Княжацкая змова 1481 года: насуперак часу

Лета 1481 года ў Вялікім Княстве выдалася трывожным. Зусім нядаўна ў Кобрыне на вяселлі была схопленая групоўка высакародных князёў. Адкрылася жахлівая змова – яны збіраліся забіць вялікага князя Казіміра і яго дзяцей і ўчыніць пераварот.

У нашай гісторыі ёсць сюжэты, вартыя сапраўднай галівудскай экранізацыі – з заблытанымі і нечаканымі паваротамі, дзіўнымі лёсамі людзей, непрадказальнымі наступствамі для ўсёй краіны.

Змова супраць караля 1481 года якраз і ёсць такім найцікавейшым сюжэтам. Ход падзей, матывацыі ўдзельнікаў, развязка – усё вартае найлепшага сцэнару для тэатра і кіно.

У гісторыю эпоха праўлення Казіміра Ягайлавіча ўвайшла як эпоха спакою і стабільнага існавання без якіх-кольвек сур’ёзных узрушэнняў, а кіраваў ён дзяржавай без малога 50 гадоў. Ніхто з папярэднікаў не мог пахваліцца такім доўгім сядзеннем на вялікакняскім стальцы. Княства не ўдзельнічала ў вялікіх войнах.

Унутры краіны таксама адбываліся перамены. Баярства асаджвалася на сваіх землеўладаннях, ператвараючыся ў суцэльную праслойку шляхты. Стваралася новая эліта – яго найбліжэйшыя дарадцы ператвараліся ў “новую арыстакратыю”. У найважнейшых месах вялікі князь ставіць сваіх давераных асоб на высокія ўрады і пасады намеснікаў і ваяводаў.

І вось тут улады былі вымушаныя сутыкнуцца з незадаволенасцю старых княскіх родаў. Яны як ніхто маглі пахваліцца сваімі продкамі, прамымі повязямі з дынастыяй Гедымінавічаў, а цяпер, атрымліваецца, выкідваліся на ўзбочыну. Іх родавыя заслугі рабіліся неактуальнымі, а ўдзелы з іх шырачэзнай аўтаноміяй пераставалі разглядацца як паўнапраўная спадчына.

Так вырасталі парасткі незадаволенасці, супраціву і, нарэшце, дзяржаўнае змовы…

Тут асабліва паказальная біяграфія аднаго з галоўных ініцыятараў змовы – Міхайлы Алелькавіча. Яго дзед Уладзімір даводзіўся родным братам самому вялікаму князю Альгерду. Чым ён быў горшы па паходжанні за Казіміра, што сядзеў на троне ў Вільні і парушаў старыя парадкі і звычаі?

З даўніх часоў дзед, бацька і старэйшы брат Міхайлы Сямён сядзелі на Кіеўскім княстве. Калі апошні памёр у 1470 г., Міхайла Алелькавіч самавольна пакінуў Вялікі Ноўгарад, дзе быў намеснікам, і вярнуўся ў Кіеў, дзе меркаваў заняць належны яму княскі пасад. Але вялікі князь Казімір вырашыў па-свойму і даверыў намесніцтва ў Кіеве свайму фаварыту, літоўцу Марціну Гаштольду. Гэта быў не проста балючы ўдар па самалюбстве, а сапраўдны злом “даўніны”.

Вакол Міхайлы пачалі збірацца незадаволеныя князі. Сярод іх асабліва вылучаліся Фёдар Іванавіч Бельскі і Іван Юр’евіч Гальшанскі.

У планах апазіцыі было адарванне ад ВКЛ Кіева разам з усходнімі абласцямі ажно да ракі Бярэзіны і стварэння там самастойнай дзяржавы. Шукалася (як жа без гэтага!) і замежная падтрымка. Яна натуральным чынам знаходзілася ў Маскве. Цікава, што маці Міхайлы Алелькавіча Анастасія была дачкой маскоўскага князя Васіля І. Таму наладжванню кантактаў з Масквой дапамагалі і крэўныя сувязі.

Удар па Казіміру змоўшчыкі вырашылі нанесці на вяселлі Фёдара Бельскага, якое мусіла адбыцца ў Кобрыне. Аднак усё пайшло не па іх плане: Міхайла Алелькавіч і Іван Гальшанскі былі схопленыя вартай. Хто іх здаў вялікаму князю, засталося невядомым. Паспеўшы абвянчацца і пражыць першую шлюбную ноч, жаніх Бельскі здолеў вырвацца і ўцячы ў Маскву. У далейшым, як ён ні стараўся выцягнуць жонку, князёўну Ганну, да сябе, нічога не ўдалося. Стаціўшы надзею, у 1497 г. ён ажаніўся з дачкой разанскага князя…

30 жніўня 1481 года Алелькавічу і Гальшанскаму на цэнтральным пляцы ў Вільні пры ўсім народзе адсеклі галовы. У сур’ёзных гістарычных працах не сустрэнеш думкі, што гэтая жахлівая сцэна стала паваротным пунктам у гісторыі ВКЛ. Але гэта быў важны знак перамен: адсеклі галовы ўсёй княскай арыстакратыі, якая цяпер была вымушаная змірыцца са сваім звычайным месцам у шляхецкіх шэрагах.

Быў яшчэ адзін знак, не ўсвядомлены як след. Недарма змоўшчыкі глядзелі з надзеяй на Маскву, спадзеючыся адарваць беларускія і ўкраінскія землі ўлучна з Кіевам ажно да Бярэзіны. Да вайны з усходнім суседам заставалася нейкіх 11 гадоў, і, на жаль, Вялікае Княства на чале з недальнабачным Казімірам не патраціла гэты час на тое, каб здабыць сімпатыю князёў, якія мелі ўдзелы на ўсходняй мяжы і на якіх можна было абаперціся пры змаганні з ворагам…

 

Андрэй Янушкевіч