Пра кітайска-амерыканскі інфармацыйны пінг-понг і варыянты ўдзелу Пекіна ў вайне ва Украіне паводле меркаванняў у заходніх СМІ піша Аляксей Гайдукевіч.
Падчас буйнамаштабных ваенных дзеянняў марна шукаць праўду ў СМІ, меркаваннях экспертаў. Бо інфаполе перапоўнена масай дэзінфармацыі, хлуслівымі навінамі і элементамі інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый з розных бакоў.
Сённяшняя вайна ва Украіне не ёсць выняткам.
Таму ў гэтым зменлівым і дынамічным відарысе рэчаіснасці можна толькі крыху намацаць здагадкі аб рэальнасці мінулых і будучых падзеяў.
Асабліва, калі мова ідзе аб інтарэсах і ступені ангажаванасці ў вайне такіх магутных міжнародных гульцоў, як ЗША ці Кітай.
Кітайска-амерыканскі інфармацыйны пінг-понг
Цяжка дакладна вызначыць, ці былі праўдзівымі заявы амерыканскай выведкі і высокапастаўленых асобаў аб выяўленых фактах звароту камандна-адміністратыўнага апарату РФ па кітайскую дапамогу? Ці гэта была своеасаблівая інфармацыйная падрыхтоўка ЗША да анлайн-размовы прэзідэнта Байдэна з кіраўніком КНР?
Брытанская газета The Guardian напярэдадні перамоваў паведамляла:
«Першапачаткова дакладна не было вядома аб тыпах зброі, якія запытвала РФ у Кітая. Але магчымая згода кітайцаў выклікала адназначныя заявы Вашынгтона. Амерыканцы папярэджвалі, што Кітай сутыкнецца з «сур’ёзнымі эканамічнымі наступствамі», калі пагодзіцца на ваенную супрацу з Крамлём.
У наступных паведамленнях з’явілася інфармацыя аб запыце з боку РФ абсталявання (беспілотнікі, бронетэхніка, ракеты «зямля — паветра»). А таксама аб дэманстрацыі кітайцамі гатоўнасці пагадзіцца на прапановы».
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што падчас анлайн-перамоваў 18 сакавіка ў водах паблізу Тайваня апынуліся дзве карабельныя групы — кітайскага авіяносца і амерыканскага ракетнага эсмінца.
Што зусім не адпавядае міралюбным і вельмі дыпламатычным заявам Сі Цзіньпіна, што прагучалі падчас перамоваў, апублікаваным кітайскімі СМІ:
«Крызіс ва Украіне — гэта не тое, што КНР хацеў бы бачыць. Гэтыя падзеі дэманструюць, што краіны ва ўзаемаадносінах не павінны даходзіць да кропкі вайсковых канфрантацый. Мір і бяспека — гэта тое, што міжнародная супольнасць павінна шанаваць больш за ўсё».
Як адзначаюць некаторыя эксперты, тэзісы і асноўныя тэмы, абмеркаваныя на сустрэчы, былі апублікаваныя кітайскімі інфармагенцыямі яшчэ да заканчэння перамоваў. Магчыма, што такім чынам дыпламатыя КНР паспрабавала апярэдзіць амерыканскую афіцыйную рэакцыю на перамовы.
Бо чарговыя заявы Байдэна ў размове з Сі Цзіньпінам аб «наступствах для Кітая ў выпадку матэрыяльнай падтрымкі Расіі ў вайне супраць Украіны» маглі вельмі негатыўна адбіцца на сітуацыі на кітайскіх біржах.
А вось ацэнкі вынікаў перамоваў на дзяржаўным кітайскім англамоўным сайце Global Times былі дэманстратыўна агрэсіўнымі і відавочна пярэчылі заявам Сі:
«Вашынгтон цісне з мэтай паўплываць на стаўленне Кітая да крызісу ва Украіне. Але па меры развіцця сітуацыі нейтральная пазіцыя Кітая па гэтым пытанні ўмацоўваецца... ЗША спрабуюць прымусіць Кітай выканаць амерыканскія патрабаванні. Такі спосаб у міжнародных зносінах ёсць нездаровым».
