Фонд «Камунікат» і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку перавыдалі польскі пераклад кнігі ўспамінаў паэткі Ларысы Геніюш «Ptaki bez gniazd. Wspomnienia» (Птушкі без гнёздаў. Успаміны). У Беларусі гэтая кніга выходзіла пад назвай «Споведзь».
Першае выданне польскай версіі кнігі «Ptaki bez gniazd. Wspomnienia» ў перакладзе Чэслава Сэнюха выйшла ў 2012 годзе, дзякуючы Беларускаму гістарычнаму таварыству ў Беластоку, піша bellit. info.
Кніга таксама выходзіла на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі — у арыгінале «Споведзь», па-чэшску — «Pani Doktorowa». У «Слове ад унука» ў сёлетнім беларускамоўным перавыданні фонда «Камунікат» Міхась Геніюш піша, што сама аўтарка лічыла, што твор мусіць называцца — «Успаміны».
«Мая бабуля супраціўлялася такой назве [Споведзь] яшчэ пры жыцці — дадае Міхась Геніюш —сцвярджаючы, што людзі вызнаюць свае грахі і дрэнныя ўчынкі, але ў яе не было такіх перад сваёй краінай. Грахі і несправядлівасці сапраўды былі здзейсненыя, але ў адносінах да яе, і за гэта ейнай сям’і давялося заплаціць такую бязлітасную цану».
У 2025 годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтага юбілейнага года, 19 снежня 2024 чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У дакуменце гаворыцца, што яны ніколі не страчвалі гэтага грамадзянства, і што іх выдача савецкім уладам была незаконнаю.
Замовіць кнігу можна на сайце Kamunikat.shop.