Кніга беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі трапіла ў праграму Shoot the book! («Здымай кнігу!») Канскага кінафестывалю. Гэта праграма разлічана на прадусараў — у рамках спецыяльных сустрэчаў ім прадстаўляюць творы, якія можна экранізаваць.
Сёлета ў спісе Shoot the book! 18 твораў, у тым ліку раман «Цкаванне» (Die Jagd, надрукаваны ў выдавецтве Diogenes) Сашы Філіпенкі, піша bellit.info са спасылкай на Actualitté.
Саша Філіпенка. Фота Яўгена Ерчака
Філіпенка заяўлены ад Швейцарыі (гэтая краіна прадставіць ў праграме чатыры кнігі). Акрамя Швейцарыі ў Shoot the book! удзельнічаюць творы з Францыі, Аўстраліі, ЗША, Украіны, Германіі, Швейцарыі, Тайваня.
Фота actualitte.com
«Цкаванне» (рас. «Травля») выйшла ў 2016 годзе. «Героі Сашы Філіпенкі — яго равеснікі і сучаснікі. Музыканты, футбалісты, журналісты, паліттэхнолагі... Ім не пашанцавала з эпохай. Яны востра адчуваюць, як ўцякае маладосць, можа быць, таму іх дыялогі такія адрывачныя і закадаваныя, а іх любоў не прадугледжвае працягу. «Цкаванне» — гэта гісторыя пра тое, што цынізм і іронія — зусім не ўніверсальная браня», — гаворыцца ў анатацыі рамана.
Чытайце яшчэ:
Саша Філіпенка: «Вельмі цяжка, калі ты апісваеш, што адбываецца ў Беларусі. А людзям у Еўропе цяжка паверыць у гэта»