Партызанскаму руху часоў Другой сусветнай за гады незалежнасці Беларусі было прысвечана мноства артыкулаў у прэсе, навуковых працаў, літаратурных твораў, заснаваных на успамінах непасрэдных удзельнікаў тых падзей. І далёка не ўсё з гэтага масіву звестак укладваецца ў сённяшні ідэалагічны шаблон, вернуты з савецкага нябыту. «Салідарнасць» сцісла нагадвае пра моманты, якія замоўчвае альбо замятае ў цёмны кут прапаганда.
Кананічнае фота, прысвечанае беларускай партызанцы
Усенародны рух супраціву нямецкім акупантам у БССР не мае аналагаў у свеце, заявіў праўладны гісторык Вячаслаў Даніловіч у часе нядаўніх парламенцкіх чытанняў «Ад Брэсцкай крэпасці да Берліна: вытокі мужнасці і гераізму савецкага чалавека».
Паводле яго словаў, «з першых дзён германскай агрэсіі разгарнулася ўпартая барацьба партызан і падпольшчыкаў супраць захопнікаў».
Пры гэтым гісторык аперуе вядомымі з савецкіх часоў лічбамі, паводле якіх на акупаванай тэрыторыі СССР дзейнічала больш за мільён партызанаў, з якіх 374 тысячы прыпадала на савецкую Беларусь.
Прамова Даніловіча нібы сыйшла са старонак савецкай газеты, прысвечанай чарговай круглай даце перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Розніца хіба ў папулярнай сярод расійскіх (а цяпер ужо і лукашэнкаўскіх) прапагандыстаў характарыстыцы: «не мае аналагаў у свеце».
Вячаслаў Даніловіч агучыў добра вядомыя з савецкіх часоў лічбы, якія грунтуюцца на дадзеных, сабраных з некалькіх крыніцаў. Да пачатку 1944-га адпаведны ўлік вёўся Цэнтральным штабам партызанскага руху. Пазней статыстыкай займаўся ЦК КП(б)Б і падпарадкаваны яму Беларускі штаб партызанскага руху. Ёсць меркаванні, што гэта не канчатковыя лічбы, бо частка партызанскіх атрадаў і злучэнняў не мела сувязі з ЦШПР і яго паслядоўнікамі.
Польскі даследчык Богдан Мусял, аўтар кнігі «Савецкія партызаны, 1941-1944: Міфы і рэальнасць», агучвае куды больш сціплыя лічбы. Прычым, ягоная праца грунтуецца на савецкіх дакументах і архівах, якія захоўваюцца ў Беларусі, Расіі, Украіне, а таксама на дакументах з польскіх, нямецкіх і габрэйскіх архіваў.
Гісторык прыводзіць наступныя дадзеныя: на стане на 10 снежня 1943-га колькасць партызанскіх атрадаў на акупаванаў тэрыторыі СССР вырасла да 1106, у іх уваходзіла да 175 510 чалавек.
У Беларусі на той момант налічвалася 720 атрадаў колькасцю 123 420 чалавек, што складала 70,3% усіх савецкіх партызан.
— Ацэнкі колькасці савецкіх партызан (звыш 1 млн чалавек), якія існуюць у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі, з’яўляюцца, такім чынам, шматкроць завышанымі. У рэчаіснасці іх колькасць не перавышала 200 тысяч. Паводле захаваных статыстычных матэрыялаў, найбольшую частку з іх складалі беларусы (67,79%), рускіх налічвалася 21,31%, украінцаў — 4,63, габрэяў — 2,6%, — зрабіў выснову ў сваёй працы гісторык з Польшчы.
А гэта меркаванне расійскага ваеннага гісторыка Марка Салоніна, выказная ў каметары Радыё Свабода:
— Гісторык прывязаны да архіваў, і ўсё, што ён можа сказаць, базуецца на даступнасці тых ці іншых дакументаў. Гісторыя партызанскага руху — самая закрытая і засакрэчаная частка гісторыі вайны. Большая частка ўсіх фондаў, звязаных з партызанскім рухам, знаходзіцца ў структурах архіваў КДБ, МУС — туды немагчыма пранікнуць.
Пераважна яны выведзеныя за рамкі вайсковых архіваў. Таму цяжка знайсці больш заблытаную, пакрытую сістэматычнай хлуснёй частку гісторыі вайны, чым гісторыя партызанскага руху.
У гісторыі савецкага партызанскага руху прынята выдзяляць тры асноўныя этапы: ад моманту ўварвання гітлераўцаў у СССР, лістапад-снежань 1942-га, калі рух пачаў набіраць масавы характар, снежань 1943-ліпень 1944-га, заключны перыяд.
Дык вось, пафасныя словы праўладнага гісторыка пра ўпартую барацьбу з першых дзён даўно аспрэчаныя фактамі.
