“Стварыць яшчэ аднаго Буду, які пераўзыходзіць сапраўднага, – неверагодны ўчынак. “Сідхартха” для мяне больш дзейсная медыцына, чым Новы Запавет“.
Генры Мілер
Герман Гесэ – сусветна вядомы нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Філасофія будызму істотна паўплывала на светагляд пісьменніка. Дваццаць гадоў ён вывучаў індыйскую культуру і ў 1921 годзе напісаў “Сідхартху”. “Паміж першай і другой часткамі быў перапынак – амаль паўтара году. І мне спатрэбілася правесці частку майго жыцця ў аскезе і медытацыі, перш чым індыйскі свет ізноў зрабіўся родным”. Імя пісьменніка ў чытача асацыюецца найперш з яго раманамі “Стэпавы воўк” і “Гульня шкляных перлаў”. Кніга “Сідхартха” з’яўляецца не менш папулярнай. Яна перакладзеная на беларускую мову ў 2007 годзе.
Сідхартха, галоўны герой кнігі, нарадзіўся ў сям’і брахмана. Ён быў паслухмяным сынам і гэтым цешыў бацькоў, спасцігаў глыбіні будызму, ужо навучыўся прамаўляць “Слова словаў” – Ом. І адночы ён задумаўся: ці правільна ахвяраваць сябе багам? Чаму ён, бездакорны, павінен кожны дзень ачышчаць сябе нанова? Усе мудрыя брахманы шукалі, але хто з іх знайшоў шлях да першавытоку? Сідхартха сышоў ад бацькоў. Пошук найглыбейшае таямніцы, ісціны прывёў яго да саманаў – аскетаў, якія вучылі затрымліваць дыханне, пасціцца, чытаць заклінанні. Праз некалькі гадоў Сідхартха зразумеў, што ён такі ж далёкі ад шуканай мудрасці, як і быў, што ўсе практыкі саманаў – сродак уцёкаў ад уласнага “Я”, і гэтаму ён бы здолеў навучыцца ў любой карчме. Ён сышоў ад саманаў, каб пабачыць Буду Гаўтаму. Гэта пачатак гісторыі Сідхартхі – пачатак пошуку яго “Я”, унутранай нязменнае сутнасці.
Сідхартха вынайшаў, што Буда спасціг ісціну, але гэта нельга зрабіць шляхам вучэнняў: “Я працягну свае вандраванні не каб знайсці найлепшае вучэнне, бо я ведаю, няма такога, а каб пакінуць усе вучэнні і ўсіх настаўнікаў, самому дасягнуць мэты сваёй альбо памерці”.
Пісьменнік і перакладчык з Віцебску Арцём Арашонак выдаў кнігу за ўласны кошт накладам усяго 200 асобнікаў. Ён жа выканаў пераклад. Невялікі наклад абумоўлены своеасаблівасцю кнігі: аматараў філасофіі на беларускай мове звычайна менш, чым аматараў мастацкай літаратуры. І большасць ахвотных ужо чыталі яе на расійскай мове.
Сітуацыя ўскладняецца недастаткова шырокай карыстанасцю беларускай мовы і, як наступствам, недастатковай яе распрацаванасцю. Праз гэта чытанне такой літаратуры робіцца складанейшым. У той жа час з’яўленне досыць спецыфічнай кнігі па-беларуску ёсць доказам таго, што не толькі паўсюдная расійская мова можа быць сродкам аналізу свету і глыбейшага яго спазнання.
Слова “Буда” абазначае “той, хто абудзіўся”. У Буды не бывае крызісу сярэдняга ўзросту. Чаму? Ён не баіцца шукаць і змяняць жыццё адпаведна сваім памкненням. Можа быць, дух гэтае кнігі натхніць чытачоў на пошук сябе і здзяйсненне сваіх мараў.