Запачаткаваная нядаўна «Віленская сэрыя» выдавецтва «Skaryna Press» абяцае ў хуткім часе тамы тэкстаў Францішка Умястоўскага, Макара Краўцова, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Янкі Багдановіча і Алены Цэпрынскай. Першаю ж кнігай сталіся мемуары Галіны Войцік «Там, дзе мяне няма». Усім, хто цікавіцца стракатай карцінай міжваеннай беларускай прысутнасці ў Вільні, гэтая кніга — безумоўны must have.
Самыя тэксты гэтай кнігі пачалі друкавацца ў 2000 годзе ў віленскай беларускай газеце «Рунь», якая ў пэўным сэнсе заняла месца рэлакаванай у Менск «Нашай Нівы», пры тым пад рэдактарствам былога «нашаніўца» Алега Мінкіна. Часткі ўспамінаў працягвалі выходзіць нават і пасля смерці аўтаркі ў 2007 годзе і закончыліся друкам у 2008-м.
З тых часоў гэты мемуарны пласт быў даступны досыць вузкаму колу аматараў і ўладальнікаў падшывак «Руні».
Між тым, ракурс, дадзены Галінай Войцік, нядрэнна дапаўняе апісанне беларусаў у міжваеннай і паваеннай Вільні, і каштоўны поглядам чалавека, якая ведала ўсё тое, што апісвалася ў мемуарах саміх дзейных асобаў старога пакалення віленчукоў, аднак жа пражывала пры гэтым сваё ўласнае жыццё чалавека новага пакалення (таго, пра які «старыя» так шмат думалі і марылі), якое збольшага для народжанай у 1927 г. адбывалася менавіта ў пасляваенны час.

Наліна Войцік. Фота: skarynapress.com
Галіна Войцік — дачка слыннай Зоські Верас і рэдактара грамадоўскіх газет Антона Войціка. Арэол Зоські Верас безупынна лунае па-над тэкстам, зрэшты, і сама гаспадыня Лясной Хаткі ў панарскіх лясах — адна з асноўных гераіняў гэтай кнігі. Мемуары Зоські Верас, сотні ейных лістоў, згадкі пра яе не раз ужо выдаваліся і выходзілі кнігамі. Значнасць ейнай асобы, яе сведчанняў і яе амаль трыццацігадовай эпісталярнай камунікацыі з усім «беларускім светам» ужо ўмантаваныя ў нашу культуру.

Зоська Верас з мужам Антонам Войцікам. 1926 г. Фота: "Радыё Свабода"
Для Галіны Войцік у той жа час гэта была не столькі легендарная гісторыя, як штодзённасць, побыт, натуральнае атачэнне. Яно і апісваецца ў кнізе — ад перафразу гісторыі сям’і да апісання побытавых дзіцячых радасцей у небагатай віленскай сям’і.
Шмат старонак, і то мо найярчэйшых прысвечана не маці, а бабулі Эміліі, згадкам пра сямейныя традыцыі святкавання Калядаў і Вялікадня, пра знакаміты віленскі кірмаш «Казюк» на Лукішскай плошчы, дзіцячаму атачэнню ў Чыгуначнай Калоніі (цяперашні Павільніс) і на «выспе» Лясной Хаткі непадалёк Раванцоў (цяперашні Раваніс).
Стыль пісьма, тым не менш, мае шмат супольнага з матчыным: вельмі ашчадны на эмоцыі, лаканічны сказ, і пры тым надзвычай асцярожны, з пазбяганнем вострых вуглоў, якія маглі б кагосьці параніць, ці выклікаць падозру, а можа, і абвінавачанне. Там, дзе цяперашні даследчык жыцця пад акупацыяй будзе шукаць інтрыгоўных момантаў, аўтарка яўна сумысля ставіць не тое, што шматкроп’е, а добрую кропку, не пускаючы залішне цікаўных туды, куды ім уваходу няма.
Мэта кнігі — расказаць пра сваё, але толькі пра тое, што істотна. Магчыма, хтосьці тут і ўспомніць показку пра Заіра Азгура і яго кнігу «Тое, што помніцца», аднак, як на маё гледзішча, то і такі прынцып цалкам варты павагі.
Жыццё Галіны Войцік не намагаецца выйсці з ценю славутых бацькоў, яно апісанае як каштоўнае само па сабе. Сціплыя адзнакі самапавагі не замоўчваюцца, а таксама адзначаюцца: вывучаная за некалькі месяцаў літоўская мова, першая ў пасляваеннай Літве абароненая кандыдацкая дысертацыя па нямецкай лінгвістыцы, стажыроўкі ў Германіі, дзясяткі гадоў выкладання і ўдзел у радах па абароне дысертацый, супольная праца з мужам, Лявонам Луцкевічам. Урэшце — тыя ж дзясяткі гадоў руплівага штодзённага хатняга догляду доўгажыхаркі Зоські Верас.
Гэта, бясспрэчна, гісторыя перамогі далёка не найлепшых жыццёвых абставін. Расказаная, зрэшты, амаль фірмовым стылем германісткі — ашчадным на словы, хоць і поўным найцікавейшых падрабязнасцей відавочцы вельмі важных падзей.
Бо знойдзеш тут і яркія характырыстыкі добра вядомых гістарычных асобаў — таго ж ксяндза Адама Станкевіча, Алёны Сакаловай-Лекант, апошняга дырэктара Віленскай беларускай гімназіі Францішка Грышкевіча. Пабываеш і на віленскіх вуліцах, забрукаваных, як кажа аўтарка, «кацячымі ілбамі» (яна наогул даволі часта падкрэслівае правінцыйнасць Вільні), і на Панарскім Шляху — каму як не жыхарцы Панараў была так добра вядомая гэтая дарога, па якой у вайну ішлі на смерць тысячы мясцовых яўрэяў, з клункамі рэчаў. Урэшце, убачыцца і згаданая беларуская гімназія, у якой Галіна Войцік скончыла перадапошнюю сёмую класу ў апошнім для гімназіі 1943-1944-м навучальным годзе і ў якой не замест партрэтаў Гітлера паўсюль вісела Пагоня.
Перадваенная, не разбураная яшчэ старая Варшава. Коўна 1940 года з экскурсіяй Клаўдыюша Дуж-Душэўскага. Безліч пасляваенных партрэтаў «віленскіх недабіткаў» (таксама тэрмін з тых часоў) — беларусаў, якія выжылі ў польскіх, нямецкіх і савецкіх «кіпцюрах», і ўсё ж вярнуліся дадому, у Вільню. Найбольш, вядома, самая Лясная Хатка, куды сотні разоў прыязджалі беларусы як у пілігрымку, на сустрэчу з раўналеткай Багдановіча і Гарэцкага, Зоськай Верас.
Працягнуўшы аповед з гісторыі сям’і аж да канца 1990-х гадоў, Войцік малюе свой варыянт «пейзажу ХХ стагоддзя» і з ясным разуменнем, што яна на гэтым пейзажы — не выпадковая госця:
«Хто я такая? Я ніколі не любіла, калі мяне прадстаўлялі: „дочка Зоські Верас“, „жонка Лявона Луцкевіча“, — гэта ж не мая заслуга. Я заўсёды хацела быць сабой, дасягаць сама не становішча — гэта мяне не цікавіла — але пашаны й павагі за сваю працу».
Магіла Лявона Луцкевіча і Галіны Войцік (на пярэднім плане) і кенатаф Івана і Антона Луцкевічаў. Могілкі Роса, Вільня. Фота з Вікіпедыі
Безумоўна, гэтая кніга, што з 2008 года чакала свайго выхаду, пацвярджае, што менавіта такія пашана і павага належаць аўтарцы па праву. Нават калі яна чагосьці і не распавяла: тактоўнасць і асцярожнасць ніколі не зашкодзяць.
Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org
На сайце выдавецтва можна прачытаць фрагмент з кнігі „Там, дзе мяне няма“