Кнігу гістарычных авантурна-прыгодніцкіх раманаў Людмілы Рублеўскай “Сутарэнні Ромула”, што выйшла ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” прэзентавалі ў кнігарні “логвінаЎ” 26 чэрвеня пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Імпрэза пачалася з уступнага слова рэдактара кнігі, старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыса Пятровіча. Ён згадаў 2000-ны год, калі Людміла Іванаўна прапанавала да друку ў часопіс “Полымя” свой першы празаічны тэкст, аповесць “Дзеці гамункулуса”. На той час публікацыя ў такім сур’ёзным выданні як “Полымя” была недасяжнай марай для аўтараў не старэйшых за сорак гадоў, шмат тэкстаў прэтэндавала на публікацыю. І ўсё ж у рэдакцыі не ўзнікла сумневаў, што аповесць Рублеўскай трэба друкаваць, і што ў беларускую літаратуру прыйшоў цікавы малады празаік, якому ёсць што сказаць сваім чытачам.
Барыс Пятровіч папрасіў спадарыню Людмілу расказаць, як ёй удаецца спалучаць працу ў газеце, творчую працу і сямейную.
“Удаецца ўсё дзякуючы людзям, якіх я сустрэла ў сваім жыцці: муж Віктар Шніп, адзінадумца, першачытач, які заўжды мяне падтрымлівае, Барыс Пятровіч — рэдактар, які мяне разумее…” — адказала Людміла Рублеўская.
Віктар Шніп расказаў пра тое, як жонка працуе над сваімі раманамі: “Яна калі піша, то перажывае лёсы герояў. Яна жыхар XV, XVI, XVII стагоддзя. Піша пра тое, чаго няма, але потым гэта знаходзяць, як напраклад, полацкія скляпенні”. Віктар Шніп першы чытае тэксты, якія выходзяць з-пад пяра жонкі, але кажа, што робіць гэта не як крытык, але як чытач, які любіць сваю жонку. Прозу Людміла Рублеўская пісала яшчэ ў школе, і дагэтуль у сям’і захоўваюцца сшыткі з аповесцямі, напісанымі ёй у 14-15 гадоў.
Сама Людміла Рублеўская зазначыла, што “Пісьменнік, як сарока, усё цікавае, усе назіранні, свой жыццёвы досьвед цягне ў кнігі. Сваю прозу аўтар “Сутарэнняў Ромулоа” чытаць не стала, але прачытала вершы, надрукаваныя ў апошнім, 58-м нумары Дзеяслова, у тым ліку верш, прысвечаны гісторыку Віталю Скалабану, якога не стала год таму, і якому Людміла Рублеўская вельмі ўдзячная за веды, якія дапамагаюць ёй пісаць гістарычную прозу.
На пытанне пра пошук сюжэтаў для кніг, пісьменніца сказала, што беларуская гісторыя — гэта скарбніца, з якой можна браць сюжэты і для сусветнай літаратуры. За кожным героем рамана “Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію” стаіць рэальны чалавек.
Часам сюжэты нараджаюцца з рэальных падзей. Аднойчы калега параіла Людміле Рублеўскай схадзіць ў музей, бо там выстаўляецца партрэт яе дачкі Веранікі. Людміла і Вераніка наведалі музей, дзе і сапраўды пабачылі партрэт шляхцянкі Патоцкай, як дзве кроплі вады падобнай да Веранікі. Калі сталі прыдумляць тлумачэнні, то згадалі, што Шніпы былі ўпраўляючымі ў Патоцкіх…
Са сваім героямі Людміла Рублеўская часта абыходзіцца жорстка і тлумачыць гэта тым, што “беларускя гісторыя ведае вельмі мала хэпі-эндаў”.
У прэзентацыі кнігі таксама ўзялі ўдзел бард Алесь Камоцкі, які сказаў пра аўтарку “Сутарэнняў Ромула”, што не ўспомніць, калі яны пазнаёміліся, бо ёсць людзі, якія былі заўсёды”, пісьменнік Алесь Гібок-Гібкоўскі, дырэктар Нацыянальнага музея-архіва Ганна Запартыка, якая чытала “Сутарэнні Ромула” як эксперт, творчая сям’я Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага. Сябры суполкі “Літаратурнае прадмесце” выканалі некалькі песень на вершы Людмілы Рублеўскай і Рагнеда Малахоўскага.
Прэсавая служба СБП (http://lit-bel.org/by/news/3048.html)