Кіраўніца тэатральнай студыі «Купалінка» Наталля Локіць: «Мы выхоўваем беларусаў, якія будуць несці беларускасць»

Беларуская тэатральная студыя «Купалінка» ў Варшаве адзначыла свой першы юбілей — 5 гадоў існавання. Пра вынікі юбілейнага сезону і свае ўражанні распавялі кіраўніца студыі Наталля Локіць, акцёр і рэжысёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), акцёр Павел Гарадніцкі, а таксама ўдзельнікі студыі і іх бацькі.

Наталля Локіць пра місію «Купалінкі»

Natallia Lokić

Тэатральны сезон выдаўся даволі багатым на творчыя працы і набыццё новага тэатральнага досведу. Цягам года «Купалінка» паказала некалькі спектакляў, сярод якіх — «Заяц варыць піва» па п’есе вядомага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Усе спектаклі аб’ядноўвала тэма беларускіх казак.

«Абранне тэмы беларускіх казак невыпадковае. Казкі — гэта тое, што нас аб’ядноўвае, — распавядае кіраўніца тэатра Наталля Локіць. — Мы плануем паказаць спектаклі яшчэ некалькі разоў па-беларуску, а пасля перакласці на польскую мову і несці беларускую культуру ў польскае асяроддзе. Гэта наша місія — дзяліцца беларускай культурай з палякамі».

Kupalinka

Наталля Локіць акрэсліла вынікі, якія дасягнула студыя за апошні год :

«Мы выраслі колькасна — нас ужо 50 чалавек, 5 груп, 6 настаўнікаў. Да нас далучыліся крутыя выкладчыкі: Саша Ждановіч, Павал Гарадніцкі, Маша Пятровіч. Шмат новых дзяцей прыйшлі сёлета — яны цудоўна ўліліся ў калектыў. Было шмат спектакляў цягам года і цяпер. Гледачы хочуць якасці, і каб яе забяспечыць, трэба працаваць.

За што б беларусы ні ўзяліся — яны ўсё робяць добра.

Мы — таленавітая нацыя. Цудоўна, што на занятках удзельнікі атрымліваюць лепшыя ўзоры беларускай літаратуры, могуць не толькі прачытаць твор, але і пагуляць у яго. Мы выхоўваем беларусаў, якія будуць несці беларускасць. І ў нас яшчэ шмат цікавага наперадзе».

Маляваныч пра «Купалінку»: «Вельмі рады тут быць»

Kupalinka

Адной з перлін сёлетнега тэатральнага сезону стаў спектакль паводле казкі «Варона-падарожніца». Рэжысёрам пастаноўкі быў Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), які на працягу года працаваў з дзецьмі над спектаклем.

«Я вяду дзве групы. У «Купалінцы» ў кожнай групы ёсць свая адмысловая назва: у мяне — «Светлячкі» і «Зорачкі». «Зорачкі» старэйшыя, самыя прасунутыя — некаторыя займаюцца з «Купалінкай» ад самага пачатку, ужо пяць гадоў. «Светлячкі» — самыя маленькія, 4–6 гадкоў.

Kupalinka

Я працую са студыяй першы сезон і вельмі рады тут быць, — кажа Аляксандр Ждановіч. — Гэта дзіцячы тэатр, які сябе добра зарэкамендаваў. Калі казаць пра працу над спектаклем — мне важна, каб матэрыял кранаў мяне і падабаўся дзецям. Доўга не мог знайсці такую казку, урэшце абраў «Варону-падарожніцу», але ад яе там амаль нічога не засталося — толькі прыблізная прывязка. 

Для мяне вельмі важна, каб дзеці адчувалі: гэта не я раблю спектакль, а што мы разам яго ствараем. Каб яны прыносілі розныя крэатыўныя ідэі. І мне здаецца, больш-менш у нас атрымалася».

Павал Гарадніцкі: Быць выкладчыкам для мяне для мяне — неверагодны чэлендж

Kupalinka

Група падлеткаў «Маладзікі» закрывала тэатральны сезон двума казкамі — народнай і казкай Уладзіміра Караткевіча «Чарапаха і Жабкі».

Рэжысёр, актор і выкладчык Павал Гарадніцкі падзяліўся ўражаннямі пра працу над праектам: 

«Я працую з «Маладзікамі» — гэта група цінэйджараў 12–16 гадоў. Быць выкладчыкам і працаваць з маладым пакаленнем у «Купалінцы» для мяне — неверагодны чэлендж, бо раней я з дзецьмі не працаваў. Шчыра сказаць, было няпроста.

