Класіка беларускага авангарду

08.06.2009 Кнігагляд

razanau

Разанаў А.С. Сума немагчымасцяў: зномы. Мінск: Логвінаў, 2009. – 122 с.

Сёння імя Алеся Разанава, генія беларускай паэзіі, гучыць не столькі ў сувязі з выхадам новых кніг, колькі праз судовыя разбіральніцтвы вакол “яйкаквадратаў”, знаёмых абываталям па лагатыпе ўсюдыінага МТС. Менавіта адным з гэтых “роковых яиц” упрыгожаная і новая кніга жывога класіка “Сума немагчымасцяў”, якая выйшла нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў”.

Мне складана сказаць, на чыім я баку ў “яечнай спрэчцы”, бо Разанаў – мой нязменны кумір са школьных гадоў. Для мяне ён не толькі ўвасабленне творчага пошуку ў галіне формы… Доўгія гады ён быў для мяне “чалавекам з гары”, героем сваёй мініятуры, якая, дарэчы, увайшла ў новую кнігу зномаў.

“З гары Мтацмінда глядзеў на горад: “лялечныя” будынкі, аўтамабілі, людзі… Сюды не далятала ні шуму, ні гаманы, і той свет унізе здаваўся самаізаляваным светам са сваёй – таксама самаізаляванай – шкалой жыццёвых вартасцяў, якія не маюць ніякага дачынення да “чалавека на гары”.

Там і прыгадалася прыгожае таямнічае паданне пра тое, як д’ябал спакушаў “сына чалавечага”. З вяршыні гары ён паказаў яму ўвесь людскі свет, сказаў: пакланіся – і ты атрымаеш усё гэта ў сваю ўладу. Але аднаго не ўлічыў д’ябал – “эфекту гары”, і ён спрацаваў супраць яго.

Сляды такога “эфекту” захоўваюцца ў душы ці не кожнага чалавека, не дазваляючы яму канчаткова супасці са светам, ратуючы яго для будучыні, бо і сама будучыня, можа, ёсць не чым іншым, як чалавечым узыходжаннем на гару” (с.5).

У кожнага з нас свой спакушальнік. А можа, і адзін і той жа, але ў розных абліччах… З другога боку, можа, якраз у іншай разанаўскай зноме, якая і адкрывае кнігу “Сума немагчымасцяў”. Там Разанаў нагадвае, што паэзія, мастацтва, філасофія павінны “лётаць высока і займацца “высокімі рэчамі”, але ў той жа час павінны лучыцца з зямлёй “дажджом”, “маланкай” і нават “арлінай драпежнасцю” (с.3).

Такія, здавалася б, супрацьлеглыя, узаемавыключальныя, “немагчымыя” побач назіранні і складаюць суму ўнікальнага філасофска-паэтычнага досведу, які назапашваўся цягам трыццаці апошніх гадоў. Некаторыя са зномаў – невялікіх мініятураў, прысвечаных роздуму над самымі разнастайнымі з’явамі мастацтва, але ў першую чаргу над прыгожым пісьменствам – ужо друкаваліся ў кнізе “Паляванне ў райскай даліне” (1995), другія – напісаны нядаўна, але цалкам падпарадкаваныя не толькі стылістыцы ранейшых твораў, але і нейкаму вельмі спецыфічнаму, толькі Разанаву ўласціваму рытму развагаў, для якіх характэрная парабалічнасць.

Той, хто добра абазнаны ў яго паэзіі, ведае, што адным з любімых разанаўскіх вобразаў, які наскрозь працінае яго паэзію, з’яўляецца страла. Для эсэістычных жа яго твораў больш падыходзіць вобраз бумерангу: думка, пранёсшыся між зямлёй і небам, вяртаецца быццам бы ў тое ж ці амаль у тое ж месца. Можна было б прывесці бясконцую колькасць прыкладаў, але яны б датычылі ў першую чаргу архітэктонікі твораў. Цікава, як увасабляецца вобраз бумерангу ў разанаўскім назіранні над такім відам творчасці, як паэзія: “Па сутнасці, верш пішацца з “канца” (с.89). Ці эпас: “Эпас не “доўгая форма, а доўгая дарога: з дому дадому” (с.99).

Як прафесійны літаратуразнаўца засведчу: новая кніга Алеся Разанава – першы і адзіны на сённяшні дзень уласна беларускі падручнік па тэорыі літаратуры. Што не перашкаджае ёй, заставацца і кнігай актуальнай. З цікавасцю чытаюцца яго развагі над вядомым сілагізмам “калі ты не займаешся палітыкай, палітыка займецца табой”(с.110), назіранні пра тое, хто з’яўляецца “пазіцыяй”, а хто “апазіцыяй” (с.97)…

У “Суме немагчымасцяў” шмат простых, дасціпных, але не заўсёды відавочных ісцінаў, якія маюць асаблівасць праясняцца сітуацыйна, на адлегласці ад самой кнігі. З адлегласці, дыстанцыйна, варта глядзець і на самога паэта, памятаючы, што сапраўдны — шчыры і працяглы – дыялог магчымы не з творцам, а толькі з творчасцю.

***

Ганна Кісліцына -– крытык, літаратуразнаўца. Глядзі персанальны блог.