Кірмаш праектаў на Магілёўшчыне: публічная прэзентацыя ідэй – 28 чэрвеня

У чэрвені грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвясцілі ў Магілёўскай вобласці Кірмаш праектаў дзеля паляпшэння культурнай прасторы гарадоў і мястэчак.

mahileu2

І жыхары вобласці змаглі прапанаваць адметныя і цікавыя ідэі, каб жыццё гарадоў завіравала на новым узроўні.

Сам Кірмаш праектаў праходзіць у тры этапы: збор праектаў, прэзентацыя, адбор і абвяшчэнне пераможцаў. Першы этап ужо завершаны.

Зараз адбудзецца другі этап – публічная прэзентацыя праектаў, падчас якой аўтары змогуць атрымаць прафесійныя парады па іх дапрацоўцы і рэалізацыі, а ўдзельнікі – ацаніць, наколькі кожны праект запатрабаваны і цікавы самім гараджанам.

Сярод 10 праектаў прадстаўленыя: гарадскі краязнаўча-інтэлектуальны чэмпіянат у Магілёве, cтварэнне феміністычнага клуба, гарадскі стрыт-арт у Бабруйску, вулічныя музычныя вечары, кіно і танцы ў Бабруйску і іншыя цікавыя праекты.

Дзякуем аўтарам за цудоўныя ідэі і заклікаем іх актыўна рыхтавацца да прэзентацыі, якая адбудзецца 28 чэрвеня ў Бабруйску ў тайм-клубе «13:87».

А ўсіх неабыякавых  жыхароў Магілёўшчыны запрашаем узяць актыўны ўдзел у абмеркаванні і адборы праектаў.

Кожны праект будзе ацэньвацца па 10-бальнай шкале як экспертамі, так і прысутнай аўдыторыяй, таму ваш голас будзе мець вагу і значэнне ў далейшым лёсе прадстаўленых ідэй. Пасля прэзентацыі вынікі галасавання будуць апублікаваныя на сайце кампаніі.

Справа знойдзецца для кожнага, бо Кірмаш праектаў – гэта месца, дзе збіраюцца аўтары, крытыкі, партнёры.

Чакаем вас 28 чэрвеня (чацвер).  

Пачатак у 18:00 у тайм-клубе «13:87» па адрасе: г. Бабруйск, вул. Чангарская, 54.    

Уваход вольны!

Даведкі: +37529 319-93-09, www.budzma.org.