Паб-клюб «Графіці» абвесьціў конкурс на роспіс сьценаў і агароджаў на завулку Калініна ў Менску.
«Мы любім стрыт-арт і мы хочам, каб наш завулак быў ня шэрым, а радасным. Каб сюды адмыслова прыязджалі людзі, каб на яго зірнуць і пафоткацца», – сказаў у камэнтары для Tuzin.fm кіраўнік клюбу «Графіці» Мікалай Маторын. Графітыстам, мастакам і стрыт-артэрам прапануцца паўдзельнічаць у конкурсе на роспіс сьценаў і агароджаў на завулку Калініна, дзе і месьціцца клюб. З аднаго боку там знаходзяцца гаражы, а з другога завод, і выглядае завулак сапраўды змрочна. Дазвол на гэтую творчую акцыю быў атрыманы ў адзьдзеле культуры Першамайскага раёна Менску. Чыноўнікі разам з творчай камандай клюбу будуць разглядаць і зацьвярджаць эскізы.
Акцыя безтэрміновая – сьценаў для графіці хапае. Свае заявы можна дасылаць на адрас клюбу праз усе спосабы камунікаваньня.