Першыя атрады партызанаў складаліся пераважна з міліцыянтаў, камуністычнага актыву і вайскоўцаў, што выйшлі з акружэння. Яны былі слаба арганізаваныя і матэрыяльна забяспечаныя. Па розных ацэнках, на акупаванай частцы СССР да канца 1941-га былі ліквідаваныя ад 50 да 100% такіх атрадаў.
Беларускі савецкі падпольны друк часоў Другой сусветнай вайны
Тут варта зрабіць заўвагу. СССР прыклаў нямала сілаў па падрыхтоўцы партызанскага руху на ўласнай тэрыторыі ў 1920-1930 гады. Былі закладзеныя адмысловыя базы, падрыхтаваныя кадры. І тут у справу ўмяшаўся Сталін. Вось што пра гэта піша гісторык Мусял:
— Да пачатку 1930-х гадоў Савецкі Саюз быў падрыхтаваны да вядзення партызанскай вайны на ўласнай тэрыторыі так добра, як ні адна іншая краіна ў свеце. Аднак, у 1937-1938 гадах гэтыя працы былі згорнутыя, партызанскія атрады расфарміраваныя, базы ліквідаваныя, сама ідэя своечасовай падрыхтоўкі да партызанскай вайны прызнана паражэнскай, многія асобы, якія прымалі ўдзел у гэтай працы, былі рэпрэсаваныя.
Як вынік, у 1941-м СССР да разгортвання партызанскай вайны ва ўмовах імклівага германскага наступу на ўсход аказаўся не гатовы.
У вышэйзгаданым каментары гісторык Марк Салонін зрабіў наступную выснову пра завяршальны этап развіцця партызанскага руху ў Беларусі:
— Рост колькасці быў галавакружны, і на гэтым этапе гэта ўжо не маглі быць толькі дыверсанты НКВД, бо ў НКВД не было столькі дыверсантаў. Гэта, вядома, быў народны партызанскі рух, бо асноўны касцяк складалі мясцовыя жыхары. Але спосабы, якімі іх пазвалі, заклікалі, загналі ў лес, — гэта асобная гісторыя, якую лепш не кранаць зусім, прынамсі, не маючы сур’ёзнай дакументальнай доказнай базы.
Тым не менш, спробы акрэсліць матывы, паводле якіх беларусы ішлі ў лясы, рабіліся неаднаразова. Асноўныя з іх выглядаюць цалкам лагічнымі. Гэта і прага помсты за забітых родных, за спаленыя вёскі. Хапала і тых, хто ішоў партызаніць з ідэйных меркаванняў.
Сярод матываў быў і страх пераследу з боку акупантаў — найперш гэта датычыла габрэяў, савецкіх службоўцаў, камуністаў, якія проста не мелі іншых варыянтаў уратавацца.
Хтосьці апынуўся перад прапановай, ад якой не змог адмовіцца — пэўная колькасць апынулася ў атрадах прымусова. Хтосьці мусіў выбіраць: ісці ў паліцыю, быць вывезеным на прымусовыя працы, ці пайсці ў партызаны.
А былі і тыя, хто зразумеў, што чалавеку са зброяй куды прасцей выжыць у лесе, чым бяззбройнаму ў вёсцы.
У 2006-м у перадачы «Беларусь на вайне» на Радыё Свабода навуковец, былы сябра Беларускага Саюзу Моладзі Янка Запруднік выказаў сумнеў, наколькі партызанскае змаганне было ўсенародным:
— Памяць пра бальшавіцкія зверствы і пра вывазы жыла ў народзе вельмі востра, і частка помслівасці, якая праяўлялася ў часе вайны, была абумоўлена 1930-мі гадамі, знішчэннем нацдэмаў, загонам сялянаў у калгас, раскулачваннем і таму падобным. Так што тут малюнак даволі складаны.
Парад партызанаў у Мінску, ліпень 1944 года
Яму запярэчыў пісьменнік і былы партызан Віталь Тарас:
— Тут таксама былі розныя людзі. Вось сям’я маёй жонкі была рэпрэсаваная, раскулачаная, а усе сыны і дочкі ваявалі з немцамі, партызанілі. Цесць мой, просты рабочы, адседзеў у турме з 1937-га па 1939-ты, цудам выскачыў. З верасня 1942-га году быў партызанам. У партыю гэтую ніколі не ўступаў, а тады лічыў, што трэба з немцамі біцца. Усё ж такі і ў простага чалавека быў выбар — альбо на баку д’ябла, альбо на сваім уласным баку, у імя сваёй уласнай абароны, уратавання свайго жыцця браць зброю і біцца з акупантам.
І Тарас, і Запруднік былі адзінадушнымі ў думцы, што гітлераўцы з першых дзён уварвання далі зразумець беларусам, з кім яны маюць справу. І гэта шмат у чым перадвызначыла масавасць і зацятасць партызанскай барацьбы на тэрыторыі тагачаснай Беларусі.