Арцём Шрайбман у ролі псіхатэрапеўта, Лявон Вольскі і Павел Лібер: у Берліне хутка пакажуць кіно пра Беларусь, дзе зняліся шмат вядомых асобаў. «Наша Ніва» даведалася дэталі ў Якаба Вёленштайна, былога кіраўніка беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра і аднаго з твараў фільму.
Фота прадастаўлена Якабам Вёленштайнам
Якаб расказвае, што беларускія актывісты часта кажуць: маўляў, трэба гутарыць пра Беларусь, каб яна заставалася на парадку дня. Але на практыцы гэты парадак складаецца з інфармацыі пра вайну і парушэнні правоў чалавека, у той час як хочацца казаць і пра станоўчае, пра тое, што Беларусь — гэта не толькі рэпрэсіі і Лукашэнка.
Назва стужкі — «Сем сімптомаў беларускасці», кажа Вёленштайн:
«У фільме два асноўныя героі, гэта я і Арцём Шрайбман. Шрайбман — псіхатэрапеўт па імені Гастон, а мой герой збольшага аўтабіяграфічны, але дададзена шмат дэталяў. Я прыходжу да Арцёма з шалёнымі сімптомамі, у мяне хвароба, і мы абмяркоўваем мае сімптомы. Урэшце Арцём высвятляе, што мая хвароба — гэта насамрэч не хвароба, а беларускасць: я — замежнік, які прыязджаў у Беларусь, і я закахаўся ў краіну, таму і захварэў на беларускасць. Таксама я адкрыў для сябе Беларусь як невядомую, але прывабную еўрапейскую краіну з такім вялікім патэнцыялам.
Фота прадастаўлена Якабам Вёленштайнам
У фільме ёсць элементы, якія нагадваюць дакументалку, там уключаныя каментары экспертаў. Але сам фільм — не дакументальны. Асноўнае дзеянне — мы з Арцёмам Шрайбманам сядзім у яго кабінеце, гутарым пра маю хваробу — беларускасць. Пра тое, што яна азначае і чаму ў замежніка з’явіліся сімптомы любові да Беларусі».
Стужку, пра якую ідзе гаворка, здымаюць Фонд Конрада Адэнаўэра ў супрацоўніцтве з «Маланкай» і некаторымі незалежнымі стваральнікамі. Сцэнар збольшага пісаў сам Вёленштайн, а запрошаныя госці шмат у чым адказвалі за свае фрагменты сюжэту. Сярод іх былі не толькі эксперты, але і купалаўцы з ліку стваральнікаў «Чынчынчэнэлу», былы палітвязень і праваабаронцы.
Цяжка сказаць, да якой катэгорыі належыць гэты фільм, разважае суразмоўца:
«У некаторым сэнсе гэта мюзікл, там прагучыць некалькі песень. Я пішу песні пра Беларусь апошнія некалькі гадоў, і спачатку мы думалі проста выкарыстаць іх у фільме. Але потым прыйшлі да таго, што мы хацелі б сказаць нашмат больш за гэтыя песні. Таму ўзялі для фільма толькі адну старую песню і напісалі чатыры новыя».
Фота: прадастаўленае Якабам Вёленштайнам
Сярод аўтараў песень, акрамя Вёленштайна, ёсць вядомыя беларускія музыкі — Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Што да акцёрскага складу, спачатку стваральнікі стужкі думалі звярнуцца да прафесійных акцёраў, але потым вырашылі здымаць вядомых беларусаў, тым больш што гэта і больш аўтэнтычна для кіно пра Беларусь. У фільме з’явіцца багата людзей з дэмакратычнага руху, з медыя і НДА: напрыклад, там будзе Павел Лібер і эканамісты BEROC, а таксама некалькі нечаканых гасцей.
Для фінальнай песні стваральнікі стужкі запрасілі не толькі беларусаў, але і, як іх называе Вёленштайн, сяброў Беларусі: гаворка пра вядомых замежнікаў, якія падтрымлівалі Беларусь і асабіста, і праз сваю прафесійную дзейнасць. Гэта паслы і парламентарыі з некалькіх краін, член Еўракамісіі, былы міністр замежных спраў. Таксама ў фільме зняліся прадстаўнікі беларускіх дыяспар.
Фота: прадастаўленае Якабам Вёленштайнам
Якаб расказвае, што гэты фільм — яшчэ і своеасаблівы мэсэдж да беларусаў:
«З аднаго боку, мы хочам расказаць міжнароднай аўдыторыі станоўчую інфармацыю пра Беларусь, і вось чаму фільм зняты па-англійску. Фільм выйдзе ў кастрычніку, за некалькі месяцаў да так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, і мы таксама хочам даслаць беларусам моцны сігнал салідарнасці. Мы бачым вас, мы верым у вас! Вы — нашы еўрапейскія суседзі, у вас так шмат талентаў, цудоўных людзей і патэнцыялу. Чакаем вашага вяртання ў еўрапейскую сям’ю».
Пабачыць «Сем сімптомаў беларускасці» можна будзе ў Берліне 14 кастрычніка. Прэм’еру зладзяць падчас вялікай канферэнцыі па Беларусі, арганізаванай некалькімі нямецкімі палітычнымі фондамі, у тым ліку і Фондам Конрада Адэнаўэра. Таксама арганізатары плануюць паказаць фільм у Варшаве прыкладна 16 кастрычніка, а потым прывезці яго і ў Вільню.
Чытайце яшчэ: 10 замежных фільмаў, у якіх згадваецца Беларусь