Як паведамляюць праваабаронцы, кіраўніцтва кнігарні «Асвета» прыцягнулі да адказнасці за дзве кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». Дырэктарка кнігарні растлумачыла на судзе, што на гэтую пасаду яна была прызначана толькі 24 траўня і не ведала пра наяўнасць «экстрэмісцкіх» кніг у краме.
Па яе словах, ні выдавецтва «Харвест», якому належыць кніга, ні Міністэрства інфармацыі Беларусі не папярэдзілі кіраўніцтва крамы аб тым, што кнігі варта зняць з продажу.
8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэння, а пазней склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Кнігарні прызначылі штраф у памеры 150 базавых велічыняў (4 800 рублёў).
Аўтар кнігі — Віктар Ляхор, вядомы беларускі геральдыст, які стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС.