склалі артхаўсныя і масавыя стужкі, прэм’еры якіх адбыліся на найбуйнейшых кінааглядах свету, такіх як Каны і Венецыя.
15К праглядаў фільмаў зафіксавалі на online-платформе
Трэці год, як кінафэст дае магчымасць глядзець online легальна і абсалютна бясплатна куратарскую падборку фільмаў ад праграмераў «Паўночнага ззяння». Вядома — зафіксаваць дакладнае значэнне немагчыма, бо многія глядзяць фестывальныя стужкі дома ў кампаніі сябровак/сяброў ці сям’і. Таму выніковую лічбу праглядаў можна павялічваць у некалькі разоў.
Самым папулярным фільмам па колькасці праглядаў стаў нарвежскі док неверагоднай прыгажосці «Песні Зямлі» (рэж. Маргрэт Олін, Нарвегія, 2023). Ён сабраў 761 прагляд на online-платформе кінафэсту.
4416 гадзін праглядаў online
А гэта ажно 184 дні! Столькі часу глядачкі і гледачы прысвяцілі фільмам «Паўночнага Ззяння». У 2024 годзе фестывальнае кіно часцей за ўсё глядзелі з тэрыторый наступных краін: Беларусь, Польшча, Германія, Літва, Грузія.
Больш за 600 глядачак і гледачоў offline
Акрамя паказаў online, фільмы «Ззяння» паказалі offline ў Вільнюсе, Таліне і ўпершыню ў Варшаве. Больш за 600 чалавек наведала гэтыя прагляды кіно. Апроч гэтага падчас фэсту offline прайшло 8 івэнтаў і Q&A.
Фільмы пра Беларусь змаглі ўбачыць не толькі беларускі і беларусы, але і замежніцы/замежнікі. Дзякуючы калабарацыі «Паўночнага Ззяння» з PÖFF — Талінскім кінафестывалем «Чорныя ночы» — у Таліне прайшлі паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў («Непажаданае сваяцтва», «Працэсы») і панэльная дыскусія «На мяжы дэмакратыі» пра тое, як фільммейкеры могуць рабіць сваю справу ў свеце войнаў, вымушанай міграцыі, (дэ)каланізацыі і цэнзуры. У Вільнюсе адбыліся паказы фільмаў «Песні Зямлі», «Працэсы», «Непажаданае сваяцтва», «Чамадан», «Скрозь святло», «Кут чужога шчасця», «Кроў і караоке» пры падтрымцы кінацэнтра Skalvija. У цэнтры польскай сталіцы адбылася Варшаўская прэм’ера нашумелага фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», а таксама паказы стужак «Прамень» і «Хто, калі не мы? Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі».
3 фільма-пераможцы конкурсных праграм і 6 спецыяльных згадак журы «Паўночнага ззяння — 2024»
Беларускі конкурс
Фільмы Беларускага конкурсу аглядала міжнароднага журы, у склад якога сёлета ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марыянэ Острат, рэжысёрка, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн і беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка. Журы аднагалосна вырашыла прысудзіць узнагароду за найлепшы фільм Беларускага конкурсу стужцы «Пад шэрым небам» рэжысёркі Мары Тамковіч. Абгрунтаваўшы свой выбар наступным чынам:
«Праз разумныя і ўпэўненыя мастацкія выбары рэжысёрка дае нам прымераць боты смелай беларускай журналісткі, арыштаванай за вядзенне трансляцыі з жорсткага падаўлення мірных пратэстаў. Мы разумеем і ўхваляем экзістэнцыйны выбар галоўнай гераіні і спачуваем яе мужу, пакуль яна працягвае змагацца з дзяржавай, якая разбурае іх ранейшае сямейнае жыццё».
Спецыяльнымі згадкамі гэтаксама адзначаныя два фільмы: «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара і «Працэсы» Андрэя Кашперскага.
Міжнародны конкурс дэбютаў
Ацэньвалі фільмы Міжнароднага конкурсу дэбютаў рэжысёрка Саша Кулак, прадзюсарка і проджэкт-менеджарка B2B Doc Ілья Стэнберг і прадзюсарка і дырэктарка HER Docs Марта Гольба-Наўман. Перамог фільм «Г — Гатсунда ў 21 дзеі» рэжысёра Лорана Баці.
«Пакідаць месца, якое вызначыла цябе як асобу, ніколі не проста. Рэжысёр апісвае гэтае падарожжа з глыбокай эмацыйнасцю, запрашае нас у інакш недасяжны свет, — растлумачыла свой выбар журы. — Ён расшуквае сяброў з мінуўшчыны, малюючы іх так, як мала хто змог б — з чэснасцю, якая паказвае, як іх выбары вызначае складаная сумесь эмоцый і супадзенняў, — і выстаўляе братэрства ва ўсім яго голым харастве і складанасці».
Спецыяльнай згадкай былі адзначаныя дзве стужкі: «Balomania» (рэж. Сісэль Морэл Даргіс) і «Палаючы рай» (рэж. Міка Густаўсон).
Конкурс кароткага метра SHORTCUT
Конкурс кароткага метра SHORTCUT сёлета прайшоў упершыню. Міжнароднае журы, у складзе якога агентка па продажах і сузаснавальніца ShortsFit Люцыа Рыджыа, рэжысёр-дакументаліст Арцём Лобач і дарадца міжнароднага аддзела арганізацыі Finnish Film Foundation Ота Сууронен, узнагародзіла дзівосна інтымную стужку «Лазневы дзень» (рэж. Ганна Хінтс і Тушар Пракаш):
«У пары жыцця раскрываецца тонкая і прыгожая гісторыя пра магчымасць любові і клопату між мужчынамі. Фільм пра невымоўнае, элегантна зняты ў гарачай саўне, са змрочнымі ценямі на сценах і па-імпрэсіянісцку потнымі буйнымі планамі галінак, што рытмічна гойдаюцца. Гледачы могуць адчуць глыбокае паразуменне і напружанне ў героях і атачэнні фільма. Сінергія парнага асяроддзя, глыбокіх пачуццяў і асабістых гісторый раскрывае тонкасць і хараство невымоўнага», — каментуюць свой выбар журы.
Спецыяльнай згадкай адзначаны фільм «Умяшанне» (рэж. Гуннур Марцінсдоўцір Шлютар) і акцёрская праца Яна Гуннара Ройсэ («Нарвежскае патомства»).
Апроч выбару журы, у глядачак і гледачоў таксама была магчымасць абраць фільм-фаварыт. Па выніках галасавання пераможцай глядацкіх сімпатый стала стужка «Раб танца» — сюррэалістычны скетч, у якой вусаты юнак стараецца займацца справай, якую шчыра любіць.
Калі вы глядзелі сёлета фільмы «Паўночнага ззяння», можаце падзякаваць камандзе кінафестывалю, зрабіўшы данат.
Сачыце за навінамі фэсту ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.