У Нямеччыне выйшла кніга «Спраектаваныя для масавых забойстваў — нацысцкія газавыя фургоны 1939 — 1945» аўтара Cameron A. Munro. Выданне ўпершыню ўключае 15 верыфікаваных здымкаў газавага фургона («душагубкі»), які выкарыстоўваўся зондэркамандай СС VIIa айнзацгрупы B у акупаваным Савецкім Саюзе. У тым ліку, у Гомельскім раёне, піша тэлеграм-канал De facto. Беларуская навука.
Выхлапныя газы рухавіка ўнутранага згарання выкарыстоўваліся для масавых забойстваў — перш за ўсё габрэяў. Раней адсутнасць верыфікаваных здымкаў аўтамабіля-газавай камеры некаторыя прыводзілі ў якасці аднаго з аргументаў для адмаўлення Халакосту. Аўтар кнігі не толькі сабраў падцверджаныя здымкі, але і ўпершыню фіксуе гісторыю паходжання, праектавання, канструкцыі і эксплуатацыі нацысцкіх газавых фургонаў («душагубак»).
На вокладцы кнігі — здымак нацысцкага газавага фургона ў Оршы пры перасячэнні Дняпра ў красавіку 1942 года. Замовіць выданне можна тут (інфармацыя — у сярэдзіне старонкі).
Больш падрабязная інфармацыя ў відэаінтэрв’ю з аўтарам, знятым на месцы будаўніцтва нацысцкіх газавых фургонаў і навучання іх кіроўцаў у цэнтры Берліна.