У 1254 г. старэйшы сын вялікага князя літоўскага Міндаўга Войшалк нечакана для ўсіх аб’явіў, што адыходзіць ад свецкага жыцця і «ўспрыняў манаскі чын». Але калі забілі ягонага бацьку, здарылася нечуванае — манах пакінуў манастыр, каб часова зноў стаць князем, адпомсціць за смерць бацькі і навесці парадак у дзяржаве. Як яму гэта ўдалося і якія наступствы мела, распавядаем у артыкуле.
Войшалк. Мастак Мікола Рыжы
Войшалк пачынае дзейнічаць
Пэўна невыпадкова пасля забойства Міндаўга ў 1263 г. Войшалк схаваўся не дзе-небудзь, а ў Пінску. Гэта было надзейнае месца — недалёка (можна хутка вярнуцца), да таго ж, вялікі і ўмацаваны горад, які цяжка было б захапіць ягонаму ворагу — князю Траняту, што заняў месца Міндаўга.
Войшалк адразу пачаў дзейнічаць, найперш дыпламатычна. Паслаў да інфлянцкага магістра з просьбай дапамагчы як хрысціянін хрысціяніну супраць паганца. Рыцары пачалі рыхтаваць войска, што скоўвала верныя Траняту сілы ў суседняй з Лівоніяй Жамойці.
Зорны час Войшалка
Падзеі развіваліся імкліва. Транята яшчэ паспеў расправіцца з канкурэнтам — полацкім князем Таўцівілам, але неўзабаве сам стаў ахвярай замаху. Верныя слугі Міндаўга падпільнавалі, калі быў бяспечны, «ішоў да мыйніцы мыцца».
Надыйшоў зорны час Войшалка. Такое ўражанне, што ён толькі гэтага і чакаў, бо адразу на чале пінскай дружыны рушыў у Наваградак (адсюль і ўзнікла падазрэнне некаторых даследчыкаў наконт ягонай датычнасці да смерці Траняты).
Карная выправа
А што сам Наваградак? Дэталёвы аповед Галіцка-Валынскага летапісу не пакідае ні кроплі сумнення ў тым, што наваградцы былі кроўна зацікаўленыя ў новай дзяржаве і зрабілі ўсё, каб яе ўратаваць.
Дружына. Мастак Павал Татарнікаў
Наваградская дружына далучылася да Войшалка і разам з пінчукамі рушыла прыводзіць у пакору «балцкіх сепаратыстаў». Калі большая частка Літвы «з радасцю прыняла свайго гаспадыніча», то ў Дзяволтве і Нальшанах Войшалку давялося паваяваць, штурмаваць умацаваныя гарадзішчы: «гарады ж пабраў, а ворагаў сваіх пабіў». Справа пэўна была няпростай, бо спатрэбілася дапамога і ад галіцка-валынскіх князёў, іхнія войскі таксама бралі ўдзел у гэтай карнай выправе.
Наваградак. Помнік рыцару-абаронцу. Скульптар Генадзь Буралкін
Скончыўшы паход, Войшалк не марудзячы паслаў новае пасольства да інфлянцкага магістра, каб падзякаваць за падтрымку і паведаміць, што справа шчасліва завершаная і войска ў падмогу прысылаць не трэба. Досвед першага збліжэння з Інфлянцкім ордэнам яшчэ пры Міндаўгу паказаў, што саюз з рыцарамі дорага каштуе.
Ліквідацыя апазіцыі
Як славянскія, так і балцкія жыхары тагачаснай Літвы разумелі патрэбу моцнай дзяржавы дзеля абароны перад знешнімі пагрозамі і падтрымання парадку ў краіне. Але новая дзяржава будавалася не ў пустэчы, яна замяняла, а месцамі і ламала ранейшыя традыцыйныя племянныя структуры. А тыя мелі сваіх прыхільнікаў і абаронцаў найперш у асобах племянной арыстакратыі, жрацоў і іх родаў.
Не выпадкова Войшалк не супакоіўся нават пасля паспяховага паходу ў Нальшаны і Дзяволтву. Гэты князь-манах, які, паводле пазнейшага запісу ў ноўгарадскім летапісе, часова на тры гады скінуў манаскі строй, вёў змаганне супраць апазіцыі цалкам у стылі свайго часу, менавіта заняўся яе фізічнай ліквідацыяй. Як запісаў галіцка-валынскі летапісец: «Войшалк жа пачаў княжыць ва ўсёй (сваёй) зямлі Літоўскай, і пачаў ворагаў сваіх забіваць, пазабіваў іх незлічонае мноства, а іншыя разбегліся, хто куды бачыў...».
Забойца ягонага бацькі князь Даўмонт выехаў з усім родам у Пскоў, там хрысціўся, стаў князем Цімафеем і паспяхова ваяваў з ворагамі купецкай рэспублікі, у тым ліку са сваімі былымі суайчыннікамі.
На чале дзяржавы — дуумвірат праваслаўных князёў
Збройная дапамога Войшалку ад галіцка-валынскіх князёў таксама прыйшла не проста так, задарма. Яе вынікам стала яшчэ большая залежнасць Вялікага Княства Літоўскага ад Галіцка-Валынскай дзяржавы.
Галіцка-Валынскае княства
На чале Літвы ў 1264 г. сталі дзве асобы: побач з Войшалкам Міндаўгавічам Шварн Данілавіч — холмскі і бельзскі князь, малодшы сын вядомага галіцка-валынскага ўладара Данілы Раманавіча.
Так упершыню ў гісторыі Вялікім Княствам Літоўскім, краінай з мяшаным хрысціянска-язычніцкім насельніцтвам, пачаў кіраваць дуумвірат праваслаўных князёў.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Глядзіце яшчэ: