Конкурс часопіса “ПрайдзіСвет” для перакладнікаў

prajdzisviet4_sm

Часопіс “ПрайдзіСвет” запрашае ўсіх ахвотных да ўдзелу ў конкурсах перакладнікаў.

Першыя конкурсы прымеркаваныя да другога нумару часопіса, прысвечанага літаратуры мадэрнізму. Вашай увазе прапануецца 21 верш з чатырнаццаці моваў: ангельскай, гішпанскай, грэцкай, італьянскай, нідэрландскай, нямецкай, партугальскай, польскай, расійскай, сербскай, украінскай, французскай, чэшскай, шведскай. Найлепшыя пераклады будуць надрукаваныя ў другім нумары часопіса.

Пераклады можна альбо даслаць на адрас рэдакцыі: rada@prajdzisvet.org, альбо размясціць на нашым форуме, дзе для конкурсаў створаны адпаведны раздзел, а для кожнага верша – адпаведная тэма.

Варта адзначыць, што другі спосаб больш пажаданы, бо мае шэраг перавагаў: у такім выпадку ўдзельнікі конкурсаў змогуць пабачыць і абмеркаваць і пераклады іншых. Таксама гэта дасць магчымасць прадметна разгледзець ваш пераклад і дапрацаваць яго пры наяўнасці невялікіх хібаў. Для гэтага трэба толькі зарэгістравацца на форуме, націснуўшы на кнопку “Рэгістрацыя” на галоўнай старонцы форуму. У хуткім часе ваш уліковы запіс будзе актываваны адміністратарам, і вы атрымаеце доступ да ўсіх матэрыялаў форуму.

Калі ў спісе аўтараў вы не знойдзеце таго, каго вам хацелася б перакласці, альбо той мовы, з якой вы перакладаеце, вы можаце звярнуцца да рэдакцыі (зноў жа па пошце альбо на форуме). Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, і з вашага жадання змесцім конкурс па гэтай мове. Абмежаванне – рамкі мадэрнісцкай літаратуры.

Пераклады прымаюцца да 1 жніўня.

Спампаваць тэксты для перакладу можна ТУТ.