Кінафэст «Паўночнае ззянне — 2023» пакажа беларускае кіно online і offline: што ў праграме

26.10.2023 Кіно

IX кінафестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада бясплатна ў online і па квітках offline ў Вільні і Таліне. З 2020 года пільную ўвагу гледачоў акрамя міжнароднай праграмы прыцягвае Беларускі конкурс. Сёлета на працягу кінафестывалю фільмы Беларускага конкурсу будзе аглядаць міжнароднае журы, яны абяруць пераможцу. Упершыню за гісторыю кінафэсту пераможца Беларускага конкурсу атрымае грашовы прыз.


Беларускі конкурс сёлета складаецца з 12 фільмаў, да якіх прыкладаюцца яшчэ два спецыяльныя паказы па-за конкурсам. Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі ўкраінская прадзюсарка Дар’я Бассель, беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, дырэктар Еўрапейскага кінарынку Berlinale з Германіі Дэніс Ру.

Упершыню на «Паўночным ззянні» фільмы, якія адзначаць журы, атрымаюць грашовыя прызы. Прызавая падтрымка прадастаўляецца тэлеканалам «Настоящее время». Фільм, які заваюе Гран-пры, атрымае грашовы прыз у памеры 1200$, а тая стужка, якой сябры журы прысудзяць Спецыяльны прыз, атрымае 800$.

Чырвонай ніткай праз сабраныя ў конкурсе фільмы праходзіць рэфлексія, пераасэнсаванне падзей 2020 года ў Беларусі і непасрэдна галоўная тэма кінафэсту сёлета — адлегласць. Пра тое, чаго чакаць ад беларускіх фільмаў «Паўночнага ззяння — 2023», расказаў праграмны дырэктар Беларускага конкурсу.

«Феномен беларускага кіно сёння не мае дакладных абрысаў, межаў і індустрыйных перспектыў. Відавочна толькі тое, што з гэтых часціц (беларускіх фільмаў) складаецца выява сучаснай рэчаіснасці, — разважае праграмны дырэктар Беларускага конкурсу. — Беларусь і свет, убачаныя вачыма маладых рэжысёраў-мастакоў, — гэта вельмі прыватная прастора сноў, болю і трывог. Гэта не цалкам поўнамаштабная з’ява. Беларускае кіно, хутчэй, існуе ў выглядзе эскізаў ці накідаў вялікіх праектаў. Але нават у такім фармаце малых форм гэтыя работы валодаюць адной бясспрэчнай якасцю. Наколькі б ні былі аўтары маладымі, іх фільмы не ўзнімаюцца над рэальнасцю і не падмяняюць яе. У іх расказваюцца гісторыі пра перажытае і асэнсаванае, пра разнастайныя бакі жыцця, у якіх сапраўдныя драмы стагоддзя і мастацкая выдумка сведчаць аб нашым цяжкім, абсурдным і парадаксальным часе, які патрабуе ад кожнага адвагі і пачуцця годнасці. Такі сумленны погляд у беларускім кіно заўсёды быў у дэфіцыце, але сёння гэта становіцца галоўнай адметнай рысай нацыянальнай кінематаграфіі, якая існуе насуперак ідэалагічным дыктатам і законам кінабізнесу».

«КУЛ (Навіны з Беларусі)», 2023, Беларусь

Фільм паказваецца па-за конкурсам

14/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

KUL (Naviny z Bielarusi)

Зін, які сабраў разам навэлы французскіх, рускіх, румынскіх, валійскіх, украінскіх і нямецкіх рэжысёраў, і, вядома, беларускіх аўтараў. У аснове кожнага фільма альманаха ляжаць адборныя беларускія навіны, праз якія стваральнікі з дапамогай падручных сродкаў спрабуюць пераасэнсаваць «самую містычную краіну Еўропы» — Беларусь. І ўсё гэта з лёгкай падачы выдатніка здымак кіно без бюджэту, сузаснавальніка кірунку «Беларускае скончанае кіно», рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага. Чаго чакаць? Гісторыі пра тэлефонных зладзюжкаў, пра самы маленькі замак на свеце, тыкток-буслоў і процьму ахвяр эпідэміі дэпрэсіі.


«Радзіма», 2023, Швецыя, Украіна, Нарвегія

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

15/11/23, 18:15 — Талін, к/т ’Apollo Kino Solaris’, 1. Saku saal 

23/11/23, 17:30 — Вільнюс, к/т ’Skalvija’

«Радзіма» — маштабны дакументальны фільм, які выходзіць далёка за межы краіны і аналізуе постсавецкі стан з пункту гледжання моладзі. З дапамогай асабістага і прафесійнага досведу рэжысёр Аляксандр Міхалковіч і рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка падкрэсліваюць прычыны і наступствы шматгадовай «традыцыі» жорсткага цкавання, катаванняў і забойстваў як інструменту кантролю над беларускімі прызыўнікамі. Аўтары паказваюць неспакой сучаснай Беларусі праз непасрэдны досвед маці і навабранцаў, што пераплятаецца з жывымі галасамі іх папярэднікаў, узятымі з лістоў дадому.