Illustration: Liu Rui/GT
Перахопліваючы нават на такой кароткай дыстанцыі інфармацыйную ініцыятыву, Пекін намагаецца ў першую чаргу пазбегнуць негатыўных наступстваў для ўласнай эканомікі.
Кітайскія высокапастаўленыя асобы, як гэта бывала неаднаразова, цягам аднаго дня могуць адзначыцца амаль супрацьлеглымі заявамі па адной і той жа тэме.
Што дае падставы СМІ і экспертам рабіць абсалютна розныя высновы.
Такім чынам, КНР можа не проста блытаць заходнюю дыпламатыю, але і тэставаць рэакцыі грамадства і палітыкаў. Прыхавана прасоўваючы патрэбны кантэкст у медыя і ў свядомасць істэблішменту ЗША і ЕС.
Напрыклад, аўтар брытанскай The Spectator у артыкуле аб магчымых змяненнях рыторыкі кітайскіх СМІ ў асвятленні вайны ва Украіне і адрозных заявах кіраўнікоў КНР прыводзіць цытату з кітайскага выдання і дае вольны пераказ яе сэнсу, які, верагодна, і адпавядае рэальным памкненням кітайцаў:
«Кітай і ЗША павінны паважаць адно аднаго, суіснаваць у міры і пазбягаць канфрантацыі, а таксама імкнуцца ўзмацняць зносіны і дыялог на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах».
Пераклад з дыпламатычнай мовы: паважайце інтарэс Кітая ў эканамічнай галіне, калі хочаце неўмяшальніцтва ва Украіну».
Амаль супрацьлеглы змест гэтых трох заяваў і публікацый, зробленых чыноўнікамі альбо надрукаваных у дзяржаўнай прэсе, сведчыць не толькі аб гульні КНР у інфармацыйны пінг-понг з амерыканцамі, аб спробах прадаць як мага даражэй неўмяшальніцтва ў вайну ва Украіне.
Але таксама можа дэманстраваць барацьбу канцэпцый, альбо перадвыбарчых праграм (якія не заўжды абавязкова выконваць) паміж некалькімі фракцыямі ў партыі напярэдадні 20-га з’езда, на якім вызначыцца далейшы лёс кар’еры Сі Цзіньпіна.
Варыянты стратэгіі КНР
Падзеі мінулага дзесяцігоддзя і сённяшні кантэкст міжнароднай абстаноўкі дазваляюць разглядаць некалькі магчымых магістральных варыянтаў стратэгіі і тактыкі КНР датычна палітыкі ва ўсходнееўрапейскім, еўразійскім рэгіёнах, і ў свеце.
Абвастрэнне вайны ва Украіне ў 2022 г. відавочна не ўваходзіла ў планы кітайцаў, таму і варыянтаў засталося відавочна не вельмі шмат. Хутчэй за ўсё, рацыянальны застаўся толькі адзін. Але неабходна адзначыць і два іншых, найбольш радыкальных, якія амаль перакрэслілі б ваенныя дзеянні ва Украіне.
Пра адзін з іх можна прачытаць у публікацыі Financial Times, у артыкуле з назвай «РФ і Кітай плануюць новы сусветны парадак».
У матэрыяле разглядаецца магчымасць разрыву стасункаў КНР з ЗША і ЕС, з пераходам да дамінавальнай ролі ў свеце. Разам з пабудовай хаўрусу з РФ, якая мае забяспечваць ахову паўночных кітайскіх межаў і пастаўкі нафты і газу ва ўмовах верагоднай марской блакады.
Аўтар падкрэслівае «ваяўнічыя памкненні РФ» і нежаданне кітайцаў наўпрост удзельнічаць у буйных ваенных дзеяннях — што сведчыць аб неактуальнасці гэтага варыянту стратэгіі ў сённяшніх варунках:
«У Пекіне (у адрозненне ад РФ) існуе моцнае адчуванне, што час і гісторыя на баку Кітая.
У кітайцаў шмат эканамічных інструментаў для пашырэння свайго ўплыву, недаступных расейцам, якія гатовыя выкарыстоўваць ваенныя метады».
