Памятаеце гэтае раздражнёнае постсавецкае пытаньне: «А что ваша мова? Что она, колбасы даст? Накормит?». Ну што ж, больш як 30 гадоў вынішчэньня ўсяго беларускага і ўзмоцненая расеізацыя нашага Краю — дастатковы тэрмін, каб пераканацца ў тым, што корміць ня мова, хай нават і гэткая «могучая и великая», як расейская. Корміць той, хто пачувае сябе гаспадаром уласнага лёсу і роднае зямлі. Корміць — свабодны чалавек, не прыгнечаны, з самапавагай. А вось як раз-ткі свабода прарастае ў кожным з нас найперш праз родную мову. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік піша пра адзіны шлях да нармальнага людзкага жыцьця. Шлях, ісьці каторым здольны кожны з нас.
Бадай, галоўнае, чым варта нам, беларусам, займацца сёньня — акрамя ўсялякага магчымага ціску на рэжым Лукашэнкі дзеля вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і набліжэньня перамогі Ўкраіны — гэта, безумоўна, падтрыманьне і разьвіцьцё беларушчыны.
Размаўляць па-беларуску, выхоўваць у роднай мове сваіх дзяцей, ствараць і пашыраць нацыянальны кантэнт. Гэта адзіны шанец, адзіная магчымасьць, адзіная гарантыя, адзіны шлях — да спакойнага і шчасьлівага жыцьця, свабоднага і заможнага. Нармальнага. Людзкага.
Абсалютная аксіёма, якую разумеюць нават нашыя ворагі і якую, урэшце, трэба ўсьведаміць нам.
Валера Руселік. Варшава, чэрвень-2026. Фота з архіву аўтара
Чарговы этап нішчэньня ўсяго беларускага, калі пад нож рэжыму пайшлі фэстывалі і крамы з нацыянальнай вопраткай і які прыслужнікі гэтага рэжыму, ужо не хаваючыся, публічна тлумачаць сваёй нянавісьцю да беларушчыны — ня першы й не апошні.
Ну што ж, не трагедыя. Перажылі лета гарачае — перажывем і гаўно сабачае.
Асабліва ўсьміхнуў пасаж аднаго з прапагандыстаў пра тое, што, маўляў, 80 адсоткаў беларушчыны — за таго, хто неаднойчы ёй пагарджаў з самых высокіх трыбунаў і хто й разьвязаў супраць яе вайну на зьнішчэньне.
І пакуль вы шукаеце лёгіку ў гэтым аксюмароне, у мяне адразу ж напрошваецца лягічнае пытаньнечка: ну калі гэтак і ёсьць, то дзе ж вашыя беларускамоўныя шыхты, лукашысты? Пакажэце мне хаця б тузін адданых гэтаму беларусафобскаму рэжыму беларускамоўных беларусаў! Ня тых, хто калісьці размаўляў на роднай мове, але затым здрадзіў уласным ідэям і пайшоў служыць вашаму калгаснаму старшыні. Падкрэсьлена перайшоўшы пры гэтым на расейскую мову.
Ну бо па-беларуску ж — гэта змагарства, праўда? Гэта свабода, найперш унутраная, якая затым непазьбежна перарастае ў памкненьне жыць уласным розумам і ўласным выбарам, у самапавагу й супрацьстаяньне з тымі, хто ўсяляк намагаецца загнаць цябе ў хлеў. Ці то ў шклоўскі, ці то ў крамлёўскі.
Менавіта таму лукашысты й ненавідзяць усё беларускае. І менавіта таму рана ці позна прайграюць. Таму што няма нічога мацнейшага за мару аб свабодзе.
Удзельніца пасьлявыбарчых пратэстаў і ўзброены лукашэнкавы сілавік. Менск, жнівень 2020 г. Фота: Reuters/Stringer
Прычым для мяне гэта не папросту перакананьне, вера. Гэта веды, якія грунтуюцца на сухой статыстыцы. З сакавіка 2023 года я вяду Tiktok-канал «vyToki», дзе зьбіраю самыя розныя цікавосткі са сьвету беларушчыны. Усё тое, што натхняе больш цікавіцца сваёй роднай мовай, гісторыяй, культурай. І ганарыцца прыналежнасьцю да цудоўнага беларускага народу.
Аніякае палітыкі. Ну, амаль.
Дык вось больш за 80 адсоткаў аўдыторыі маіх «вытокаў» — зь Беларусі. Часьцяком з чырвона-зялёнымі сьцяжкамі ў нікнэймах і на аватарках. То-бок далёка ня толькі змагары, але і звычайныя, палітычна неангажаваныя суграмадзяне. Людзі, якія, пабачыўшы пасярод сваёй шэрай штодзённасьці прамень пазытыву, магчымасьці быць ня нейкім там чыімсьці малодшым братам альбо чалавекам другога гатунку, але суродзічам найвыбітнейшых людзей у сьвеце, жыхаром унікальнае краіны, носьбітам фантастычнае культуры, могуць на момант усьміхнуцца ды пазьней у размове зь іншымі з гонарам сьцьвердзіць: «А мы-та, беларусы — ого-го!».
І я ўжо неаднойчы бачыў, як разам са зьяўленьнем нацыянальнага гонару зьнікалі чырвона-зялёныя сьцяжкі. Ну бо ўсе ўсё разумеюць.
TikTok-канал «vyToki» і статыстыка па геаграфіі аўдыторыі каналу за апошні год: 82,1% гледачоў — зь Беларусі
І таму я абсалютна спакойны за нашую будучыню. Усё ў нас будзе добра, усё ў нас будзе па-беларуску. Пытаньне толькі ў тым, калі тое будзе. Хацелася б у той Новай Беларусі яшчэ пажыць, праўда?
Ну а каб тая сьветлая будучыня надышла пахутчэй, рэцэпт просты і стопяццот разоў прагавораны. Размаўляць па-беларуску, выхоўваць у роднай мове сваіх дзяцей, ствараць і пашыраць нацыянальны кантэнт.
Жыць свабодна. Быць сабою, быць беларусамі.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org