«У жывым эфіры», 2022, Польшча

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т ’Kino Sõprus’
21/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)

U žyvym efiry

Кароткаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч, натхнёны ўчынкам Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, расказвае гісторыю затрымання журналістак «Белсату» падчас іх стрыму з Плошчы Пераменаў у 2020 годзе. Стужка ўжо неаднаразова была адзначаная ўзнагародамі на міжнародных кінафестывалях.

Папярэдні фільм рэжысёркі «Дачка» глядач ужо можа паглядзець у анлайн-кінатэатры беларускага кіно VODBLISK.


«Калыханка», 2023, Польшча, Саўдаўская Аравія

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т ’Kino Sõprus’

22/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ўсюды, акрамя тэрыторыі Беларусі)

Kalychanka

Апісанне сюжэту «Калыханкі» можна змясціць у адзін сказ: аднойчы вечарам малады чалавек упадае ў дэпрэсіўны стан. Аднак, як гэта бывае ў анімацыйных фільмах, сюжэт не асноўнае. «Калыханка» — ненаратыўная мастацкая гісторыя, якая паказвае гледачу прыгажосць змрочных настрояў. Па словах аўтара, гэты твор «стаў своеасаблівай рэфлексіяй, якая дазваляе адпусціць эмоцыі ад усіх страшных падзей апошніх трох гадоў. Гісторыя пра змрочны момант душы, які канчаткова змяняе лёс чалавека».


«Усё добра. Я сплю», 2023, ЗША

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе, але не прэтэндуе на грашовы прыз

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т ’Kino Sõprus’

25/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Usie dobra. Ja spliu

Пасля падзей 2020 года «неабыякавыя» грамадзяне пачалі паведамляць у міліцыю пра выпадковых незнаёмцаў, сваіх калег, сяброў і нават сваякоў — тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, або тых, хто проста публічна выказваў сваё меркаванне. Што падштурхнула гэтых людзей да такіх званкоў? Хто гэтыя людзі? Як яны жывуць сёння? Ананімны рэжысёр з Беларусі вырашыў паразмаўляць з імі і высветліць гэтыя пытанні ў дакументальным фільме «Усё добра. Я сплю».


«Ператрымка», 2022, Польшча

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

17/11/23, 16:45 — Талін, к/т ’Kino Sõprus’

«Ператрымка» — адзін з эпізодаў серыяла «Працэсы», створанага тэлеканалам «Белсат». Па сюжэце «Ператрымкі», амапавец затрымлівае некалькі чалавек падчас антываеннай акцыі, але ў турме яму паведамляюць, што ў камерах больш няма месца. Яму нічога не застаецца, апрача як забраць вязняў адбываць 15 дзён арышту да сябе дадому. Гратэскная камедыя пра абсурднасць беларускай рэчаіснасці.

«Ястраб памерам з каня», 2022, Францыя

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

18/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільнюс, к/т ’Skalvija’

Jastrab pamieram z kania

Гісторыя пра арніталагіню Лідзію, якая раней была Сяргеем. Яна дае прыватныя ўрокі біялогіі, працуе на кампанію, якая прадухіляе сутыкненні птушак з самалётамі, а паралельна будуе ў Шчарбінцы Чорны вігвам з «Твін Пікс». Рэжысёрка фільма Саша Кулак, аўтарка нашумелых «Саламанкі», «Хронікаў ртуці» і «Мары», суправаджае гледача голасам па дакументальным апавяданні да таго часу, пакуль сама не становіцца персанажам у гэтым унікальным кінематаграфічным досведзе.


«Чатыры колы далей ад цэнтра», 2023, Беларусь

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

18/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільнюс, к/т ’Skalvija’

Čatyry koly daliei ad centra

Дакументальны партрэт мінскай мастачкі Марыны Капілавай у адсутнасці дыстанцыі. Чацвёра, якія асабіста ведаюць Марыну, паведамляюць, што яны думаюць пра яе. Гэтыя людзі і ёсць чатыры колы фільма — сябры, калегі ды суседка па двары. Фільм рэжысёркі Лены Ле дае магчымасць з аскепкаў меркаванняў сабраць сваё, цэлае. І ўспрыманне асобы гераіні з кожным кругам станавіцца больш насычаным і шчыльным. А ўсё ў цэлым пакідае адчуванне захаплення ад таго, што такія цікавыя ўнікальныя асобы могуць жыць у пяці хвілінах ад цябе.


