Князь Шварн Данілавіч родам з Галіча ў беларускай гістарыяграфіі амаль не прысутны. Між тым ён прынамсі некалькі гадоў займаў найвышэйшую дзяржаўную пасаду — вялікага князя літоўскага. Спачатку супольна з дуумвірам Войшалкам Міндаўгавічам (ад 1264 г.), потым між 1267 і 1270 гг. аднаасобна. Што гэта за таямнічы князь і як ён трапіў у вялікую палітыку, распавядаем у артыкуле.
Уяўны партрэт князя Шварна. Малюнак Мечыслава Барвіцкага
З гэтым чалавекам усё таямніча, пачынаючы ўжо ад імя, вельмі рэдкага, бадай адзінага ў тагачасных княскіх сем’ях Русі. Яно мае аналогіі ў заходнеславянскіх мовах, напрыклад, у чэшскай і славацкай слова «шварны» азначае прыгожы, ладны, прыстойны. Якраз радзіма нашага героя — Галіцка-Валынскае княства — размяшчалася пры мяжы з заходнім славянствам і было шчыльна з ім звязана. Дата нараджэння Шварна невядомая (лічыцца, што гэта прыблізна 30-я гады ХІІІ ст.), жыццё скончыў у 1269-м ці 1270 г. у Літве (верагодна, у Наваградку). Пахаваны ў Холме побач з бацькам.
Шварн быў малодшым сынам аднаго з двух галоўных галіцка-валынскіх князёў Данілы Раманавіча, і бацька яшчэ падлеткам уцягнуў яго ў вялікую палітыку. У 1254 г. дзеля замацавання міру з Літвой Шварн ажаніўся з дачкой Міндаўга, што пазней дало яму фармальную падставу для заняцця літоўскага трона.
У 1264 г. быў пасланы з войскам у Літву ў дапамогу Войшалку і застаўся там суправіцелем як прадстаўнік і вартаўнік інтарэсаў Галіцка-Валынскай дзяржавы. Але адначасова захаваў сваё ўладанне на радзіме — Холмскае княства.
Дружына. Мастак Павел Татарнікаў
Па гэтай прычыне здараліся нестыкоўкі ў міжнароднай палітыцы, бо ў Літвы і Галіччыны-Валыні маглі быць розныя сябры і ворагі. Калі ў 1267 г. ліцвіны наехалі на Мазоўша (Мазовію), то тамтэйшы князь Баляслаў выгаворваў Шварну, маўляў, да ліцвінаў не маю прэтэнзіі, бо варагуем з імі, а вось на цябе пакрыўджаны. У адказ Баляслаў напаў на Валынь, і Шварн з Наваградка паехаў бараніць радзіму.
З усіх гэтых звестак даследчыкі выводзяць, што Шварн Данілавіч не надта пэўна пачуваўся ў Літве, а знакаміты ўкраінскі гісторык Міхайла Грушэўскі нават палічыў, што княжанне Шварна ў Наваградку было «такое ж эфемернае, як і княжанне Рамана ў воласцях Войшалка» (Раман Данілавіч — старэйшы брат Шварна). Нездарма ён бедаваў з нагоды адыходу Войшалка ў манастыр і ўпрошваў таго застацца пры ўладзе. Паводле Міхайлы Грушэўскага: «для Шварна смерць Войшалка, які быў ягонай маральнай апорай на Літве, была моцным ударам».
Хоць звестак пра Шварна захавалася вельмі мала, тым не менш з іх можна «выцягнуць» высновы пра некаторыя ягоныя асабістыя рысы.
Быў чалавекам сваёй эпохі, а людзі Сярэднявечча не ўмелі, не былі ў стане кантраляваць свае эмоцыі і дзейнічалі найчасцей пад іх уплывам, што называецца, «з гарачкі». Вось і Шварн у 1267 г. насуперак наказу дзядзькі не дачакаўся падмогі, а памчаўся ў пагоню за мазаўшанамі і пацярпеў паразу, ягоная дружына панесла значныя страты.
Наваградак. Помнік рыцару-абаронцу
Здаецца, быў не самым «крутым» князем-ваяром, пра што сведчыць эпізод з горадам Вазвягелем (на Жытоміршчыне). Бацька паслаў яго з войскам падпарадкаваць гэты горад, вазвягельцы нібыта пагадзіліся, а адразу пасля адыходу Шварна прагналі ягонага цівуна (намеснік, прадстаўнік князя). Потым смяяліся з Шварна і ягонай дружыны, стоячы на абарончых сценах.
Шварн Данілавіч вярнуўся на радзіму толькі пасля смерці: «Княжыў жа па Войшалку Шварн у Літоўскай зямлі, княжыў няшмат гадоў і праставіўся, і паклалі ягонае цела ў царкве святой Багародзіцы, каля труны бацькі».
Сёння вялікі князь літоўскі Шварн Данілавіч не падабаецца прыхільнікам канцэпцыі «паганскай імперыі», паводле якой Вялікае Княства Літоўскае стварылі, паднялі да магутнасці балты-язычнікі, якія панавалі ў дзяржаве і пагарджалі славянамі-хрысціянамі.
Кніга пра паганскую імперыю
Такі погляд даволі распаўсюджаны ў Летуве, і мае прыхільнікаў сярод прафесійных гісторыкаў.
Калі Войшалка адэпты гэтай канцэпцыі яшчэ прызнаюць, бо хоць і ахрысціўся, але з паходжання быў мясцовым, тутэйшым балтам-язычнікам, то праваслаўны славянін Шварн у канструкт «паганскай імперыі» ніяк не ўпісваецца. Таму яго часта ігнаруюць, і нават занатаваная спроба ўвогуле выкрасліць Шварна Данілавіча з гісторыі. Так гісторык Артурас Дубоніс заявіў, што інфармацыя летапісу пра вялікакняжанне Шварна — позняя ўстаўка і гэта прыдуманы, неіснуючы «праваслаўны праект Літвы», які ніяк не адпавядаў летувіскай рэчаіснасці таго часу. Праўда, доказаў для такой высновы аўтар не прадставіў.
Канстанцін Семяновіч, budzma. org