Кніга, прысвечаная супрацоўніцтву паэтаў і музыкаў, выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор” у снежні 2010 года. У цэнтры кнігі – творчасць З.Вайцюшкевіча і яго сяброў . Аўтары аб’ядналі свае нарысы, аналітычныя агляды і інтэрв’ю са спеваком, зробленыя напрацягу папярэдніх шасці гадоў. У зборнік увайшлі гутаркі, рэцэнзіі і агляды А.Мяльгуя і В.Мартыненкі, Э.Дзвінскай, М. Скоблы, З.Падбярэзскага, С.Будкіна і іншых.
Кніга будзе цікавай шматлікім прыхільнікам “Народнага альбому” і “Я нарадзіўся тут”, лірычных цудаў “Паравінаў году” і “Паравоза кахання”, бо змяшчае рэцэнзіі на альбомы, эксклюзіўныя фотаздымкі розных гадоў, тэксты песень, якія варта ведаць. Тут –дыскаграфія, рэпартажы з выступленняў артыста і “WZ-Orkiestra” ў Віцебску, Магілёве, Гародні, канцэртаў у Варшаве, падарожжаў па Парыжы, Кіота, Вашынгтоне, Нью-Йорку і Стакгольме. У кнізе гучаць шчырыя аповеды старэйшых сяброў і суаўтараў Тодара – прызнаных мэтраў песенных шэдэўраў – Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, Алеся Камоцкага, іх роздум пра лірыку і каханне, пра творчасць і лёс Радзімы.
“Зміцер Вайцюшкевіч, – прызнае музычны крытык Анатоль Мяльгуй,– сапраўдны беларускі кампазітар і музыкант, які сваім талентам і творчай энергіяй ужо сёння стварае сучасную Беларускую Культуру ХХІ стагоддзя.”
Прэзентацыя кнігі “Беларускае слова ад спеву” пройдзе 4 лютага на офісе Руху “За Свабоду”па адрасе: пр Незалежнасці д. 80 кв 73. Пачатак у 18.00.