«Смеццевая галава», 2022, Беларусь

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

19/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Smieccievaja halava

Меланхалічны індзі-хорар пра злую іронію лёсу і сілу жадання. Рэжысёр Юры Сямашка ў сваім ігравым фільме-прытчы расказвае гісторыю рэжысёра-пачаткоўца, які працуе зборшчыкам смецця. Аднойчы ён знаходзіць сярод смецця чароўную бутафорскую галаву і забірае яе дадому. Тым жа вечарам галава ажывае і прапануе Юру выканаць любое яго жаданне.


«Котка», 2023, Беларусь

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

19/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Kotka

Ната Карнеева пасля анімацыйнага фільма «Shirey Mara», які быў у праграме «Паўночнага ззяння» летась, працягвае даследаваць ужо ў ігравой кароткаметражнай стужцы страту каханага чалавека. Толькі ў гэты раз гэтая страта іншага роду — растанне. Разбітая разрывам з каханым, Ганна ў роспачы спальвае макет дома, прызначанага для іх абаіх, прытуляе ў сябе сляпога змучанага ката і спрабуе заглушыць боль страты наркатычным трыпам.


«Дзённік Анастасіі», 2022, Польшча

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

21/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

24/11/23, 17:30 — Вільнюс, к/т ’Skalvija’

Dziennik Anastasii

Дакументальная споведзь беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай. У сваіх яркіх працах яна закранае важныя тэмы, пра якія мала гавораць: ментальнае здароўе, небінарнасць. Анастасія з мужам Аляксеем пакінула Беларусь праз палітычныя рэпрэсіі. Штодня яны сутыкаюцца з цяжкасцямі эміграцыі, але, нягледзячы ні на што, захоўваюць сваё каханне і сваю вялікую мару. А фільммэйкер Максім Буйніцкі фіксуе гэты цярністы шлях.


«Мяцеліца», 2023, Беларусь

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе

22/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Miacielica

«Мяцеліца» — гэта 3 хвіліны медытатыўнай паэтычнай анімацыі, якая злучае ў сабе быццам усе адценні белага. Карціна створаная паводле твора «Мяцеліца» Канстанцыi Буйло. «І куды я загублена еду, без пуці, без напрамку, без следу?!» — адлюстроўвае ў сваёй анімацыі словы беларускай паэткі рэжысёрка Лізавета Багатка.


«Беларусь. OST», 2022, Беларусь

Фільм паказваецца па-за конкурсам

25/11/23 — online з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце свету)

Фільм янкі банкоўскага змяшчае гукавыя дарожкі з аматарскіх відэа, знятых падчас пратэстаў 2020 года: гукі збіцця, вячэра на кухні са стральбой за акном, цяжкае дыханне тых, хто ўцякае, усхліпы чалавека, які здымае з балкона. Візуальны шэраг фільма — запіс з камеры відэаназірання ў Мінску. На экране нічога не адбываецца, проста плошча і людзі, але гукі, якія чуваць, сведчаць, што іх жыццё ўжо зусім не нармальнае. Гэты від з камеры відэаназірання выглядае амаль як від з камеры турмы — той жа ракурс, тыя ж шэрыя колеры, тая ж фактура і тыя ж фігуры ўнізе.


«Патрыятычнае практыкаванне», 2023, Польшча

Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе, але будзе даступны для прагляду толькі журы. Прэм’ера фільма адбудзецца ў снежні (актуальная інфармацыя з’явіцца на канале «Белсат»).

«Патрыятычнае практыкаванне» — адзін з чатырох эпізодаў серыяла «Працэсы» рэжысёра Андрэя Кашперскага. У гэтым эпізодзе інтрыгуючая завязка: малодшыя школьнікі атрымліваюць залаты квіток на экскурсію ў чароўны будынак КДБ. Як тлумачаць стваральнікі серыяла, у першым сезоне, які з’явіцца на канале «Белсат» у снежні, яны паспрабавалі «зайсці на тэрыторыю зла» і паказаць тое, што адбывалася (і адбываецца) з Беларуссю пасля 2020 года «вачыма антыгерояў» — амапаўца, супрацоўніка КДБ, чыноўніка і «ябацькі».

Фільмы Беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння» можна будзе часткова паглядзець ў online згодна з раскладам ці пабачыць offline ў кінатэатрах у Вільнюсе і Таліне. Уся online-праграма будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі (калі вы раней не рэгістраваліся на платформе кінафестывалю).

Калі вам падабаецца дзейнасць «Паўночнага ззяння», падтрымайце кінафэст данатам. Сачыць за навінамі фэсту можаце ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.