Днямі амбасадар Кітая ў Францыі публічна выказаўся аб тым, што былыя постсавецкія рэспублікі нібыта не маюць ніякай міжнароднай суб’ектнасці. Спрабуем разабрацца, чаму гэта насамрэч не так. А заадно прыгадваем гісторыю таго, якім шляхам сама КНР ішла да міжнароднага прызнання.
Рычард Ніксан і Чжоу Эньлай, 1972. Фота — Corbis Historical
Пачалося ўсё з таго, што не так даўно кітайскі дыпламат Лу Шае ў часе гутаркі з французскім журналістам з тэлеканала La Chaîne Info зрабіў рэзанансную заяву, дзе паставіў пад сумнеў суверэнітэт дзяржаваў, што паўсталі пасля распаду СССР.
Пытанне журналіста, вядома, тычылася найперш Крыма, але кітайскі чыноўнік пайшоў далей і дазволіў сабе троху болей. Паводле Лу Шае, не існуе нейкай міжнароднай дамовы, якая б канкрэтызавала статус поставецкіх краін як суверэнных. Таксама кітайскі дыпламат заклікаў перастаць «прыдзірацца» да пытання постсавецкіх межаў. І гэта пры тым, што сам Кітай вельмі нервова рэагуе на «тайваньскае» пытанне.
Словы Лу Шае імгненна выклікалі вострую рэакцыю ў сталіцах балтыйскіх дзяржаваў — кітайскіх амбасадараў выклікалі для тлумачэнняў у Вільні, Рызе і Таліне на панядзелак, 24 красавіка. Адрэагавалі таксама і французскія чыноўнікі, якія назвалі выказванні кітайскага дыпламата жудаснымі.
Але давайце адкінем у бок эмоцыі ды паспрабуем разабрацца: ці мае хаця б каліва рацыі кітайскі дыпламат, калі разважае пра рэспублікі, якія паўсталі пасля распаду Савецкага Саюза. У прыватнасці, пра Украіну.
Пытанне прызнання новапаўсталых дзяржаваў пасля распаду СССР адбывалася вельмі марудна, але тым не менш усе яны з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыі. Першымі членства атрымалі Літва, Латвія і Эстонія — яшчэ ўвосень 1991 года. Увесну 1992 года да іх далучыліся яшчэ 8 дзяржаваў — Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Апошняй з былых савецкіх рэспублік была прызнана Грузія, якая стала членам ААН 31 ліпеня 1992 года.
Дык а што з Беларуссю, спытаеце вы?
Рэспубліка Беларусь захавала сваё месца ў ААН аўтаматычна, бо разам з Расійскай Федэрацыяй і Украінай была ў ліку заснавальнікаў гэтай арганізацыі яшчэ ў 1945 годзе. Адпачатку савецкае кіраўніцтва думала над тым, каб правесці ў склад новай арганізацыі ўсе саюзныя рэспублікі, але такая ініцыятыва чакана не атрымала падтрымкі.
Разам з тым заходнія краіны не маглі цалкам адмовіць Саветам, бо СССР на той томант ужо быў сур’ёзным геапалітычным гульцом, які зрабіў значны ўнёсак у разгром Трэцяга Райху. Па ўсім відаць, бакі пайшлі на нейкую дамову — замест 15 савецкіх рэспублік вырашылі ўзяць 2. Так акрамя ўласна СССР сярод заснавальнікаў аказаліся яшчэ 2 саюзныя рэспублікі — БССР і УССР, найбольш пацярпелыя ў часе вайны.
Рашэнне аб уключэнні Беларусі і Украіны ў склад дзяржаваў — заснавальніц ААН тады падтрымалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і... Кітай. Таму калі ў канцы чэрвеня 1945 года ў Сан-Францыска сабраліся прадстаўнікі дзяржаваў-заснавальніц, каб падпісаць Статут ААН, была там і беларуская дэлегацыя. Ад імя нашай краіны подпіс пад Статутам пакінуў Кузьма Кісялёў, які тады займаў пасаду камісара замежных справаў БССР. Таму калі Савецкі Саюз разваліўся, Беларусь не проста захавала сваё месца ў ААН — ужо ў верасні 1992 года ў Мінску запрацава прадстаўніцтва гэтай арганізацыі.
Дэлегацыя БССР падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска, 26 чэрвеня 1945 года
А што Кітай? А вось тут вымалёўваецца цікавая гісторыя, бо ў 1945 годзе адным з заснавальнікаў ААН была Кітайская Рэспубліка — цяпер гэта мяцежны Тайвань, улады якога ніяк не хочуць далучацца да КНР і падумваюць аб абвяшчэнні незалежнасці. Такі крок можа прывесці да ўварвання і пачатку Трэцяй сусветнай вайны.
Чытайце таксама: Ці грымне Трэцяя сусветная вайна з-за Тайваня?
Кароткі гістарычны экскурс дазволіць зразумець сутнасць канфлікту. У 1912 годзе ў Кітаі адбылася рэвалюцыя і была зрынута манархія. Ва ўладзе апынуўся лідар Гаміньдану — нацыяналістычнай партыі, доктар Сунь Ятсэн, які ў хуткім часе памёр. Яго замяніў на пасадзе генерал Чан Кайшы. Акрамя Гаміньдану і КПК, якая ўзнікла ў 1921 годзе, было яшчэ мноства правінцыйных генеральчыкаў, што кантралявалі невялікія тэрыторыі Кітая. Доўгія дзесяцігоддзі там шла міжусобная барацьба.
Стасункі Гаміньдану і камуністаў былі далёкія ад ідэалістычных. Яны то мірыліся, то абвяшчалі вайну. Прычым у 1920-я гады савецкія ўлады падтрымлівалі менавіта кітайскіх нацыяналістаў, а не сваіх аднадумцаў. Тое самае было потым некаторы час і на Балканах у пачатку Другой сусветнай вайны, калі партызаны Ёсіпа Броз Ціта яшчэ не сталі заўважнай палітычнай сілай.
У другой палове 1940-х гадоў адбылася чарговая, гэтым разам ужо апошняя, грамадзянская вайна. Нацыяналісты ў ёй прайгралі і былі вымушаныя бегчы на Тайвань. А абвешчаная ў кастрычніку 1949 года КНР, якую ачоліў Маа Цзэдун, яшчэ доўгі час не атрымлівала ніякага міжнароднага прызнання. За выняткам хіба што Савецкага Саюза, які аказваў дапамогу кітайскім таварышам.
Усё памянялася ў канцы 1960-х гадоў, калі паміж КНР і СССР пачала назірацца канфрантацыя. Спачатку на ідэалагічным узроўні — Маа быў верным сталінцам і не без здзіўлення ды агіды назіраў за ўсім тым, што адбывалася пасля 1956 года ў Савецкім Саюзе. Ягоныя ідэолагі адкрыта абвінавачвалі савецкіх у рэвізіянізме і адступніцтве. А потым пачаліся і тэрытарыяльныя спрэчкі, якія ледзь не прывялі да поўнамаштабнай вайны паміж дзвюма сацыялістычнымі дзяржавамі. У выніку Кітай апынуўся ў сапраўднай ізаляцыі. І гэтым удала скарысталіся... амерыканцы.
У ліпені 1971 года адбылася лёсавызначальная падзея — Пекін наведаў Генры Кісінджэр, вядомы амерыканскі палітык і адзін з лепшых стратэгаў ХХ стагоддзя. Разглядаючы архіўныя фота і відэа, можна падумаць, што сустрэліся даўнія прыяцелі. Генры Кісінджэр, які ў той час займаў пасаду дарадцы па нацыянальнай бяспецы ў Белым доме, і Чжоу Эньлай, тагачасны старшыня Дзяржсавета КНР, ветліва ціснуць рукі, прыязна пасміхаюцца, робяць кампліменты.
Генры Кісінджэр, Чжоу Эньлай і Маа Цзэдун, 1971
Тая паездка стала сапраўдным шокам для многіх, бо кардынальным чынам мяняла ўсе звыклыя расклады. Стала відавочна, што амерыканцы гатовыя паступіцца пэўнымі прынцыпамі і шукаюць паразумення з кітайцамі, якія былі ў канфрантацыі з Масквой. Як потым пісаў сам Кісінджэр у сваіх успамінах, менавіта ягоны візіт у Пекін дазволіў працягнуць КНР у ААН.
І ўжо ў кастрычніку 1971 года на 26-й Сесіі ААН была прынята знакамітая Рэзалюцыя № 2758, паводле якой адзіным законным прадстаўніком Кітая ў ААН абвяшчалася КНР. Такім чынам, мандат у выніку складаных геапалітычных гульняў перайшоў ад Кітайскай Рэспублікі да афіцыйнага Пекіна.
Рычард Ніксан на Вялікай кітайскай сцяне, 1972. Фота — Corbis Historical
Рычард Ніксан і Чжоу Эньлай, 1972. Фота — AFP
Чытайце таксама: Ці пасварыць Сі Цзіньпінь Еўропу з Амерыкай?
Пасля гэтага кіраўніцтва КНР не раз карысталася трыбунай ААН, каб праводзіць свае ідэі: блакавалі прыняцце новых сябраў, накладалі вета на абранне старшыняў, прасоўвалі краіны трэцяга свету. З часам, набраўшыся досведу, Кітай ператварыўся ў паслядоўнага абаронцу прынцыпаў арганізацыі. Але апошнія гады выглядае на тое, што дыпламатыя вялікага дракона рухаецца ў іншым кірунку.
Маа Цзэдун і Генры Кісінджэр, 1975. Фота — Wikimedia
Сяржук Загорны, budzma.org