Kupalinka

Да гэтага я працаваў толькі з дарослымі і часцей з прафесіяналамі, гэта іначай. Тут шмат часу сыходзіла на навучанне акцёрскаму майстэрству. Але гэта цікавы працэс. Дзеці для таго і прыходзяць у студыю, каб вучыцца. Мы шукаем кантакт адзін з адным, каб у выніку стварыць спектакль.

Класна, што ёсць такая студыя, куды бацькі могуць прывесці сваіх дзяцей. Тут працуюць класныя прафесіяналы: Маляваныч, Маша Пятровіч, можа, і я. Усе падтрымліваюць адзін аднаго — гэта вельмі важна. Мы самі робім касцюмы, працуем над вобразам. Гэта вельмі файная ініцыятыва — добра, што «Купалінка» існуе».

Галасы ўдзельнікаў

Удзельнікі тэатральнай студыі падзяліліся з намі сваімі думкамі пра тое, што значыць для іх быць часткай «Куалінкі».

Вія, група «Агмень»:

«Мяне завуць Вія. Я належу да групы «Агмень» — гэта дарослая група, але сёння я выступала з «Маладзікамі». У «Купалінцы» займаюся толькі год, прыйшла, паглядзела і засталася. Гэта не першы мой досвед з тэатрам. Сёння была Вожыкам, а пасля — Чарапахай. Файная казка, класна ігралася з іншымі дзяўчатамі і хлопцамі. Мне падабаецца, што ў нас у канцы ўсё атрымалася: кароценька і энергічна. Гэта класна — адчуваць сябе часткай чагосьці вялікага. Хачу працягваць займацца тэатрам на роднай мове».

Сафія, група «Маладзікі»:

«Нашая група падрыхтавала дзве казкі. Мне вельмі падабаецца працаваць — файны выкладчык, цікавы праект. Класная атмасфера, добрыя людзі, сувязь з беларускасцю. Я толькі год з «Купалінкай», але гэта быў цудоўны год дзякуючы тэатральным заняткам».

Максім Бокач, група «Зорачкі»:

«Я ўжо два гады наведваю «Купалінку». Калісьці быў дворнікам — мне спадабалася. Зараз быў каршуном — вельмі гарачы касцюм, праўда, але ўсё добра. У «Купалінцы» я адчуваю сябе быццам у вялікай сям’і. Мне падабаецца працаваць з Маляванычам — ён вельмі файны і смешны. Кожная рэпетыцыя была быццам гульня, вельмі цікава».

Меркаванне бацькоў

Бацькі кожны раз прыходзяць, каб назіраць за поспехам сваіх дзяцей на сцэне, а таксама дапамагчы «Купалінцы» ва ўсіх неабходных пытаннях. 

Яна, маці ўдзельніка студыі «Купалінка»:

«Я прыйшла на імпрэзу, бо маё дзіця займаецца ў гэтым тэатры. Мы разам рабілі касцюм, вучылі словы — мне было цікава ўбачыць яго на сцэне. Я адчувала гонар. Гэта вельмі прыемна ўсведамляць, што тваё дзіця прысвячае свой вольны час важнай справе, а не сядзіць у тэлефоне. Ён вельмі развіваецца ў «Купалінцы».

Нашы выкладчыкі цудоўныя, таму дзеці кідаюць свае гаджэты і бягуць на заняткі. Мой сын у студыі ўжо два гады, і я бачу вялікі рост. Дзякуючы студыі яго запрасілі здымацца ў кіно — цяпер разглядаюць на галоўную ролю.

У «Купалінку» прыходзяць рэжысёры, шукаюць таленавітых дзяцей. Гэта месца для творчага росту. Ёсць усё: прафесійныя выкладчыкі, ідэі, пляцоўка для рэпетыцый, і людзі, гатовыя дапамагаць».

Kupalinka

***
Студыя «Купалінка» займаецца тэатральным выхаваннем дзяцей і моладзі з 2020 года, а ў наступным сезоне плануе адкрыць яшчэ і групу для пенсіянераў, каб беларускія бабулі і дзядулі маглі стаць часткай беларускай тэатральнай культуры ў польскай сталіцы.

Наста Пабягунская, Budzma.org

Фота з архіву тэатральнай студыі «Купалінка»