Таму відавочны і шырокі ўдзел КНР у вайне ў Еўропе, у межах такога варыянту выхаду да дамінацыі ў свеце, выглядае не вельмі верагодным.
Другі магчымы варыянт стратэгіі, які таксама хутчэй за ўсё Кітай ужо не мае магчымасці ажыццявіць, узгадваецца ў публікацыі The Hill з назвай «Ці дзеянні РФ дапамогуць паляпшэнню стасункаў паміж КНР і ЗША?».
У матэрыяле разглядаюцца магчымасці больш шчыльнага ўзаемадзеяння Пекіна і Вашынгтона з мэтай недапушчэння разрастання вайны на іншыя краіны Еўропы.
Некаторыя эксперты таксама адзначаюць верагоднасць змовы кітайцаў і амерыканцаў з мэтай далейшага падзелу РФ на сферы ўплыву пасля распаду краіны ў выніку паразы ў вайне.
На карысць такога магчымага кітайска-амерыканскага збліжэння прыводзіцца гіпатэтычны выбар для Пекіна: у выніку падтрымкі РФ пазбавіцца прыбыткаў ад экспарту ў ЗША, ЕС і шэрагах ціхаакіянскіх краінаў, альбо дапамога крамлёўскім уладам у іх вайне.
Пры такіх раскладах Кітай, відавочна, павінен быў бы абраць першы варыянт.
Але існуе і істотны мінус такога верагоднага разгортвання падзеяў. Барацьба паміж фракцыямі ў кампартыі Кітая не дазваляе «групе Сі» рабіць стаўку выключна на Захад. Бо гэта ўзмацніць канкурэнтаў з «праамерыканскай групы» ў кароткатэрміновай перспектыве. І можа прывесці да непрадказальных зменаў стратэгіі па павелічэнні магутнасці КНР з перспектывай сусветнай гегемоніі. Нават пры ўмове канчатковай страты РФ сваіх пазіцый на сусветнай мапе.
Таму абсалютнага далучэння кітайцаў да санкцыяў супраць Масквы, выхад з усіх транспартных праектаў і нафта-газавае эмбарга ад Пекіна чакаць хутчэй за ўсё не выпадае.
Найбольш верагодным варыянтам дзеянняў кітайцаў, з улікам новых абставінаў, можа быць стратэгія, падобная да рэалізаванай Пекінам у дачыненні да Ірана альбо Венесуэлы.
Кітай ніколі не даваў адназначных ацэнак і не аспрэчваў санкцыі супраць гэтых краінаў. Што не замінала і не замінае кітайцам гандляваць з Тэгеранам і Каракасам, удзельнічаць у інфраструктурных праектах.
Магчыма, што і ў выпадку з РФ КНР не адмовіцца ад супрацы. Калі будзе верагоднасць пераследу з боку ЗША за пакупку нафты ці газу, кітайцы будуць дзейнічаць праз пасярэднікаў, намагацца хаваць грашовыя плыні.
Цалкам адмаўляцца ад транзітных праектаў на тэрыторыі РФ і Беларусі Пекін таксама хутчэй за ўсё не плануе. Магчыма, што працэсы будуць часова пастаўленыя на паўзу.
Наўпрост удзельнічаць у вайне кітайцы, верагодна, не плануюць, і нават тэхнічна дапамагаць. Але каб не псаваць стасункі з крамлёўскімі ўладамі, рыторыка з вуснаў дзяржслужбоўцаў будзе гучаць ваяўнічая. І эканамічнае супрацоўніцтва, магчыма, з пастаўкамі тавараў «двайнога прызначэння» будзе працягвацца.
Такім чынам, Кітай будзе імкнуцца захоўваць баланс, ні з кім не псаваць узаемадачыненні і паэтапна ісці да сваёй мэты панавання ва ўсім свеце, абмінаючы падобныя вайне ва Украіне неспадзяваныя перашкоды. А ўвесь ваенны патэнцыял будзе накіроўваць на навязванне сваёй волі выключна ў Ціхаакіянскім рэгіёне.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org