Савет міністраў прыняў пастанову № 391 ад 3 жніўня, якой замацавана рашэнне аб ліквідацыі дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, піша reform.news.
Фота: сацсеткі НЦСМ
Міністэрству культуры даручана забяспечыць перадачу сродкаў, прызначаных у бюджэце на фінансаванне цэнтра, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (44316 рублёў) і Нацыянальнаму мастацкаму музею (45771 рубель). Мінкультуры таксама павінна прыняць да 30 лістапада іншыя захады па ліквідацыі цэнтра.
Аб маючай адбыцца ліквідацыі цэнтра стала вядома яшчэ ў красавіку. Тады цэнтр аб’явіў, што праводзіць апошнюю ноччу музеяў у сваёй гісторыі. Паведамлялася, што фонды цэнтра і пляцоўка на Якуба Коласа дастануцца Нацыянальнаму мастацкаму музею, а памяшканні на вуліцы Някрасава адыдуць акадэміі мастацтваў.