Беларус напісаў кнігу пра беларускія замовы з паэзіяй, якая робіць іх сучаснымі

24 студзеня выйдзе самвыдатная кніга «ласачка-босачка» пра калектыўныя практыкі дапамогі і паэзію, якая прапануе новы погляд на беларускія замовы, піша citydog.io.

«lasačka-bosačka»


Аўтар кнігі — мастак Ула Кароткі, які родам з Мінска, а цяпер жыве ў Брэмене і Гронінгене. Ён вядомы як стваральнік медыя «Забі зяпу» і сустваральнік праекта Eastern Queerope, прысвечанага гісторыі квір-людзей Усходняй Еўропы.

Што гэта за кніга?

Асновай для кнігі сталі запісы прабабулі аўтара, Бабы Мані, якая жыла ў вёсцы Рухава Старадарожскага раёна і лячыла людзей замовамі. На працягу дзесяці гадоў яна спрабавала перадаць свае веды дачкам і ўнучкам, але іх запісала толькі адна сваячка з Масквы.

Запісы заставаліся схаванымі больш за 20 гадоў. У студзені 2024 года Ула атрымаў гэтыя тэксты, але сям’я забараніла іх публікацыю, спасылаючыся на страх за здароўе і павагу да традыцый.

У кнізе аўтар разважае над тым, што беларускія замовы — гэта не проста словы, а жывая калектыўная практыка, якая існуе толькі праз сумеснае прачытванне і перажыванне. Ула разам з іншымі паэтамі ладзіў анлайн-сустрэчы, на якіх яны калектыўна чыталі запісы Бабы Мані, даследуючы іх гучанне і сэнс.

У стварэнні кнігі ўдзельнічалі пісьменнікі і паэты розных стыляў, сярод іх Тоні Лашдэн, Ганна Комар, Цімур Кудзеліч, Слава Кміт і Вікця Удовіна. У кнізе прадстаўлены 15 замоўных тэкстаў і тры эсэ Улы: пра сам эксперымент, пра прызначэнне і пра ўплыў савецкай палітыкі на вёску Рухава і яе культурную памяць.

Кнігу «ласачка-босачка» можна заказаць на спецыяльным сайце, а калі вы ў Беларусі, дык тут.