Гэта канцэптуальная і добра ілюстраваная праца леґендарнага беларускага рок-журналіста Вітаўта Мартыненкі, у якой распавядаецца пра беларускі рок і класічную музыку.
У кнізе звыкла выяўляецца схільнасьць Вітаўта Мартыненкі шукаць свае карані, як і крыніцы беларускай плыні мас-культа, у тысячагадовых традыцыях нацыянальнай культуры. Сама назва «Прадмовы й Пасьляслоўі» ўзыходзіць да аднайменнага канцэптуальнага збору Францыска Скарыны. Апроч прыстойнай забавы для аматараў лёгкай беларускамоўнай чытанкі, выданне станецца цудоўным падарункам для кожнага калекцыянера сусветнага мас-культ-прадукту, бо ў гэты альбом увайшлі ў тым ліку фатаґрафічныя працы найлепшых рэпарцёраў — летапісцаў беларускага шоў-бізнэса.
Дасканалая стылістыка мовы, шыкоўныя фота і папулярная тэма робяць кнігу цікавай для шырокага кола чытачоў.
Выдавец кнігі Наталля Баярын кажа: «У кнізе прадмовы аўтара да касет і кружэлак беларускіх музыкаў і выканаўцаў. "Вітаўт Мартыненка вяртае беларусам славутыя беларускія імёны". Вітаўт рабіў упор на тое, што я выдаю шыкоўнае выданне, альбо ніяк. Ужо абрыдла, што ўсё беларускае павінна быць сціплае, шэрае, незаўважнае, так хавацца і баяцца сябе паказаць».
Замовіць кнігу можна па спасылцы.
Вітаўт Мартыненка быў вядома музычны журналіст, супрацоўнічаў са шматлікімі рэдакцыямі, пісаў прозу, вершы, якія друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах. Аўтар некалькіх кніг, прысвечаных беларускай музычнай сцэне.
Хварэў на цукровы дыябет. У 2016 годзе з ускладненнямі трапіў у шпіталь і перанёс хірургічную аперацыю. Памёр 17 красавіка 2016 года.